Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка: “Мы зьбіралі кампрамат на міліцыянта Кацубу”


Пры вывучэньні эпізоду з падпалам у Ваўкавыску дома былога начальніка міліцыі высьветліліся факты, якія сьведчаць супраць сьледчых і мясцовых міліцыянтаў.

Упершыню на працэсе адзін са сьведак заявіў, што апэратыўныя супрацоўнікі зьбівалі яго і прымушалі агаварыць Мікалая Аўтуховіча. Жыхар Ваўкавыску Аляксандар Козел цяпер адбывае пакараньне за падпал у 2005 годзе дома былога начальніка Ваўкавыскай міліцыі Сяргея Кацубы. Сьведка заявіў у судзе, што ў 2006-м годзе падчас расьсьледаваньня той справы міліцыянты нібыта патрабавалі яд яго агаварыць Мікалая Аўтуховіча: казаць, што гэта ён замовіў падпал дома тагачаснага начальніка міліцыі. Імёнаў апэратыўнікаў, якія прымушалі агаварыць Аўтуховіча, Козел ня ведае. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін не пакінуў заяву сьведкі без увагі:

Судзьдзя Цяцюхін: «Што вас прымушалі сказаць? Падрабязьней распавядзіце».

Козел: «Каб даў паказаньні на Аўтуховіча. Што ён нібыта даў загад гэта зрабіць».

Судзьдзя Цяцюхін: «І вы пагадзіліся?»

Козел: «Так, пад ціскам».

Судзьдзя Цяцюхін: «Пад якім ціскам?»

Козел: «Білі. Рукамі і нагамі зьбівалі».

Судзьдзя Цяцюхін: «Кажаце, білі вас? Фізычнае ўзьдзеяньне было?»

Сьведка Аляксандар Козел паведаміў, што на працэсе паводле падпалу ў 2006 годзе ён тыя паказаньні не паўтарыў, а ўзяў цалкам на сябе віну за падпал дому міліцыянта Кацубы, хоць насамрэч зьдзяйсьняў злачынства разам са знаёмым — Юрыем Арцюкевічам. Пра Аўтуховіча сьведка зноў пацьвердзіў, што той да падпалу ня мае дачыненьня. Пры гэтым Козел прызнаў, што ўспрымаў свайго знаёмца Арцюкевіча як сваяка Мікалая Аўтуховіча і адзін раз бачыў, як той атрымаў ад яго 50 тысяч рублёў. Падчас допыту сьведкі Аляксандра Козела пракурорам Эльдарам Сафаравым стала вядома, што псыхалягічны ціск на сьведку адносна ролі Аўтуховіча паўтарыўся ў 2009 годзе:

Пракурор Сафараў: «Вас дапытвалі па гэтай справе?»

Козел: «Так».

Пракурор Сафараў: «І якія вы давалі паказаньні адносна Аўтуховіча?»

Козел: «Тыя самыя адносна Аўтуховіча. Бо на мяне таксама быў ціск».

Пракурор Сафараў: «Калі і ад каго?»

Козел: «Тады, падчас допыту. У 2009 годзе, у лютым».

Пракурор Сафараў: «Хто аказваў на вас псыхалягічны ціск?»

Козел: «Апэратыўнікі. Імён іх ня ведаю. Казалі, каб сказаў, што трэба. Каб не баяўся іх, бо яны ўсе атрымаюць вялікія тэрміны».

З паказаньняў сьведкі Аляксандра Козела таксама вынікала, што разам са сваім знаёмым Юрыем Арцюкевічам ён запісваў на відэакамэру падзеі вакол дома міліцыянта Кацубы. «Мы зьбіралі кампрамат на Кацубу. Былі зьвесткі, што ён прывозіць арыштантаў для працы на сваім катэджы», — паведаміў Аляксандар Козел. Гэтыя зьвесткі ён нібыта атрымаў ад Юрыя Арцюкевіча. Чыёй відэакамэрай карыстаўся беспрацоўны Юры Арцюкевіч, Аляксандар Козел ня ведае. Пракурор Эльдар Сафараў некалькі разоў пытаўся ў сьведкі, якім ягоным паказаньням варта верыць: былым ці сёньняшнім?

Вось як у перапынку пракамэнтавала паказаньні сьведкі праваабаронца Людміла Гразнова:

«Мяркую, цяпер ён кажа праўду, а тады, калі агаворваў Аўтуховіча, ён быў пад ціскам, яго білі. Нават ня гледзячы на ягоны твар, са сьпіны, адчуваючы паводле ягоных паводзінаў, як ён кажа, разумееш, як можна зламаць чалавека, у якога памерла маці і ён у 17 гадоў патрапіў у пераплёт. А чаму сёньня ён не баіцца? Стаў дарослым і, магчыма, разумее, зь якой сыстэмай сутыкнуўся».

Працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным ідзе ў Вярхоўным судзе з 10 сакавіка, з 16 сакавіка працэс ідзе кожны дзень. Ніхто з абвінавачаных, акрамя Ларына, вінаватым сябе не прызнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG