Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік “Белавія”: Захады бясьпекі ў нас дастатковыя


Нацыянальны аэрапорт «Мінск»
Нацыянальны аэрапорт «Мінск»

Шэраг авіякампаній сьвету падвысілі захады бясьпекі ў сувязі са спробай тэракту на борце самалёта амэрыканскай авіякампаніі «Northwest Airlines». Што робіцца ў Беларусі, каб гарантаваць бясьпеку пасажыраў у час Калядаў і Новага году?

Паводле дадзеных беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка «Белавія», у калядны і пераднавагодні пэрыяд пасажырапаток павысіўся больш як на чвэрць.

«У Эўропу вылятае больш нашых турыстаў і больш турыстаў-эўрапейцаў наведваюць Беларусь, а на ўсходнім і паўднёвым кірунках паболела ня толькі пасажыраў, але і колькасьць рэйсаў павялічылася. Гэтак, беларускія самалёты часьцей лятаюць у гэтыя дні ў Ерэван і Баку», — паведаміў намесьнік дырэктара кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

25 сьнежня на борце аэробуса А-330 амэрыканскай авіякампаніі «Northwest Airlines», які ляцеў з Амстэрдаму ў Дэтройт, 23-гадовы нігерыец спрабаваў узарваць самаробную бомбу. Рэчывы для выбухоўкі тэрарыст пранёс на самалёт, нягледзячы на захады бясьпекі службаў аэрапорту. Пасьля інцыдэнту, паводле зьвестак, у Эўропе і ЗША захады бясьпекі падвысілі. У прыватнасьці, у аэрапортах, якія абслугоўваюць міжкантынэнтальныя рэйсы, дзяжурыць болей супрацоўнікаў спэцслужбаў і псыхолягаў.

Я спытаўся ў Ігара Чаргінца: ці рабіліся дадатковыя захады бясьпекі ў беларускіх аэрапортах у сувязі з інцыдэнтам у амэрыканскім самалёце? Супрацоўнік «Белавія» паведаміў, што рэйсаў наўпрост у ЗША гэтая кампанія не выконвае. Паводле Ігара Чаргінца, беларускіх пасажыраў, якія ляцяць у ЗША транзытнымі рэйсамі, у аэрапортах перасадкі ахоўваюць гэтаксама, як і ўсіх астатніх.

«Безумоўна, мы атрымліваем паведамленьні — апошняе было з Ізраілю — пра ўзмацненьне захадаў бясьпекі. Мы на гэта зьвяртаем увагу і інфармуем нашых калегаў у нацыянальным аэрапорце „Менск-2“ пра дадатковыя захады ў замежных аэрапортах, на што там робіцца асаблівая ўвага. Але нейкіх асаблівых захадаў у нас, наколькі я ведаю, ня ўводзілі».

У менскім аэрапорце, калі пасажыр набыў алькаголь у краме «Duty free», яму дазваляюць правозіць бутэльку ў ручной паклажы. Між тым у эўрапейскіх і амэрыканскіх аэрапортах патрабуюць, каб алькаголь, набыты ў «Duty free», быў упакаваны ў адмысловы запячатаны пакунак. Ці будзе ўводзіцца такое ж правіла ў беларускіх аэрапортах? Ігар Чаргінец мяркуе, што дзейныя беларускія захады бясьпекі не супярэчаць міжнародным:

«Галоўнае, калі нехта спрабуе адкрыць гэтую бутэльку і там выпіць, каб гэта прадухіліць. У нас гэта таксама забараняецца».

Паводле Ігара Чаргінца, перад навагоднімі сьвятамі павялічыўся пасажырапаток ня толькі зь Беларусі, але і ў Беларусь, асабліва з Масквы. Супрацоўнік «Белавія» выказаў надзею, што пільна будуць працаваць і расейскія службы бясьпекі авіяперавозак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG