Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цэмэнтная вайна” паміж Літвой і Беларусьсю — праява крызісу


Беларускія вытворцы цэмэнту называюць заявы генэральнага дырэктара літоўскага цэмэнтнага заводу наконт кепскай якасьці беларускай прадукцыі спробай абараніць свой рынак у часе крызісу. Яны лічаць прэтэнзіі надуманымі і сьцьвярджаюць, што якасьць беларускага цэмэнту адпавядае эўрапейскім стандартам.

Гендырэктар літоўскага цэмэнтнага заводу, што ў Акмянэ, заявіў агенцтву “Baltinfo”, што 90% паставак беларускага цэмэнту ў Літву не адпавядае стандартам якасьці. Паводле кіраўніка прадпрыемства, прадукцыя беларускіх вытворцаў штомесяц падае ў цане, бо ў Беларусі таньнее нацыянальная валюта. Будаўніцтва ў краіне запаволіла тэмпы, і адзіны ў Літве цэмэнтны завод можа забясьпечыць краіну прадукцыяй айчыннай вытворчасьці.

Беларускія вытворцы назвалі прэтэнзіі літоўскага боку неабгрунтаванымі і патлумачылі іх як спробу абараніць айчыннага вытворцу ў часе крызісу.

У Беларусі ўсе тры цэмэнтныя заводы пастаўляюць сваю прадукцыю на беларускі рынак і ў суседнія краіны.

Завод “Краснасельскбудматэрыялы” ў Ваўкавыскім раёне пастаўляе сваю прадукцыю ў Літву і Польшчу. Прадстаўнікі адміністрацыі заводу паведамілі “Свабодзе”, што прадукцыя, якую пастаўляе завод у краіны Эўразьвязу, адпавядае эўрапейскім патрабаваньням. Гэта цэмэнт адмысловай маркі, і ніякіх заўвагаў наконт яго якасьці з боку літоўцаў не было.

Кіраўніца аддзелу збыту прадпрыемства “Беларускі цэмэнтны завод” у Касьцюковічах Сьвятлана Рубцова назвала выказваньні літоўскага боку антыдэмпінгавай кампаніяй.

Але яны ня могуць нам прад’яўляць прэтэнзіі наконт таго, што наш цэмэнт не адпавядае стандартам эўрапейскай якасьці. Гэта няпраўда. Яны ж бяруць наш цэмэнт.
“Кожная краіна хоча абараніць свой рынак. У Літве ён (цэмэнт) таньнейшы. Але яны ня могуць нам прад’яўляць прэтэнзіі наконт таго, што наш цэмэнт не адпавядае стандартам эўрапейскай якасьці. Гэта няпраўда. Яны ж бяруць наш цэмэнт. Крычаў збавіў крыху цану, і яны бралі ў іх таксама цэмэнт”, — паведаміла спадарыня Рубцова.

Яна дадала: “Наш цэмэнт такі ж, як польскі ці нямецкі. Адзінае, там у іх ёсьць патрабаваньні па шасьцівалентным хроме. Але мы можам зьмяншаць, і ў нас усё адпавядае. Калі мы ня будзем пастаўляць прадукцыю ў Літву, то мы нічога для сябе не прайграем, але мы страцім рынкі, а нам патрэбныя рынкі. У нас Расея бярэ па вышэйшым кошце, і наш асноўны рынак — гэта Расейская Фэдэрацыя. Але мы павінны не ўпускаць свае рынкі”.

Сьвятлана Рубцова паведаміла, што кошт цэмэнту, які завозіцца ў Літву, узрастае з-за транспартных і мытных выдаткаў. Што тычыцца заходнеэўрапейскіх партнэраў, то Краснасельскі завод знаходзіцца ў лепшым становішчы з-за свайго тэрытарыяльнага месцазнаходжаньня.

На ўсіх беларускіх цэмэнтных заводах “Свабодзе” паведамілі, што экспэрт зь Літвы прыяжджае штогод на заводы і сам адбірае пробы, неабходныя для таго, каб падоўжыць сэртыфікат. Сэртыфікат СЕ беларускаму цэмэнту выдала незалежная экспэртыза ў самой Літве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG