Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адной вадзе схаваць зброю двойчы магчыма


26 сакавіка ў другой палове дня на працэсе па «падрыхтоўцы тэракту» быў дапытаны Віктар Маркуць, які ў справе лічыцца сьведкам па эпізодзе аб пакунку са зброяй.

Віктар Маркуць у 2006 годзе працаваў ў фірме Мікалая Аўтуховіча «Ніка-транс». Паводле ягоных паказаньняў, Уладзімер Асіпенка даручыў яму забраць у Аляксандра Ларына пакунак, у якім, як потым высьветлілася, была зброя. Пакунак Асіпенка нібыта загадаў «выкінуць ці схаваць». Пры гэтым Асіпенка нібыта «вельмі злаваў». Праз пэўны час Маркуць выкінуў пакунак у рэчку. Пазьней Віктара Маркуця затрымалі і падчас допыту ён назваў месца, дзе выкінуў пакунак, які забраў у Аляксандра Ларына. У справе ёсьць пратакол сьледчых дзеяньняў, пад назвай «праверка паказаньняў на месцы». Падчас гэтай праверкі пакунак дасталі з ракі і агледзелі. У пакунку аказаліся абрэз дробнакалібэрнай вінтоўкі, толавая шашка і электрадэтанатар і патроны.

Сёньня падчас допыту сьведка Віктар Макуць выклаў іншую вэрсію падзей. Аказваецца, яшчэ да праверкі на месцы на загад міліцыянтаў ён сам знайшоў пакунак у рэчцы і зноў кінуў яго у ваду бліжэй да берага. Потым Віктар Макуць пазваніў міліцыянтам. Калі супрацоўнікі міліцыі прыехалі, ён паказаў, дзе ляжыць пакунак і на іх вачах лёгка дастаў яго з ракі.

Выявілася і яшчэ адна нестыкоўка. На першым допыце Маркуць паказаў, што вага выкінутага ў раку пакунку «400 грамаў» — гэта вага дзьвюх толавых шашак. А калі пакет знайшлі, выявілася, што ён важыць, паводле сьведкі, «каля дзьвюх кіляграмаў».

«У паказаньнях сьведкі Макуця ёсьць істотныя супярэчнасьці. Удзельнікі працэсу дапытвалі гэтага сьведку тры гадзіны, бо гэта вельмі важна», — сказала «Свабодзе» адвакат Тамара Сідарэнка, якая абараняе Ўладзімера Асіпенку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG