Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцаў: Праца Рады не прыпыненая


Заяву Ўладзімера Макея аб прыпыненьні працы Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнце Беларусі камэнтуе сябра Рады, галоўны рэдактар «БДГ-онлайн» Пётра Марцаў.

Марцаў: Тут трэба ўдакладніць. Праца Грамадзка-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта не прыпыненая. Сябры Рады, і ў прыватнасьці я, атрымалі гэткі ліст ад сакратара Рады Шпакоўскага: “У сувязі са зьяўленьнем у друку заяваў асобных сяброў Рады пра тое, што заплянаванае на 13 лістапада чарговае паседжаньне рады зьяўляецца пустой фармальнасьцю, а дзейнасьць Рады ў цэлым носіць чыста дэклярацыйны характар, прынята рашэньне адмяніць правядзеньне згаданага паседжаньня. Бліжэйшым часам плянуецца правядзеньне пэрсанальных кансультацыяў зь сябрамі Рады аб магчымасьці і парадку будучай працы Рады”.

Так што, калі быць максымальна дакладным, адмененае толькі заўтрашняе паседжаньне.

Радкевіч: А як па-вашаму — праца Рады сапраўды не была канструктыўнай?

Марцаў: Давайце вернемся да гісторыі. Усе прапановы Грамадзка-кансультацыйнай рады носяць рэкамэндацыйны характар. Яны могуць быць прынятыя або не прынятыя. Што да канструкцыйнасьці абмеркаваньня на самой Радзе — яно нармальнае, выказваюцца абсалютна розныя пункты гледжаньня, кожны можа выказаць свой любы пункт гледжаньня, што і робіць фактычна кожны ўдзельнік Рады, часам безь ніякай на тое патрэбы. Усе нешта заяўляюць. Я не магу сказаць, што абмеркаваньні бессэнсоўныя — яны асэнсаваныя. І атмасфэра цалкам працоўная. Іншая справа, што па выніках усяго таго абмеркаваньня ўсе тыя прапановы, якія выносяцца абсалютна рознымі сябрамі Рады — якія зь іх улічваюцца, якія будуць улічаныя і ці будуць улічаныя наагул — вядома ж, сябры Рады ня ведаюць.

Радкевіч: А якой Вам бачыцца пэрспэктыва дзейнасьці Рады?

Марцаў: Калі абвешчаная мэта — гэта стварэньне пляцоўкі для грамадзкага дыялёгу, абмеркаваньня шляхоў разьвіцьця краіны, прыняцьця канкрэтных рашэньняў — дык ідэя нармальная, нічога дрэннага ў ёй няма. Усім зразумела, што гэта не палітычная структура, ня нейкі орган, які сфармулюе і сфармуе рашэньне палітычнага характару. Магчыма, яна недастаткова ўплывовая ў нашай палітычнай мадэлі, але тое, што такія дыскусіі павінны быць і такіх пляцовак павінна быць значна больш — для мяне відавочны факт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG