Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочаце ведаць, колькі нам плацяць?”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — ня толькі тэлефанаваньні за пятніцу, але й тыя, якія мы не пасьпелі агучыць цягам тыдня, а таксама найбольш адметныя рэплікі, меркаваньні, пытаньні, што ўжо гучалі ад мінулага панядзелка на нашых хвалях. Напачатку — зь пятнічнай аўдыёпошты.

Вельмі актыўна зрэагавалі нашыя слухачы на заявы кіраўніцтва адносна таго, што Беларусь прыслухоўваецца да пажаданьняў Эўразьвязу.

Спадарыня: “Якімі літаральна салаўінымі трэлямі наш кіраўнік глушыць Эўрапейскі Саюз, што гатоў выканаць 12 яго ўмоваў! На словах, вядома, толькі дайце крэдыт. Лукашэнка, як флюгер, паварочваецца і сьпявае салаўём у той бок, адкуль ідзе пах грошай”.

А зараз — параўнаньне беларускага й расейскага вышэйшых кіраўнікоў.

Спадар: “Сёньня выступаў Мядзьведзеў, а да гэтага ён апублікаваў у інтэрнэце дакумэнт свой для абмеркаваньня. Наколькі інтэлектуальна, наколькі здорава, наколькі пісьменна. Ставяцца там пытаньні разьвіцьця эканомікі, навукі, мадэрнізацыі грамадзтва, на сучасным узроўні. Малайчына! І вось вазьміце нашага прэзыдэнта, які з году ў год далдоніць адно і тое ж, зь вясковымі страшнымі штукамі. Ну, зразумейце, я ня крыўджу нікога, ні калгасьнікаў, ні вяскоўцаў. Але, прабачце, ні інтэлекту, ні культуры, а проста нейкі базар”.

Наступны званок — паралелі паміж беларускімі й літоўскімі рэаліямі.

Спадарыня: “Лукашэнкаўскія чыноўнікі не пасьпелі павысіць пэнсію, як затрындзелі на ўсю Беларусь, на ўсю Эўропу: “Ай, як у нас добра!” — 9 адсоткаў за цэлы год! А вось толькі зараз перадалі, што ў Літве ліквідавалі ўсе машыны дзяржаўныя, што чыноўнікі будуць езьдзіць на сваіх машынах. Ці на грамадзкім транспарце. І маўчаць. Лукашэнку трэба ў іх таксама машыны адабраць і прадаць, каб ня трэба было з працягнутай рукой хадзіць і крэдыт браць. У нас чыноўнікаў, відавочна, у два-тры разы больш, чым у Літве”.

А пачынаўся цяперашні тыдзень актыўным абмеркаваньнем чарговай гадавіны кастрычніцкага перавароту. Некаторыя аўтары, што называецца, секлі з-за пляча.

Спадар: “Я віншую ўсіх вас і ўсіх нас са сьвятам 7 лістапада. Я ўпэўнены на 1000 адсоткаў, што гэтае сьвята будуць сьвяткаваць усе нармальныя людзі, якія не паддаліся ні на даляры, ні на прадажнасьць. Толькі фашысты могуць казаць, што сьвята 7 лістапада не патрэбнае”.

А вось ня менш лёзунгавы адказ:

Спадар, Смаргонь: “Хачу павіншаваць усіх тых, хто сёньня адзначае дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як казаў дзядзька Зянон: “Укрыжуйма бальшавізм калючым дротам!” Дзякуй!”

Аднак ёсьць у пошце і званкі з дакладна матываваным непрыманьнем кастрычніцкіх падзеяў.

Валянціна, Бабруйск: “Адумайцеся! Перастаньце лічыць 7 лістапада сьвятам! Гэта тыдзень не чырвонага, а крывавага календара. Нават у Расеі апомніліся. Майго дзядулю і дзядзьку, жыхароў вёскі, забілі толькі за тое, што яны не хацелі ў калгас уступаць. Пасьля гэтых злачынстваў зьлегла і памерла бабуля. Яе дзеці пакутавалі. Дасталася і мне ад гэтага страшнага камуністычнага рэжыму. З павагай”.

Заканчваем гэты тэматычны блёк радкамі Валера Курневіча з Барысава.

Васіль Курневіч: “Сярод беларусаў засталося шмат зомбі і саўкоў. У кожнага аднаго з двух — савецкі дух. Калі ня верыш, тады ідзі да беларускага календара і праверыш. Даўно ўжо пара жыць па-эўрапейску, а мы жывем па-савецку”.

Але, безумоўна, галоўнай тэмай, можна нават сказаць — галаўным болем для слухачоў Свабоды стала эпідэмія грыпу. З дня ў дзень ёй пачыналася рэдакцыйная аўдыёпошта. Вось і сёньня традыцыя не парушылася.

Віктар Буто: “Падобна, што ад структур Міністэрства аховы здароўя Беларусі немагчыма на сёньня атрымаць нават праўдзівыя сьведчаньні пра захворваньне на грып. Толькі з шматлікіх інструкцый, якія прыдумляе пэўнае прадстаўніцтва выканаўчай улады”.

Зразумела, больш за ўсё людзей па-ранейшаму непакоіць недахоп лекаў і прафіляктычных сродкаў.

Спадар: “Я чарнобыльскі непрацаздольны інвалід. На свае грошы не магу набыць нават марлевай павязкі і неабходных лекаў пры тэмпэратуры ўжо 37,5. Дзякую”.

Чарговы званок — з пытаньнем.

Спадар: “Калі мой унук-студэнт закрываў бальнічны пасьля двух тыдняў грыпу, у яго нават не ўзялі ніякіх аналізаў. Раней такога ніколі не было. Гэта — проста безадказнасьць ці наўмысная спроба прыглушыць нейкім чынам праўду, прыхаваць нейкую тэндэнцыю?”

Насуперак запэўніваньням уладаў пра нібыта ўтаймаваньне эпідэміі, слухачы па-ранейшаму лічаць гэтую праблему галоўнай.

Cпадар Міхал Бяроза: “Калі ў краіне ўзьнікае экстрэмальная сытуацыя, чынавенства пачынае хлусіць ці замоўчвае факты. Дзяржава ня ў стане забясьпечыць насельніцтва неабходнымі сродкамі супрацьстаяньня вірусу. Процьма Лукашовых стаўленікаў дзейнічае і, як тыя каларадзкія жукі на бульбяным полі, толькі жаруць. Прапаную даць ім Шушкевічаву пэнсію і адправіць у адпачынак”.

Вы згадваеце ня толькі чыноўнікаў-выканаўцаў, але й таго, хто выбудаваў дзяржаўную вэртыкаль.

Cпадарыня: “Сваімі выразамі на прэс-канфэрэнцыі ва Ўкраіне наконт эпідэміі грыпу — быццам бы сьвет летась кукарэкаў, а сёлета рохкае па-сьвінячы, наш кіраўнік агаліў сваё паходжаньне і дзе фармаваўся ягоны мэнталітэт. Лукашэнка выскачыў даўно за ўсе рамкі прыстойнасьці. Мне асабіста сорамна, як ён ганьбіць беларускі народ і Рэспубліку Беларусь”.

У шэрагу тэлефанаваньняў шукаюцца прычыны сёньняшняга становішча з эпідэміяй. Вось думка лекара з Асіповічаў Тацяны Барэль:

Cпадарыня: “Пачула пра сьмерць мэдыка ад пнэўманіі. Горка. Пра магчымасьць эпідэміі сьвінога грыпу пачула ў Менску на курсах у траўні гэтага году. Ведалі, што грып будзе цяжкі. Лячыць яго трэба прэпаратамі кшталту таміфлю, але дзе яны? У Асіповічах што за грып — мы ня ведаем. Уся наша ахова — самаробная маска і народныя сродкі. Чаму не забясьпечыць людзей прафіляктычнымі сродкамі? Самая асноўная нагрузка — на нас, на мэдыках. Але пра нас клопат? Горка”.

Аднак жыцьцё ёсьць жыцьцё — нават у самых складаных абставінах знаходзіцца месца ўсьмешцы…

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Пытаюся ў свайго суседа Алёшы: “Ты чаму не ў садку?” — “А я хварэю, цёця Ніна”. — “А што, у цябе грып?” — “Ды не, грыбы мы даўно зьелі…”

Грамадзкі рэдактар тыдня — лекарка з Ваўкавыску Тацяна Павіна расказвае пра рэальную сытуацыю з грыпам у сваім рэгіёне.

Тацяна Павіна
Тацяна Павіна: “Ад сёньня абвешчаны карантын — то бок на грып і ВРВІ хварэе кожны трэці. Учора ў ваўкавыскай рэанімацыі была першая сьмерць — памёр малады чалавек, ягоныя аналізы зараз дасьледуюцца ў Менску. Штодня цяпер па 35 чалавек на прыёме ў кожнага тэрапэўта і па 25 чалавек выклікаюць лекара дадому”.

Не засталася ўбаку і 20-я гадавіна разбурэньня Бэрлінскага муру. Спадар Зіноўеў падае ідэю наперад:

Cпадар Зіноўеў: “Сям-там у Нямеччыне пакінулі фрагмэнты сьцяны. І хацелася б зь вяртаньнем Беларусі ў Эўропу, каб пры дэмантажы мяжы на вакзале Берасьця пакінулі мэталічны загон — на выезд, як памяць”.

А спадар Курневіч з Барысава згадвае якраз мінулае:

Валер Курневіч: “Немцы Бэрлінскую сьцяну зламалі. І ў Менску ў 61 годзе таксама цуд быў — помнік Сталіну зламалі”.

Наступны наш слухач праводзіць паралелі ўжо між Расеяй і Беларусьсю. Аднак зь іншай нагоды.

Cпадар: “У Расеі сьвята — Дзень міліцыянтаў. У нас прыкладна на тыдзень раней. Ведаеце, вось, здаецца, саюзная дзяржава, а міліцыянты розныя. Там шмат Еўсюковых, а ў нас так і засталося, як у гэтай стужцы “Месца сустрэчы зьмяніць нельга”. Штосьці падкінуць, толькі не лапатнік, а наркотыкі ці яшчэ нешта, непраўдзівыя зьвесткі… Усё засталося, як і раней. Можа, я памыляюся? Дзякуй”.

На гэтым тыдні кіраўнік краіны часта выступаў з рознымі заявамі. Гэта не засталося непачутым нашымі слухачамі.

Спадар: “На працягу 15-гадовага праўленьня спадара Лукашэнкі расейцы штогод ахвяравалі 6,5 мільярда даляраў ЗША ў эканоміку Беларусі. Дзякуй за талент кіраўніка”.

Спадар: “Шлях, пройдзены Беларусьсю за 15 гадоў пад Лукашэнкам, можна было прайсьці ўдвая хутчэй, каб на чале дзяржавы быў кваліфікаваны чалавек”.

Спадар: “Лукашэнка даў інтэрвію азэрбайджанскім СМІ. Усё яго жыцьцё прысьвечана сацыяльнаму разьвіцьцю нашай рэспублікі. Гэта паляпшэньне жыцьця народу перш за ўсё. Хлусьня, якой сьвет яшчэ ня чуў. Заяўляе, што мы ў 2011 годзе будзем жыць, як у Эўропе. Аляксандар Рыгоравіч (о Госпадзе, каб ён чуў), вы ж маліцеся, калі вам здаецца. Вось прыклад — мінімальны заробак: Францыя — 1154 эўра і Беларусь — 66 эўра. Дык калі наступіць гэты сьветлы дзень?”

З тэмаю стаўленьня да кіраўніка дзяржавы змыкаюцца і званкі пра маючыя адбыцца выбары.

Вось стужка зь сёньняшняй аўдыёпошты.

Спадар: “Калі ў выбарчым законе не перагледзяць і ня будзе прыбраны пяцідзённы тэрмін датэрміновага галасаваньня, то ўсе лукашэнкаўска-ярмошынскія довады і зьмены ў гэтым законе не заслугоўваюць элемэнтарнай увагі, зьяўляюцца сапраўднай фікцыяй. Іншага тлумачэньня няма і быць ня можа”.

Іншыя званкі на гэтую тэму.

Францішка Бервячонак: “Слухаю вашу “Свабоду” і вось думаю: калі будзе датэрміновае галасаваньне, нічога ня зьменіцца ў нашай краіне”.

Спадарыня: “Ярмошына? Якое яна мае права за нас рабіць выбары? Людзі ўжо ня могуць яе трываць! Лукашэнка, мы просім, каб ня ўносіў сваю кандыдатуру. Як ён сябе паставіць, ён застанецца. Гэта мы ўсе ведаем”.

Спадар: “Лукашэнка ў сваёй Канстытуцыі сябе будзе выбіраць, бо ўладу ніколі не аддасьць. Пойдзе на любыя парушэньні, але калі аддасьць уладу, ён страціць ня толькі райскае жыцьцё, якое ён стварыў сам сабе, але яшчэ і давядзецца яму адказваць, што ён нарабіў”.

Мы штодня просім вас, шаноўныя слухачы, ацэньваць працу журналістаў “Свабоды”. Дзякуй за водгукі.

Віктар, Менск: “Вось нарэшце і на Радыё Свабода зразумелі, што жыхарам не хапае інфармаванасьці. Менавіта інфармаванасьці. І гэтым можна павялічыць колькасьць слухачоў. Інфармаванасьць і пра камунальныя паслугі, і адкуль бярэцца іх кошт. Дакладна, газ — Расеі плацім 160 даляраў за 1000 кубамэтраў, а чаму жыхары вёскі плацяць за 50 літраў 15 даляраў? Кошт электраэнэргіі, вады, гарачай вады — вось і працуйце над інфармаванасьцю, і павялічыце колькасьць слухачоў”.

Гэтымі днямі шмат дзе пагоршылася якасьць прыёму нашых перадачаў, паведамляеце вы з розных куткоў краіны. Адказвае дырэктар беларускай службы “Свабоды” Аляксандар Лукашук.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук: “Шаноўныя слухачы, перш за ўсё дзякуй за вашыя званкі і за тое, што вы зьвярнулі ўвагу на гэтую вельмі важную праблему — якасьць прыёму. Вашыя заўвагі і скаргі мы ўжо перадалі ў тэхнічны аддзел, і будзем чакаць, што пачнецца праца і як гэта можна паправіць.

Тым часам — вельмі кароткія парады, якія я хацеў бы паўтарыць, пра якія мы ўжо неаднаразова гаварылі. Пажадана мець асобную антэну для вашага прыймача — гэта 20-30 мэтраў тонкага медзянога дроту нацягнуць пад стольлю ў драўляным ці цагляным доме, або на бальконе ці за вакном — у доме з жалезабэтонным каркасам. Таксама важна, каб прыймач ваш быў як мага далей ад тэлевізара, кампутара, пабытовых электрапрыладаў. Шукайце месца ў доме, дзе чутнасьць найлепшая.

Канечне, правярайце прыём на ўсіх рабочых частотах, і трэба выбіраць найлепшую для гадзіны. Сталыя слухачы ведаюць, што наша праграма гучыць на розных частотах кожныя 2 гадзіны. Падрабязна расклад друкаваўся ў газэтах “Комсомольская правда”, “Народная воля”, “Наша ніва”, а таксама на каляндарыках. Калі ня маеце, пішыце, мы абавязкова прышлем вам расклад: калі і на якіх хвалях ды частотах выходзім у эфір. Наш адрас у Менску: паштовая скрынка 111, Менск-5.

І яшчэ адно. Нас можна вельмі добра, вельмі якасна слухаць у інтэрнэце і праз тэлевізар, калі ў вас ёсьць сатэлітная антэна. Карыстайцеся гэтай магчымасьцю. Ну, а мы, са свайго боку, пастараемся зрабіць усё, што зможам, каб палепшылася якасьць сыгналу на кароткіх хвалях. Яшчэ раз дзякуй”.

Ня ўсім падабаецца актыўнасьць слухачоў “Свабоды”.

Спадар: “Ну што яны плятуць? Такое можна казаць толькі за грошы! Ваша радыё папросту купіла гэтых брахуноў!”

Ну, а сёньня мы атрымалі такі водгук:

Спадар: “Вось пачуў, як адзін таварыш надта абураўся, маўляў, “Свабода” ганьбіць нас і абы-што гаворыць. Відаць, гэты таварыш выпадкова наладзіў свой прыймач на “Свабоду”. Пераключайце тады, паважаны, на Беларускае радыё, вось дзе сапраўды абы-што гавораць. У той час, калі на Беларусь наступае эпідэмія, кажуць, што ўсё добра. Што тычыцца вашага пытаньня: колькі нам плацяць? Ніколькі. Гэта толькі такія гора-патрыёты, як вы, прывыклі ўсё грашыма мераць. Хаця, можа, я і памыляюся. А раптам асабіста для вас зробяць выключэньне. ў азалоціцеся адразу!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG