Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бяз хабару цяпер нічога не даб’есься”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 6 студзеня 2010 году

Наша пошта апошняга тыдня — пераважна сьвяточная, калядна-навагодняя. У ёй шмат маляўнічых паштовак зь цёплымі віншаваньнямі і сардэчнымі пажаданьнямі. Мы шчыра ўдзячныя ўсім сваім слухачам, якія ў гэтыя сьветлыя дні нагадалі пра сябе як пра даўніх і адданых сяброў Беларускай Свабоды.

7-га студзеня праваслаўныя вернікі сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова. У гэты час, на Каляды, многія хрысьціяне на заклік царквы і ўласнага сумленьня задумваюцца пра лёс тых, каму цяжка, хто мае патрэбу ў самым неабходным. З аднаго ліста на гэту. тэму пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша наш слухач Фёдар Гнябко зь Віцебску:

“Хрысьціянскі закон нас вучыць любіць Бога ўсім сэрцам сваім і ўсім разуменьнем сваім. І любіць блізкага свайго, як самога сябе. Але дзе яна, такая любоў? Вось набудавана і будуецца ў нас мноства розных храмаў. Але пры ніводным зь іх няма памяшканьня, прадугледжанага дзеля таго, каб хоць гарбатай якой абагрэць беспрытульных. Ня кажучы ўжо пра іншае. Гэтых бяздомных валацугаў, у якіх, апроч торбы, нічога няма, вельмі шмат паўсюль. Але ці знойдзецца ў нашай Беларусі, хоць бы ў абласных цэнтрах — для іх якая начлежка? Катоў, сабак любім, а людзей — не. У час, калі сьвяткуем Раство Хрыстова, назіраць гэта асабліва балюча...”.

Думаю, спадар Фёдар, вашы заўвагі не зусім слушныя. У вельмі многіх храмах — і каталіцкіх, і праваслаўных — абяздоленыя людзі могуць знайсьці і кавалак хлеба, і дапамогу, і падтрымку. Ведаю, як шмат у гэтай справе робіць, да прыкладу, сусьветная дабрачынная арганізацыя “Карытас” (“карытас” на лаціне — міласэрнасьць, ахвярная любоў). Так, у Горадні “Карытас” фінансуе кухню для бедных, якую заснавалі сёстры-назарэтанкі пры касьцёле брыгітак. Туды прыходзяць бяздомныя, бедныя пэнсіянэры і самотныя людзі. На абед (гарачы суп і хлеб) зьбіраюцца ад 80 да 130 чалавек у дзень, а на вячэру (хлеб з маргарынам) — да 200. А побач з офісам “Карытас” — месца, дзе валянтэры прымаюць і раздаюць гуманітарную дапамогу: прадукты харчаваньня, вопратку, сродкі гігіены. Дапамога паступае з розных крыніц, але ў асноўным з-за мяжы. Хоць валянтэры з радасьцю прынялі б і рэчы ад мясцовых людзей.

Зрэшты, у розных месцах дапамагаюць пакрыўджаным ды абяздоленым па-рознаму. Вось пра які выпадак з гуманітарнай дапамогай распавёў у сваім новым лісьце наш слухач зь Віцебску інвалід Аляксандар Яцкевіч. Ён піша:

“Тэлефануюць мне перад сьвятам з суполкі гарадзкіх калек: “Прыяжджайце па падарунак — вы ў нас абутак прасілі”. Прыехаў, думаю: “Абуюся “на халяву”. А мне і кажуць: “Вы сорак другі памер прасілі, а ў нас толькі сорак чацьверты застаўся...” А потым (нельга было не заўважыць) вельмі шкадавалі і тое, што далі. І гэтак прасілі, каб, барані Бог, нічога благога не сказаў пра нашу дзяржаву ды прэзыдэнта.

Прычым, я так думаю, абутак гэты хтосьці насіў да мяне. Яму надакучыла, памяняў на новы. А потым: “На табе, Божа, што нікому ня гожа...” Сьмех дый годзе. Як тут не нагадаць радкі з аднае маёй песьні:

Падару я міністру штаны,
Што працёрліся паміж нагамі.
Колькі год мы жывем без вайны,
А ўсё голымі сьвецім задамі...”
.

Ня думаю, спадар Яцкевіч, што варта папракаць ці дакараць тых людзей, якія ахвяруюць у якасьці гуманітарнай дапамогі свае часам ня самыя новыя і ня самыя модныя рэчы. Матывы ў гэтых людзей (дарэчы, часта зусім не багатых) — як правіла, высакародныя і бескарысьлівыя. Свае рэчы яны аддаюць тым, хто мае ў іх патрэбу, не за грошы і не за нейкія паслугі. Іншая справа, што падчас разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі здараюцца розныя прыкрыя выпадкі. Ну, але тут многае залежыць ад таго, хто разьмяркоўвае...

Наступны ліст — пра лёс ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, абвінавачанага ў падрыхтоўцы замаху на высокіх службовых асобаў. Гэтай справе Радыё Свабода ўвесь мінулы год аддавала шмат увагі ў сваім эфіры. Нагадаю, што ў турме цягам трох месяцаў Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за сваю антыкарупцыйную дзейнасьць. Наш слухач Алесь Раткевiч з Маладэчна з гэтай нагоды піша:

“З Аўтуховіча імкнуцца зрабіць паказальнага ворага народа, каб іншым была навука — як чапаць асабістыя інтарэсы самаўпраўцаў. Баюся, што ў выніку над Аўтуховічам будзе ня суд, а каранацыя “галоўнага тэрарыста Беларусі”. І такім чынам зьявіцца ў нас свой Усама бін Лядэн. Адным махам і народ беларускі запалохаюць, і амэрыканцам ды расейцам нос падатруць, паказаўшы, як тэрарыстаў трэба лавіць. Але дывідэндаў з гэтага ўлада не атрымае, наадварот — зьнізіць і без таго невялікі давер да сябе. Адабраць бацьку ў дзяцей, зрабіць іх сіротамі — справа няхітрая. Ды як пасьля будуць глядзець у вочы гэтым сіротам тыя, хто ўсё гэта распачаў? Ім не даходзіць, што самі сякуць сук, на якім сядзяць. Міне нейкі час — і ўлада зьменіцца. А гэта абавязкова здарыцца, таму што вечнага нічога не бывае. Такая махіна, як Савецкі Саюз, перад якой на каленях стаяў увесь сьвет, за адну ноч зруйнавалася, як картачны дамок. А такая дзяржава, як наша, ня маючы вялікага значэньня, затое са шматмільярднымі пазыкамі, можа ў любую хвіліну лопнуць як мыльная бурбалка”.

У сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Раткевіч таксама выказваецца наконт месца чыноўнікаў у сучасным беларускім грамадзтве. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Беларусы — народ памяркоўны і трывалы. За стагодзьдзі ён звыкся з усялякім прыгнётам. Беларус паслухмяна цягне тое самае ярмо, у якое калісьці сам жа і ўлез. А тое, што здарылася з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі... Дык у нас на іхным месцы можа лёгка апынуцца любы сумленны чалавек.

Бяз хабару цяпер нічога не даб’есься. А калі паводле закону, то столькі дзьвярэй бюракратызму спатрэбіцца прайсьці, што сам рады ня будзеш. Чыноўнікі рознай масьці ўсе, як скалалазы, счэплены ў адной зьвязцы. З каторага пачнеш, да таго ж і вернесься. У іх стварылася такая супольнасьць, якая ў сваёй дзейнасьці ўжо даўно пераплюнула сыцылійскую мафію. Яны любога на вілы гатовы падняць, хто ім пярэчыць. Галоўнае — знайсьці хоць якую зачэпку да чалавека, а там разьдзьмуць слана з мухі для іх не ўяўляе ніякай складанасьці”
.

Наўрад ці сёньняшні беларускі чыноўнік надта баіцца гістарычнай адказнасьці, якая можа надысьці для яго ў выніку зьмены ўлады. Па-першае, створаная сёньня сыстэма ўлады выглядае для яго маналітнай і непарушнай. А па-другое, у яго на памяці — вынікі не такога даўняга краху камуністычнай партыйна-намэнклятурнай сыстэмы ўлады. Так, тады, у 1991-м годзе, напачатку быў лёгкі пярэпалах: а раптам усплывуць усе чорныя справы служак рэжыму, раптам назавуць імёны тых, хто ні за што арыштоўваў, судзіў, ссылаў на катаргу, расстрэльваў ні ў чым не вінаватых людзей?... Дык жа не: архівы КДБ засталіся пад замком, а злачынцы і каты ціха і камфортна дажылі (альбо дажываюць) свой век пры пэнсіях і ўзнагародах...

На заканчэньне — калядны ліст зь віншаваньнем і просьбай ад нашай даўняй слухачкі, удзельніцы Клюбу сяброў “Свабоды” Ірыны Аўгуль зь вёскі Завідзіненты Астравецкага раёну. Яна піша:

“Вялікі дзякуй за лісты, паштоўкі, каляндарыкі, якія ты, “Свабода”, рэгулярна дасылаеш мне. А асабліва хочацца падзякаваць за тое, што поўна і даступна расказваеш пра актуальнае і набалелае, прапануеш рашэньні многіх праблем, адказваеш на пытаньні, якія хвалююць. З тваёй дапамогай, любімая хваля, з дапамогай дакладнай і своечасовай інфармацыі ў мяне (і, веру, у многіх іншых тваіх слухачоў) складваецца аб’ектыўнае, нескажонае ўяўленьне аб становішчы ў нашай краіне, аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай старонках жыцьця беларускага народа.

Спадзяюся, што і надалей ты будзеш садзейнічаць разьвіцьцю і ўдасканаленьню сьвядомасьці грамадзянаў маёй Радзімы.

Асаблівая падзяка — за праграму “Дом літаратара”. Яе вядучы Міхась Скобла, як вада — паступова, але мэтанакіравана точыць камень нашага саўковага ўяўленьня аб літаратуры. Я вельмі ўдзячна яму за гэта. Зь вялікай радасьцю даведалася аб прэзэнтацыі кнігі гутарак з гасьцямі “Вольнай студыі”, зь вядомымі і малавядомымі мне слугамі Слова — паэтамі, пісьменьнікамі, перакладчыкамі. Вельмі хацелася б мець такую кнігу ў сваёй бібліятэцы”
.

Вам, спадарыня Ірына, як і многім іншым удзельнікам Клюбу сяброў “Свабоды”, аўтарам цікавых і зьмястоўных лістоў, мы неўзабаве вышлем кнігу “Вольная студыя”, што выйшла нядаўна ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, у якасьці падарунка.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”, павіншаваў нас у гэтыя сьвяточныя дні. Вясёлых Калядаў, шаноўныя слухачы, і добрага Новага году! З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG