Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Верасень» у сьнежні


Эдуард Акулін
Эдуард Акулін

Выйшаў першы нумар новага літаратурна-мастацкага ілюстраванага часопіса "Верасень", паведаміў галоўны рэдактар выданьня, намесьнік старшыні Саюза беларускіх пісьменьнікаў, паэт і бард Эдуард Акулін.


Часопіс заснаваны Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны як маладзёвае літаратурна-мастацкае выданьне. "За апошні час адышлі ў гісторыю адразу два часопісы для моладзі — "Першацвет" і "Бярозка". "Верасень" заснаваны, каб кампэнсаваць гэтыя выдавецкія прагалы і падтрымаць маладых літаратараў", — сказаў агенцтву БелаПАН Эдуард Акулін.

Новы часопіс, зазначыў ён, будзе друкаваць лепшае, што зьяўляецца ў сучаснай беларускай літаратуры. "Мы будзем аддаваць перавагу маладым, хаця ў якасьці літаратурнай школы на старонках "Верасьня" з'явяцца творы мэтраў. А наогул у часопісе будуць зьмяшчацца пераклады, крытыка, публіцыстыка, рэцэнзіі на навінкі літаратуры, гутаркі з маладымі літаратарамі і майстрамі пяра, агляды музычнага і тэатральнага жыцьця. А яшчэ мы мяркуем абвяшчаць творчыя конкурсы і друкаваць часопіс у часопісе — "Верасок", дзе зьбіраемся адкрываць самыя юныя таленты. Ёсьць у часопісе рубрыка "Вясёлы вулей", дзе можна будзе прачытаць літаратурныя эпіграмы, пародыі і гумарэскі", — адзначыў Акулін.

Пэрыядычнасьць выданьня — два разы на год, але ў 2010-ым запланавана зрабіць часопіс квартальнікам.

У сьвяточным калядным нумары "Верасьня" чытачы змогуць пазнаёміцца з творчасьцю маладых і сталых пісьменьнікаў Віталя Рыжкова, Насты Кудасавай, Ігара Канановіча і Рыгора Барадуліна, Дар'і Ліс, Алёны Беланожкі і Барыса Пятровіча, Леаніда Дайнекі і інш.

З творчым блаславеньнем маладых на старонках часопіса выступаюць народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі. Прэзэнтацыя "Верасня" адбудзецца 7 студзеня ў 18.00 у Мінскім Чырвоным касьцёле ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG