Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: маёмасьці на Канарах не правераць


З 16-га сакавіка пачынаецца новы этап кампаніі абраньня дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі – рэгістрацыя патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі маюць дзесяць дзён на праверку дакумэнтаў і рэгістрацыю кандыдатаў.


Чакаць, што ўжо сёньня стануць вядомыя імёны першых афіцыйна зарэгістраваных прэтэндэнтаў на мандаты дэпутатаў, хутчэй, не выпадае. Хаця некаторыя кандыдаты падалі неабходныя дакумэнты яшчэ ў лютым. Па-першае, камісіям трэба праверыць дэклярацыі аб прыбытках і сапраўднасьць подпісаў выбарцаў. Па-другое, Цэнтравыбаркам рэкамэндаваў праводзіць рэгістрацыю ўсіх кандыдатаў у адной акрузе адначасова. Гэта робіцца дзеля таго, каб нехта не пачынаў агітацыйнай кампаніі раней, а нехта – пазьней.

Адна з адметнасьцяў гэтых выбараў беспасярэдне зьвязаная зь фінансавымі дакумэнтамі. Раней не было прапісана ніякіх крытэраў, па якіх адны парушэньні можна лічыць значнымі, а іншыя – нязначнымі. Кожная акруговая камісія вырашала гэта сама. Таму й былі выпадкі, калі, напрыклад, з-за некалькіх тысяч, якія ня трапілі ў дэклярацыю, адных кандыдатаў здымалі з выбарчай гонкі. А другіх – за большыя сумы – дапускалі.

Гэтым разам такога больш ня будзе, сказала “Свабодзе” старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна адзначае, што цяпер ня будзе значнай памылкі, калі кандыдат у дэпутаты недакладна пакажа, напрыклад, агульную плошчу сваёй кватэры:
Шчыра кажучы, цяпер быць бедным ужо нявыгадна...


“Шчыра кажучы, цяпер быць бедным ужо нявыгадна. І я думаю, што ўжо хутка мы будзем сустракацца зь “несапраўднасьцю наадварот” – калі зьвесткі пра маёмасьць будуць завышацца. Пачнуць пісаць пра маёмасьць на Канарах або на Кіпры. А мы ня зможам гэтага праверыць”.

Алена Скрыган – сакратар ЦК партыі левых “Справядлівы сьвет” – мае беспасярэдні досьвед вырашэньня спрэчных сытуацыяў. Падчас дзьвюх выбарчых кампаніяў яна выконвала функцыі сябры ЦВК з правам дарадчага голасу ад сваёй партыі. Спадарыня Скрыган лічыць: з такім рашэньнем Цэнтравыбаркам спазьніўся:
На апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў адмоваў кандыдатам з-за дэклярацыяў амаль не было...


“Калі спачатку былі ўведзеныя гэтыя дэклярацыі, то памылкі былі. Людзі памыляліся, бо нядобра ведалі, як іх запаўняць. Але на апошніх выбарах, пасьля таго як празь Вярхоўны суд прайшлі справы, памылак амаль не было. Суд вызначыў, што матацыклы, якія даўно разабралі на часткі, не зьяўляюцца транспартным сродкам, як лічыў Цэнтравыбаркам. І на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе адмоваў кандыдатам з-за дэклярацыяў амаль не было”.

Дарэчы, новае правіла не распаўсюджваецца на прэзыдэнцкія выбары, – адзначае Лідзія Ярмошына:

“Падчас выбараў прэзыдэнта мы ня будзем прымаць такой пастановы. Таму што Цэнтральная камісія, якая рэгіструе кожнага кандыдата ў прэзыдэнты, сама будзе вызначаць, што лічыць значным, а што нязначным. Па кожнай пэрсаналіі – асобна”.

Пачынаць сваю агітацыйную кампанію кандыдат у дэпутаты можа толькі пасьля ягонай афіцыйнай рэгістрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG