Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, гэта такі стыль яднаньня – лупцаваць сваіх, каб чужыя баяліся?”


Нафтавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй, перасьлед уладамі апазыцыйных актывістаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Беларусь і Расея не дасягнулі дамоўленасьці ў пытаньні пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. Перамовы ўрадавых дэлегацый завяршыліся безвынікова, дата аднаўленьня перамоўнага працэсу ня вызначаная. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Добры дзень, “Свабода”! Што гэта за саюз такі з Расеяй? Кожны новы год распачынаюцца ўсё новыя міжусобныя войны з усялякай браханінай адзін на аднаго. Вось і цяпер з Мытнага саюзу атрымаўся нейкі мутны гандаль, не братэрскі. А можа, гэта такі стыль яднаньня? Лупцуюць сваіх, каб чужыя баяліся.У такім выпадку ўся гэтая валтузьня заслугоўвае наступнага:

Нафтапром нам — маць радная,
газапром — ацец радной.
Нахрана радня такая,
лучшэ буду сіратой!”

Андрэй, Салігорск: “Вітаю, “Свабода!” Ура! Пуцін зрабіў вельмі слушна, толькі шкада, што са спазьненьнем у 10 гадоў. Трэба было раней, каб не карміць гэтую зграю чыноўнікаў і тых, якія зьбіваюць людзей на плошчах. Бо ад гэтай таннай нафты, якую Расея пастаўляе, для народа няма ніякай дапамогі, толькі для ўтрыманьня яго службы. Ахоўнікі і вэртыкальшчыкі — адны яны карыстаюць з гэтага дабра”.

Спадар:
“У мяне пытаньне да нашых эканамістаў. Беларусі, пэўна, у гэтай нафтавай вайне вышэй за галаву ня скокнеш. Прыняты бюджэт, і лічу, што ўсе адлічэньні ад нафтапрадуктаў у Эўропу ўжо закладзены ў бюджэт, больш за 10 адсоткаў гэтага бюджэту. А ў нас прыкладна 10 адсоткаў бюджэту ідуць на пэнсійнае забесьпячэньне грамадзян. У сувязі з гэтым, можа, варта перагледзець будзе бюджэт Беларусі на гэты год?”

На пытаньне адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Так, пераглядаць варта ня толькі бюджэт, але і інвэстыцыйную палітыку, грашовую палітыку. Бо такі ўпор, які зрабіў урад, каб атрымліваць грошы з расейскага боку за нафту і газ, ён ня спраўдзіўся. І ў рэшце рэшт неабходна распачаць лібэралізацыю эканомікі, бо вечна сядзець на расейскай энэргетычнай іголцы нам нязручна, калі мы хочам стаць незалежнай краінай”.

Сябру Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргею Каваленку, якога затрымалі ў Віцебску за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга, паводле распачатай крымінальнай справы пагражае да шасьці гадоў турмы. Суд у Наваградку пакараў сябра аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Юрася Казака штрафам 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў за абліты фарбай помнік Леніну. Выказваньні слухачоў на гэтыя тэмы:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Юры Казак абліў фарбай помнік Леніну, Сяргей Каваленка павесіў на елку нацыянальны сьцяг. Штраф Казаку ў 10 разоў большы, чым сярэдні заробак па краіне. Артыкул, які прадугледжвае пазбаўленьне волі на 6 гадоў Сяргею Каваленку, таксама вельмі цікавы. Сябры, пра Эўропу нам трэба забыць назаўсёды”.

Валер Курневіч, Барысаў: “Былыя вайсковыя пабудовы пад Менскам лініяй Сталіна завуць. Няхай улады туды і былыя помнікі Леніну вязуць”.

Спадар: “Страшнае гора народам прынесьлі ў ХХ стагодзьдзі Ленін, Гітлер, Сталін. Маладым людзям, якія сёньня асуджаюць іх злачынствы, даць не турэмныя краты, штрафы, а свабоду! Жыве родная Беларусь!”

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG