Капібара – самы вялікі грызун у сьвеце. Ён вельмі распаўсюджаны ў Лацінскай Амэрыцы, ягонае мяса ўжываюць у ежу.
Але “зьесьці” сайт “Біпалярная капібара” ўладам пакуль не атрымліваецца. Рэжым Чавэса ўзмацняе ціск на мэдыі, ў гэтым месяцы ўлады зачынілі тэлеканал RCTV, які дазваляў сабе крытыкаваць прэзыдэнта, таксама былі ануляваныя ліцэнзіі ў 34 радыёстанцый па ўсёй краіне. Іншыя электронныя мэдыі атрымалі загад трансьляваць шматлікія і працяглыя прамовы прэзыдэнта.
Прэзыдэнт – галоўны герой і сюжэтаў “Біпалярнай капібары”, аднак гэта не дастаўляе задавальненьня Чавэсу. “Чавэс – майстра камунікацыі і прыроджаны комік, які не разумее, які ён сьмешны” – гаворыць Хуан Андрэас Равэль, адзін з трох уладальнікаў “Капібары”.
Ад сайту дастаецца ўсім – ня толькі самому Чавэсу, але і ягоным паплечнікам, а таксама апазыцыянэрам і замежным палітыкам.
Адным з самых папулярных сюжэтаў сайту стаў пяціхвілінны ролік“Прэзыдэнцкая выспа”пра тое, як лідэры гішпанамоўных краінаў патрапілі на бязьлюдную выспу.
У стужцы Чавэс і ягоны балівійскі калега Эво Маралес ядуць лысага амэрыканскага арла, аргентынская прэзыдэнтка Крысьціна Кіршнэр спакушае бразыльскага кіраўніка Да Сільву, а гішпанскі кароль Хуан Карлас раняе ў мора свае сківіцы. На You tube гэты ролік паглядзела 450 тысяч чалавек.
Аднак “Капібара” сьмяецца ня толькі з ўлады, але і зь яе апанэнтаў, дастаецца, ў прыватнасьці, студэнцкаму руху, актывісты якога, паводле сайту, больш любяць піць піва на беразе акіяна, чым удзельнічаць у акцыях пратэсту.
Ня раз аб’ектам крытыкі “Капібары” рабіўся нават бацька аднаго са стваральнікаў сайту Альбэрт Фрэдэрыка Равэль – жорсткі крытык рэжыму Чавэса і мэдыя- дзеяч.
“Ад нашых кпінаў не застрахаваны ніхто, нават мы самі” – кажа іншы стваральнік сайту Асвальда Гразіяні. “Наш дэвіз – кажа ён – аднабаковыя, неправераныя навіны ад грызуна з псыхічнымі праблемамі”.
"Капібара" напісала і пра Аляксандра Лукашэнку, праўда рэдактар прызнаўся, што "першапачатковым намерам гэтай нататкі было асьвятліць прыезд прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, напісаўшы дурнаватыя жарты наконт ягонай прычоскі і глупстваў, якія верагодна скажа госьцю прэзыдэнт Чавэс. Але паглядзеўшы на гэтае фота, я спалохаўся, у мяне зьнікла жаданьне кпіць ці жартаваць наконт Лукашэнкі паколькі ён сапраўды страшна выглядае".
Аглядальнік дзяржаўнага тэлебачаньня назваў “Капібару” “антыўрадавай бандай наркаманаў”. “Дзякуй за рэкляму” – адказаў Хуан Андрэас Равэль.
Нядаўна ўлады блякавалі апазыцыйны сайт, які распаўсюдзіў несапраўдную інфармацыю пра забойства аднаго з міністраў ураду Чавэса. Гэты эпізод стаў нагодай для наступу на ўсе незалежныя інтэрнэт-мэдыі краіны. Чыноўнікі заяўляюць, што да вэб-сайтаў павінна ўжывацца такое ж рэгуляваньне, як і адносна радыё- і тэлевяшчаньня.
Раздражненьне ўладаў выклікаюць таксама сацыяльныя сеткі, такія як Twiter і Facebook. Празь іх распаўсюджваецца рэкляма незалежных выданьняў, такіх як “Капібара”. Прэзыдэнт Чавэс заклікаў сваіх суайчыньнікаў не карыстацца сацыяльнымі сеткамі.
Аднак нягледзячы на ціск і перашкоды “Біпалярная капібара” працягвае выходзіць у інтэрнэце. “Сатыра заўсёды супраціўляецца спробам падавіць яе” – гаворыць адзін са стваральнікаў сайту Хуан Андрэас Равэль, піша “The New York Times”.