Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрсіі выбухаў у маскоўскім мэтро


Суразмоўцы Радыё Свабода выказваюць ацэнкі і першыя вэрсіі тэрактаў у маскоўскім мэтро.

Кіраўнік Маскоўскага навукова-тэхнічнага цэнтра выбуховай небясьпекі Адольф Мішуеў:

“Выбух на станцыі мэтро з пункту гледжаньня тэрарыстаў самы, я б сказаў, эфэктыўны спосаб. Ударная хваля не толькі ў вагоне прыводзіць да гібелі і раненьня людзей, адначасова яна так жа паражае людзей, якія стаяць на плятформе. Пры гэтым "раўнацэнныя" як выбух, зроблены ў вагоне, так і выбух на плятформе. У тым, і ў іншым выпадку страты практычна аднолькавыя. Пры гэтым зарады начыняюць рознымі мэталічнымі ўключэньнямі. Яны павялічваюць раненьні. Але толькі тыя, дзе прамое трапленьне. Таму што, напрыклад, у вагоне, дзе шмат народу, наяўнасьць гэтых уключэньняў бессэнсоўна, бо людзі, якія стаяць паблізу, прымаюць на сябе ўдар як самай ударнай хвалі выбуху, так і адначасова гэтых асколкаў”.

Прэзыдэнт інфармацыйна-дасьледчага цэнтру "Панарама" Уладзімер Прыбылоўскі:

“Ніякіх сумненьняў няма, што гаворка ідзе пра тэракт. Зараз пойдзе, вядома, варажба, будуць вэрсіі, што гэта паўночнакаўкаскія сэпаратысты, ісламісты ці спэцслужбы, якія чагосьці хочуць замуціць. Як ні сумна, абедзьве вэрсіі могуць мець права на існаваньне. Трэба яшчэ паглядзець, ці возьме хто-небудзь на сябе адказнасьць. Але гэта таксама нічога не даказвае: адказнасьць могуць узяць і тыя, хто сапраўды стаіць за выбухам, і тыя, хто хоча папіярыцца.

У нас менавіта гэтая форма тэрору, цалкам бессэнсоўная, накіраваная на мірных грамадзян, стала самай распаўсюджанай. Колькасьць ахвяр не толькі не спыняе забойцаў, менавіта на гэта ўсё і разьлічана – што з выбухамі дамоў, што з ранейшымі спробамі выбухаў тралейбусаў, а таксама зь вядомымі выпадкамі тэрактаў у мэтро”.

Дэпутат Дзяржаўнай думы, намесьнік старшыні камітэту па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар Ілюхін:

“Вядома, гэта трагічны выпадак. Вядома, трэба даваць сур'ёзную ацэнку, чаму гэта адбылося і як дапусьцілі спэцслужбы гэтыя выбухі, гэтыя ахвяры невінаватых асобаў. Я лічу, што паміж выбухамі ў Маскве і падзеямі на Паўночным Каўказе ёсьць прамая сувязь. У апошні час ФСБ разам з органамі ўнутраных спраў правялі на Паўночным Каўказе шэраг пасьпяховых апэрацый, падчас якіх былі зьнішчаныя некалькі кіраўнікоў гэтых банд. Я лічу, што як раз сёньня бандыты нам помсьцяць. Думаю, што гэта павінна быць асноўнай вэрсіяй.

Другі момант. Я лічу, што праваахоўная сыстэма некалькі расслабілася на фоне пасьпяховых гэтых апэрацый. Трэба было сапраўды пралічваць, чакаць рэакцыі ў адказ на тыя падзеі, якія адбываюцца на Паўночным Каўказе. І зноў, на жаль, выбухі ў мэтро пацьвердзілі, што наша сыстэма бясьпекі ў мэтро ўразьлівая. Як можна было пранесьці вялікую колькасьць выбухоўкі і адразу арганізаваць некалькі выбухаў? Спэцслужбы і кіраўніцтва мэтрапалітэна павінны яшчэ папрацаваць на гарантаваньне бясьпекі ў падземным транспарце”.

Прэзыдэнт Асацыяцыі вэтэранаў аддзелу антытэрору "Альфа" Сяргей Ганчароў:

“Па апошніх дадзеных, гэта - сплянаваны тэрарыстычны акт, які быў накіраваны супраць мірных людзей. Вялікая колькасьць ахвяр, на што, відавочна, і рабілі разьлік тэрарысты. Калі гаворка ідзе пра шахідак, то, як бы мы ні хацелі адкінуць гэтую вэрсію, усё ж будзе распрацоўвацца паўночнакаўскаскі сьлед. Многія зараз будуць казаць аб тым, ці можна было прадухіліць гэты тэракт? Любы супрацоўнік спэцслужбаў вам скажа, што для гэтага патрэбна сур'ёзная апэратыўная і агентурная работа. Гэта вельмі працаёмкі працэс. Павінны быць пашыраныя рамкі агентурнай працы менавіта на тэрыторыі Паўночнага Каўказу, чаго пакуль, на жаль, не адбываецца”.

Палітоляг, эксперт Маскоўскага Цэнтра Карнэгі Мікалай Пятроў:

“Адбылося вельмі трагічная падзея. Доўгі час нічога падобнага ў расейскіх гарадах не адбывалася, і магчыма, тое, што мы маем сёньня, гэта рэакцыя на рознага роду пераможныя рэляцыі нашых спэцслужб з нагоды ліквідацыі таго ці іншага эміра на Паўночным Каўказе. Мне здаецца, пакуль рана рабіць высновы адносна прычын і выканаўцаў, але, думаю, што з таго набору вэрсій, якія цяпер на слыху, найбольш рэалістычная – паўночнакаўказкая. Маштабы тэракту (трохкіляграмовыя бомбы, месца правядзеньня) паказвае на тое, што была праведзена сур'ёзная падрыхтоўка апэрацыі. Тэракты адбыліся ў гадзіну-пік, калі ў мэтрапалітэне былі мільёны людзей. Ахвяр шмат, але цуд, што не ўведзена ў стан каляпсу ўсё жыцьцё мээгаполісу, на што, відавочна, рабіўся разьлік.

Палітоляг Сяргей Маркэдонаў:

“Любая вэрсія павінна будавацца на строгай інфармацыйным падмурку. Так, можна было б сказаць, што гэта помста за ліквідацыю Саіда Бурацкага і Анзора Астэмірава. Але дзе дадзеныя? Без дадзеных гэта спэкуляцыі. Магчыма, гэта так, але пакуль за выбухі ніхто адказнасьць не ўзяў. У нас за апошнія 10 гадоў, на мой погляд, узровень аналітыкі вельмі зьнізіўся. Мы ўжо развагі ў абыватэльскім стылі выдаём за экспэртнае меркаваньне. Але патрэбныя ўсё ж такі фактычныя апорныя кропкі для таго, каб пра гэта судзіць.

Пакуль можна казаць, што злачынства сапраўды дзёрзкія, вялікая колькасьць ахвяр. Але тэзіс "гэта магло быць выгадна ісламісцкаму падпольлю" - не аргумэнт. Гэта шмат каму можа быць выгадна. Судзіць пра гэта трэба будзе тады, калі будзе нейкая інфармацыя”.

Намесьнік генэральнага дырэктара Цэнтра палітычных тэхналёгій Аляксей Макаркін:

“Гэта злачынства з відавочным рэлігійна-экстрэмісцкім сьледам. Ужо па першапачатковых паведамленьнях стала вядома, што злачынства зрабілі сьмяротнікі, па меншай меры, гэтая вэрсія з'яўляецца зараз асноўнай. Такі характар злачынствы паказвае на фанатыкаў-экстрэмістаў. Гэта вельмі блізка да таго, што было ў маскоўскім мэтро ў 2004 годзе. Гэта скаардынаваная акцыя для ўнясеньня роспачы, для дадатковага псыхалягічнага эфэкту. Гэта вельмі падобна на паўночнакаўказкі сьлед.

Такія злачынствы прадухіліць вельмі складана. У 2004 годзе за ўдзел у падобных злачынствах былі асуджаныя тры чалавекі, адзін з якіх быў рускім, якія прынялі іслам, а другі – дзяржаўным чыноўнікам, старэйшым дарадцам юстыцыі, цалкам салідным чалавекам. Ёсьць тыповы партрэт злачынцы, тэрарыста - маргінал з відавочна выяўленым паўночнакаўкаскім абліччам. Гэта дастаткова зманліва. За кошт актыўнай прапаганды тэрарысты і злачынцы далучаць да сваёй дзейнасьці самыя розныя фігуры. Таму супрацьстаяць ім – вельмі вялікая праблема, прычым праблема міжнароднага характару.

Я думаю, што гэта злачынства ўпісваецца ў шэраг іншых. Гэта падрыў "Неўскага экспрэса" ў мінулым годзе. Цалкам магчыма, гэта забойства сьвятара Данііла Сысоева, таксама зробленае летась. Зьвернем увагу: толькі што было знойдзеная зброя, з якой было зробленае гэтае злачынства – у чалавека, які аказаў супраціў міліцыі на Паўночным Каўказе. Гэта сьведчыць аб узмацненьні тэрарыстычнай актыўнасьці і аб тым, што тэрарыстычнай падпольле ачомалася ад тых удараў, якія былі па ім нанесеныя, калі былі зьнішчаныя і арыштаваныя многія яго актывісты. У іх маюцца кадры, у іх ёсьць магчымасьці рабіць такія злачынствы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG