Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: КДБ паставіла апазыцыянэра “на ўлік”


Мікалай Расюк
Мікалай Расюк

Адміністрацыя магілёўскага будаўнічага трэсту № 17 заявіла, што ня будзе падаўжаць працоўны кантракт з работнікам прадпрыемства, актывістам Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалаем Расюком.

Адначасова КДБ паставіла яго “на ўлік”. Актывіст лічыць, што прычыны непадаўжэньня кантракту і перасьледу — палітычныя.

У трэсьце Мікалай Расюк адпрацаваў сем гадоў электрыкам. Летась у траўні, калі ён аспрэчваў рашэньне аб пераводзе яго з Магілёва на аб’ект у Чавускі раён, прадстаўнікі адміністрацыі на судзе называлі яго найлепшым спэцыялістам будаўнічай управы № 129 трэсту.

“Учора мне было ўручана паведамленьне аб спыненьні са мной кантракту на падставе таго, што ён сканчаецца 5 сакавіка. Ім не патрэбны чалавек, які выносіць сьмецьце з хаты. Наймальніку не падабаецца, што парушэньні правоў чалавека, працоўных агучваюцца ў сродках масавай інфармацыі”, — зазначае Мікалай Расюк.

Мікалаю Расюку засталося пяць з паловай гадоў да пэнсіі. Ён удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У аддзеле кадраў прадпрыемства пацьвердзілі, што падаўжаць з Расюком працоўных адносінаў не зьбіраюцца. Назваць жа прычыну адмовіліся.

“Я вам нічога тлумачыць не зьбіраюся. І прыпынім на гэтым нашую размову”, — заявіла супрацоўніца аддзелу.

Абвастрэньне канфлікту Мікалая Расюка з кіраўніцтвам адбылося ў лістападзе 2008 году. 28 лістапада брыгада, у якой ён тады працаваў, адмовілася выходзіць з абеду на працу, патрабуючы выплаціць затрыманы заробак. Кіраўніцтва трэсту ў арганізацыі страйку зьвінаваціла Мікалая Расюка. Празь месяц яго перавялі з Магілёва на аб’ект у Чавускі раён на будоўлю фэрмы. Спробы абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе не далі плёну. Пасьля страйку заробак працоўным усё ж выплацілі.

Непадаўжэньне кантракту — не адзіная ўчорашняя непрыемнасьць для Мікалая Расюка. Паводле яго самога, учора ў кабінэце галоўнага інжынэра трэсту яго дапыталі трое супрацоўнікаў камітэту дзяржбясьпекі. На гутарку Расюка запрасілі з аддзелу кадраў, нібыта каб пагаварыць пра падаўжэньне кантракту:

“Пасьведчаньне мне паказаў толькі адзін — гэта старшы лейтэнант Махуноў Андрэй Алегавіч. Ён сказаў, што трэба пагутарыць пра мае неправамерныя паводзіны. Яны паказалі раздрукоўкі інтэрвію з Радыё Свабода і другіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Мне выдалі паперу пра пастаноўку мяне на ўлік менавіта ў КДБ”.

На супрацоўнікаў КДБ Мікалай Расюк зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру. Ён адзначае, што іх візыт адбыўся акурат пасьля ўтварэньня Камітэту грамадзянскага кантролю, у якім ён адзін з заснавальнікаў. Камітэт будзе займаецца пытаньнямі карупцыі й парушэньня выбарчага заканадаўства. Сам Расюк зьбіраецца змагацца за дэпутацтва ў Магілёўскім гарсавеце па той жа акрузе, што й генэральны дырэктар будаўнічага трэсту № 17. Дагэтуль усе ягоныя спробы стаць дэпутатам былі няўдалымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG