Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьлік – на азэрбайджанскую нафту


Ільхам Аліеў
Ільхам Аліеў

12—13 лістапада ў Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Кіраўніцтва Беларусі на перамовах з Аліевым перадусім спадзяецца атрымаць доступ да азэрбайджанскай нафты, а таксама арганізаваць у Закаўказьзі новыя зборачныя вытворчасьці беларускай тэхнікі.

Аляксандар Лукашэнка напярэдадні візыту Ільхама Аліева заявіў: для Беларусі надзвычай важна дывэрсыфікаваць пастаўкі вуглевадароднай сыравіны: “Расея — сяброўская краіна, але мы ня можам залежаць толькі ад аднаго пастаўшчыка”. Таму, як кажа экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак, цалкам лягічна, што Лукашэнка, запрашаючы да сябе кіраўніка Азэрбайджану, меў на мэце энергетычныя праекты. Але ці існуе магчымасьць далучыцца да новай нафтавай сыстэмы?

Станіслаў Гусак
“У прынцыпе — так, існуе. Гэта фактычна тое, пра што мы гаварылі амаль 20 гадоў таму — пра Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар, які павінен быў злучыць Ільічоўск (тэрмінал пад Адэсай) і адзін з тэрміналаў на Балтыцы. Гэты калектар, што мы думалі рабіць, практычна напалову ўжо зрабіла Ўкраіна — ад Ільічоўску да станцыі Броды. У сваю чаргу, ёсьць нафтаправод ад Мазыра да Бродаў — адно з адгалінаваньняў нафтаправоду “Дружба”. Праз гэты нафтаправод у рэвэрсным рэжыме можна атрымаць нафту па магістралі Адэса — Броды — Мазыр. То бок ужо цалкам можа існаваць гэтая частка задуманага намі праекту. Асабіста я бачу ў гэтым толькі плюсы, і абсалютна лягічна, што гэта будзе абмяркоўвацца. Азэрбайджан — гэта перш за ўсё нафта, гэта зараз энэргетычная крыніца ня толькі для эўрапейскай часткі былога СССР, а таксама і для поўдня, і для захаду. І таму гэта будзе першае пытаньне пры сустрэчы Аліева і Лукашэнкі”.

Таксама Лукашэнка заявіў, што Беларусь мае намер больш інтэнсіўна ствараць вытворчасьці беларускай тэхнікі ў Азэрбайджане — гэтай дзяржаве, на думку Лукашэнкі, наканавана стаць “беларускім прамысловым апірышчам” на Каўказе. Адсюль, на задуму Лукашэнкі, беларуская прадукцыя будзе прасоўвацца ў трэція краіны. Цягам візыту Аліеў мае наведаць некаторыя прамысловыя прадпрыемствы Менску.

Аналітыкі падкрэсьліваюць, што паміж Аліевым і Лукашэнкам шмат агульнага. Абодва трымаюцца аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня, але ў патрэбны момант не адмаўляюцца пагуляць у дэмакратыю. І Беларусь, і Азэрбайджан запрошаныя да праграмы Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”, адкуль абедзьве краіны спадзяюцца атрымаць немалыя сродкі “на разьвіцьцё”. Апроч таго, Азэрбайджан — паказальны прыклад для Лукашэнкі што да мэханізму перадачы ўлады ў спадчыну ад бацькі да сына. Нагадаем, што пасьля сьмерці Гейдара Аліева ўсе паўнамоцтвы “элегантна” падхапіў ягоны сын Ільхам. Ва ўмовах Беларусі гэткі ж варыянт таксама не выглядае нечым фантастычным. Гаворыць палітычны аглядальнік Пётар Марцаў:

Пётар Марцаў
“Паміж палітычнымі мадэлямі дзьвюх дзяржаваў, безумоўна, падабенства шмат. Але ўсё ж у Азэрбайджане ня толькі заканадаўча замацаваная такая палітычная структура, там гістарычна, культурна пануе кланавая мадэль. То бок гэтыя карані ў Азэрбайджане значна глыбейшыя і глеба для такой мадэлі больш падрыхтаваная. Я не магу сказаць, што гэта ў парадку рэчаў, але яна больш зразумелая — як гістарычна, так і культурна. А галоўная розьніца ў тым, што Ільхам Аліеў — прэзыдэнт багатай дзяржавы, краіны-экспартэра, бо гэта сыравінная краіна. Мы, канечне ж, зусім не такая дзяржава, і, адпаведна, у нас мадэль паводзінаў крыху іншая”.

Карэспандэнт: “Аўтарытарны стыль кіраваньня аспрэчваньню не падлягае?”

“Шчыра кажучы, на постсавецкай прасторы нават там, дзе дэкляраваная ці нібыта прызнаная дэмакратыя, у любым выпадку прысутнічае аўтарытарны стыль кіраваньня. Гэта такая спадчыннасьць”.

Азэрбайджанская дыяспара — адна з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі. У краіне жыве больш за 100 тысяч этнічных азэрбайджанцаў. Але беларускае грамадзянства маюць толькі каля 10 тысяч чалавек, астатнія ж гасьцююць сэзонна — на час рэалізацыі вырашчанай у Закаўказьзі гародніны і садавіны.

Націк Багіраў
Хоць азэрбайджанцы надзвычай хутка адаптуюцца да новых умоваў, але застаюцца адданымі гістарычным караням. Як распавёў Радыё Свабода старшыня Кангрэсу азэрбайджанскіх абшчынаў Беларусі Націк Багіраў, усё большая колькасьць ягоных землякоў мае магчымасьць гуртавацца разам. На базе 16-й гімназіі Менску працуе нядзельная школа для вывучэньня мовы, гісторыі і культуры Азэрбайджану. Існуе такая школа і ў Магілёве. Неўзабаве выкладаньне азэрбайджанскай мовы пачнецца ў Беларускім пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка. Кіраўнікі азэрбайджанскіх суполак сёньня запрошаныя на сустрэчу з Ільхамам Аліевым, падчас якой спадзяюцца на дапамогу ў рэалізацыі іншых гуманітарных праектаў.

Дарэчы, сам Багіраў — чалавек для Беларусі знакавы. Заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы па самба, ён выхаваў алімпійскага чэмпіёна — трыюмфатара Афінаў, дзюдаіста Ігара Макарава.

Іншае ўплывовае аб’яднаньне азэрбайджанцаў у Беларусі — “Габустан”, якое ня так даўно адзначыла сваё 20-годзьдзе. Яно было першым нацыянальным аб’яднаньнем, якое атрымала афіцыйную рэгістрацыю. Апроч іншых задачаў, “Габустан” абараняе сваіх землякоў. У раёне Камароўскага рынку міліцыя пэрманэнтна затрымлівае гандляроў-замежнікаў, у ліку якіх трапляюць і азэрбайджанцы.

Дарэчы, адно з самых страшных злачынстваў у сучаснай Беларусі зьдзейсьнена якраз супраць азэрбайджанцаў. У сакавіку 2000 году пры нападзе на кватэру азэрбайджанскай сям’і ў Менску былі забітыя пяць чалавек, уключна з 5-гадовай дзяўчынкай. Усім перарэзалі горла. Жорсткае злачынства “павесілі” на банду былога спэцназаўца Валерыя Ігнатовіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG