Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 15 сакавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.




ПАХМУРНА, СЬНЕГ...


Ад сямі марозу да нуля.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Генэральны сакратар АБСЭ пасол Марк Пэрэн дэ Брышамбо мае выступіць перад студэнтамі і выкладчыкамі БДУ зь лекцыяй на тэму "АБСЭ ў кантэксьце сучасных выклікаў рэгіянальнай бясьпецы" (Менск, будынак рэктарату, вул. Бабруйская, 5а, заля паседжаньняў Вучонай рады БДУ, 12.00).

У офісе Партыі БНФ адбудзецца круглы стол на тэму "Датрыманьне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь" (Менск, пр.Машэрава, 8, 11.00).

Чарговы этап III Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі - у менскай сядзібе ТБМ (Румянцава, 13, 18.00).

Прэзэнтацыя зборніка ляўрэатаў конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана "Сьвятая праўда ды іншыя казкі" (Менск, кавярня "Лісіная нара", вул. Каліноўскага, 32, 19.00).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


Брытанскі прынц Чарлз з жонкаю Камілай пачне трохдзённы візыт у Польшчу. Апрача сустрэч з кіраўнікаму Польшчы, брытанскіх гасьцей чакае паездка ў Белавескую пушчу.

У Нью-Ёрку адбудзецца 25-я цырымонія ўвядзеньня ў Залю славы рок-н-ролу. У Залю будуць уключаныя гурты "ABBA", "Genesis", "The Hollies", "The Stooges", а таксама музыкант Джымі Кліф.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Міжнародны дзень абароны правоў спажыўцоў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


15 сакавіка 1994 году была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь - першая канстытуцыя незалежнай Беларусі. Падпісаў яе тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя ўводзіла ў краіне пасаду прэзыдэнта, але не давала гарантыяў абароны ад аўтарытарнае ці дыктатарскае мадэлі ўлады.

15 сакавіка 44 году да нараджэньня Хрыста пакінуў гэты сьвет рымскі дыктатар і вайскаводзец Гай Юлі Цэзар. Яшчэ ў юнацтве Цэзар пастанавіў стаць палітыкам. Ён прагнуў зьмяніць навакольны сьвет і тагачасны Рым. Гэта ён перайшоў Рубікон у часе паходу супраць барбараў і адкрыта проціпаставіў сябе ўладам тагачаснага Рыму. Цэзара шанавалі за ягоны розум, мужнасьць і прамоўніцкія здольнасьці. Гэта яму належыць выказваньне: "Прыйшоў, убачыў, перамог". Стаўшы рымскім імпэратарам, Цэзар мог нарэшце заняцца рэформамі, але неўзабаве быў забіты ў выніку змовы сэнатараў. У той змове браў удзел і няродны сын Цэзара Брут. Сэнатары дамовіліся, што кожны зь іх ударыць імпэратара нажом, каб падзяліць адказнасьць за забойства. Калі яны абкружылі Цэзара, ён нават не супраціўляўся. І толькі пабачыўшы сына, які замахнуўся кінжалам, дакорліва прамовіў "І ты, Брут..."

15 сакавіка 1410 году крыжацкія палкі напалі на Ваўкавыск. Акурат была вербная нядзеля, і таму крыжацкі напад выглядаў блюзьнерствам. Мэтаю нападу, як піша гісторык Кастусь Тарасаў, было забойства князя Вітаўта, які меўся быць у Ваўкавыску на сьвята. Крыжакі хацелі такім чынам разбурыць вайсковы саюз Польшчы і ВКЛ.

15 сакавіка 1868 году ў Менску нарадзіўся Яўген Ляцкі, гісторык літаратуры, зьбіральнік фальклёру. Скончыўшы Маскоўскі ўнівэрсытэт, Ляцкі падарожнічаў па Беларусі і Літве ў пошуку этнаграфічных матэрыялаў. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі 1917 году перабраўся ў Прагу і там у Карлавым унівэрсытэце загадваў катэдрай расейскай мовы і літаратуры. З-пад пяра вучонага выйшлі працы "Ўяўленьні беларуса пра нячыстую сілу", "Нататкі зь беларусазнаўства" і артыкул пра творчасьць Якуба Коласа, а таксама капітальныя "Матэрыялы для вывучэньня творчасьці і быту беларусаў".

Таксама 15 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі пісьменьнік Андрэй Мрый і фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Жарэс Алфераў, які нарадзіўся ў Віцебску.

МІНУС 365:


Год таму на сайце "Свабоды": "Анжаліка Борыс - зноў старшыня Саюзу палякаў".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Людзі зазвычай схільныя верыць у тое, у што яны хочуць верыць", - Гай Юлі Цэзар.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG