Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў рэформу сыстэмы аховы здароўя


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША невялікай большасьцю прагаласавала за рэформу сыстэмы аховы здароўя, прапанаваную прэзыдэнтам Баракам Абамам. У адпаведнасьці з рэформай мэдычнае страхаваньне будзе распаўсюджанае на 32 мільёна амэрыканцаў, якія ня маюць страховак.


219 – за, 212 – супраць. З такім лікам палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла ўчора закон аб рэформе сыстэмы аховы здароўя. Гэтая рэформа, прапанаваная прэзыдэнтам Абамам, распаўсюдзіць мэдычнае страхаваньне на 32 мільёны амэрыканцаў, якія дагэтуль ня мелі мэдычных страховак. Гэта самая маштабная рэформа ў сыстэме аховы здароўя ў ЗША з таго часу, як ў 1960 годзе была створаная сыстэма Medicare, якая прадугледжвае бюджэтнае фінансаваньне мэдычнага абслугоўваньня асобаў, старэйшых за 65 гадоў.

У нас ёсьць маральны абавязак сёньня ўвечары, каб зрабіць мэдычнае абслугоўваньне правам, а не прывілеям. Ёсьць людзі, якія заклікаюць нас пачаць усё спачатку. Ёсьць людзі, якія заклікаюць нас пачакаць, быць цярплівымі. Мы ня можам чакаць
Учорашняму галасаваньню папярэднічала палкая дыскусія ў Кангрэсе і ў грамадзтве. Жарсьці не сьціхалі і ў дзень галасаваньня. Тысячы людзей мітынгавалі каля кангрэсу, пратэстуючы супраць прыняцьця закону – па-ангельскі біллу, прапанаванага прэзыдэнтам Абамам. Маніфэстанты скандавалі лёзунг – Kill Bill (забіць законапраект), яны асьвісталі сьпікера палаты Нэнсі Пэлосі, аплявалі кангрэсмэну Эмануіла Клівэра, заканадаўцы гей Барні Фрэнк і афраамэрыканец Джон Льюіс пачулі на свой адрас сэксуальныя і расісцкія зьнявагі.

І прыхільнікі, і праціўнікі рэформы ўпэўненыя ў сваёй рацыі. Кангрэсмэн-рэспубліканец Джэф Дэвіс сказаў:

"Сёньня маё сэрца поўнае горам. Гэтае галасаваньне вызначыць, што наканавана Амэрыцы ў будучыні: ўзмацненьне падатковага цяжару, нармаваная дапамогу, панаваньне бюракратыі. Дэмакраты сёньня ігнаруюць волю народу, ведучы яго шляхам да сацыялізму".

А вось словы заканадаўцы ад дэмакратычнай партыі Джона Льюіса

"У нас ёсьць маральны абавязак сёньня ўвечары, каб зрабіць мэдычнае абслугоўваньне правам, а не прывілеям. Ёсьць людзі, якія заклікаюць нас пачаць усё спачатку. Ёсьць людзі, якія заклікаюць нас пачакаць, быць цярплівымі. Мы ня можам чакаць. Мы ня можам быць цярплівымі. Амэрыканскаму народу патрэбная ахова здароўя, ён мае патрэбу ў ім".

Рэспубліканская меншасьць галасавала супраць законапраекту ў поўным складзе. Але не было адзінства і сярод дэмакратаў. У апошні момант прэзыдэнт Абама пайшоў на саступку кансэрватыўным дэмакратам. Ён зьяўляецца прыхільнікам права на аборт, аднак саступаючы сваім кансэрватыўным аднапартыйцам, заявіў, што сёньня падпіша ўказ, якім забараняецца выкарыстоўваць для фінансаваньня праграмаў перарываньня цяжарнасьці сродкі фэдэральнага бюджэту. Нягледзячы на гэта 34 кангрэсмэны-дэмакраты прагаласавалі супраць законапраекту, аднак галасоў “за” хапіла для яго ўхвалы.

Рэалізацыя новай сыстэмы аховы здароўя будзе каштаваць 940 мільярдаў даляраў на працягу 10 гадоў. Аднак паводле падлікаў бюджэтнага камітэту Кангрэсу за кошт рацыяналізацыі выдаткаў фэдэральнага бюджэту на ахову здароўя, што таксама прадугледжанае законам, у цэлым новая праграма прынясе эканомію – скарачэньне дэфіцыту фэдэральнага бюджэту на 130 мільярдаў на працягу 10 гадоў.

Прэзыдэнт Абама вызначаў рэформу аховы здароўя, як адзін з галоўных прыярытэтаў сваёй палітыкі. Ён ацаніў учорашняе рашэньне Палаты прадстаўнікоў наступным чынам.


Абама: У рэшце гэты дзень паклаў яшчэ адзін камень у падмурак амэрыканскай мары. Сёньня мы адказалі на выклік гісторыі, як шмат пакаленьняў да нас. Калі мы сутыкаліся з крызысам, мы не ўхіляліся ад выкліку, мы прымалі яго і пераадольвалі крызыс. Мы не пазьбягалі адказнасьці. Мы не баяліся нашай будучыні, мы фармавалі яе. Дзякуй. Бог дабраславіць вас. І хай Гасподзь дабраславіць Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG