Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: спыняюцца кансэрвавыя заводы


Сёлета на Пастаўшчыне лішкі яблыкаў не было куды здаць — кансэрвавы завод у Паставах збанкрутаваў.
Сёлета на Пастаўшчыне лішкі яблыкаў не было куды здаць — кансэрвавы завод у Паставах збанкрутаваў.

На Магілёўшчыне збанкрутаваў Слаўгарадзкі агароднінасушыльны завод. Маёмасьць гэтага прадпрыемства зараз выстаўлена на продаж. Атрыманыя сродкі пойдуць на выплату заробкаў былым працаўнікам, а таксама даўгоў крэдыторам. Зь вялікімі праблемамі сутыкаюцца перапрацоўчыя прадпрыемствы і ў іншых рэгіёнах Беларусі.




МАГІЛЁЎШЧЫНА


Слаўгарадзкі агароднінасушыльны завод стаў ахвярай 100-працэнтнай залежнасьці ад расейскага рынку


Дрэнны ўраджай бульбы ў Беларусі і затаваранасьць расейскага рынку імпартнай сушанай бульбай з Кітаю спынілі працу перапрацоўчага прадпрыемства ў Слаўгарадзе.

На сёньня агульная сума даўгоў прадпрыемства перавышае 750 мільёнаў рублёў. Гэта ў асноўным крэдыторскія пазыкі.

“Яшчэ летам сёлета нас прызналі банкрутамі. Пабудавалі тут побач невялікі завод “Слаўгарадзкага харчавіка”, ён сушыць тое самае, што й мы — бульбу, моркву, — і нашы працаўнікі ўсе туды пайшлі. Тут наверсе пакуль засталіся бухгальтары. Засталося ўсяго дзесяць чалавек”, — паведаміла прадстаўніца адміністрацыі прадпрыемства.

Цікаўлюся: ці ўдасца хоць нешта прадаць з заводзкай маёмасьці?

“Мяркую, што хоць нешта — ня ўсё канечне, але нешта — прадаць удасца. Крэдыты ж пагашаць трэба. Мы шмат вінаватыя людзям, таму будзем пагашаць гэта ўсё”.

Заводзкае абсталяваньне зношанае. Будынкі патрабуюць капітальнага рамонту, некаторыя зь іх у аварыйным стане. Няма прамысловай каналізацыі. Акрамя таго, завод страціў рынкі збыту. Асноўным быў расейскі. Прадукцыя прадпрыемства ня здолела выстаяць у канкурэнцыі з кітайскімі аналягамі. У такіх умовах працяглы час працавалі сям дзесяткаў чалавек. Ратаваць прадпрыемства ўлада не зьбіраецца, кажа — гэта немэтазгодна.

І “Слаўгарадзкі харчавік” ня мае цяпер прыбытку


Прадпрыемства “Слаўгарадзкі харчавік”, куды сышлі працаўнікі збанкрутаванага заводу, чатыры месяцы таму згадваў як прыклад марнаваньня крэдытаў старшыня магілёўскага аблвыканкаму Пётр Руднік:

“Усталявалі абсталяваньне, якое не адпавядае крытэрам у кантракце. У выніку гэтага абсталяваньне дагэтуль не працуе. Завод стаіць. Крэдыты выплачваць трэба. Туды ўжо ўклалі дзясяткі мільярдаў, і да таго яшчэ трэба ўкладаць”.

Мінула чатыры месяцы. “Харчавік” працуе, аднак прыбыткаў не нажывае. Сярэднемесячны заробак працаўнікоў — трыста тысяч рублёў. Гаворыць супрацоўніца прадпрыемства:

“Кітай дае меншую цану, чым у нас. Зьбівае кошты. У нас Расея ня хоча нічога браць цяпер. У нас жа бярэ прадукцыю толькі Ліда. Не карыстаемся мы вялікім попытам. Да Новага году й Міністэрства абароны, і турмы закупляюцца сыравінай, а пасьля Новага году купляюць у нас сушаніну”.

“Слаўгарадзкі харчавік” — асноўнае прадпрыемства Слаўгарадчыны. Дзеля таго, каб прадпрыемства працавала, у раёне павялічылі плошчы высеву морквы, буракоў ды бульбы. Раён, між тым, трапляе ў зону радыяцыйнага забруджаньня ад Чарнобылю.


ВІЦЕБШЧЫНА


Банкрутамі прызнаныя кансэрвавыя заводы ў Лёзьне і Паставах


На Віцебшчыне з-за недахопу сродкаў прыпынена мадэрнізацыя вытворчасьці Глыбоцкага кансэрвавага заводу. Яшчэ два перапрацоўчыя прадпрыемствы ў Лёзьне і Паставах збанкрутавалі.

На кансэрвавым заводзе ў Паставах рабілі яблычнае віно, а таксама кансэрвы з гародніны. На думку мясцовага актывіста Ўладзімера Бароўкі, якому некалі прапаноўвалі ўзначаліць прадпрыемства, гэты завод загубіла няправільнае разьмеркаваньне сродкаў: замест пераабсталяваньня вытворчасьці адміністрацыя Паставаў укладала грошы пераважна ў добраўпарадкаваньне райцэнтру:
“Занадта шмат грошай ішло на добраўпарадкаваньне, а трэба было выдаткоўваць і на пераабсталяваньне. Або прасіць, каб на гэта далі грошы, і чыпсы, да прыкладу, пачаць вырабляць, сокі, або віно тое самае. Быў бы завод добры, моцны… Толькі ніхто гэтым не займаўся. І што цяпер? У сельскагаспадарчым раёне людзям няма куды нават здаць лішкі яблыкаў ці той жа гародніны”.
Зь перабоямі працуе цяпер кансэрвавы завод у райцэнтры Глыбокае. Кансэрвуюць ды замарожваюць зялёны гарошак і кукурузу, а таксама гатуюць паўфабрыкаты першых страваў і сокі. Прыбыткі прадпрыемства, кажуць супрацоўнікі, ня дужа вялікія, і трымаецца яно перадусім за кошт дзяржаўнай падтрымкі.


Дарэчы, з-за недахопу сродкаў кансэрвавы завод у Глыбокім змушаны перапыніць мадэрнізацыю, якая ацэнена ў больш як 4 мільярды рублёў. Прадпрыемства ўжо зараз ня мае магчымасьці разьлічвацца па працэнтах за раней узятыя крэдыты.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА



У Наваградку развальваецца будынак кансэрвавага заводу


Прастоі і банкруцтвы кансэрвавых заводаў выклікаюць праблемы ў сельскай гаспадарцы. Да прыкладу, многія фэрмэры на Гарадзеншчыне заяўляюць, што вырасьцілі сёлета неблагія ўраджаі капусты, морквы, буракоў, іншай гародніны, але збыту гэтай прадукцыі няма.

У фэрмэрскай гаспадарцы Лідзкага раёну спадарыня распавядае, што амаль 10 гадоў вырошчвалі і капусту, і буракі, і моркву. Ураджай атрымлівалі добры, але кожны год — праблемы са збытам.

“Няма дзе падзець гэты ўраджай. Ну вось адзін год была такая маркоўка — проста золата. І што? Я яе сьвіньням скарміла, бо не маглі нікуды здаць. Цяпер сын паглядзеў і сказаў, што болей ня будзем столькі морквы, буракоў і капусты садзіць. У нас жа няма дзе гэтага захоўваць”.

Фэрмэры ня могуць прадаць вырашчаную сёлета гародніну


У Наваградзкім раёне спадар Алег, які займаецца фэрмэрствам многія гады, таксама цьвердзіць пра падобную бяду. Кажа, што бульбу сёлета вазілі на кірмашы ў Менск, але астатняй гародніны пакуль ня збылі.

“Моркву наагул не рэалізавалі, бо не было куды. У нас склады паробленыя, яна там ляжыць, чакаем, што, можа, дзе прададзім пасьля Новага году”.

Спадар Алег распавядае, што збываць прадукцыю арганізавана няма куды. Ён з жалем нагадвае, што ў Наваградку ўсё ж спрабавалі будаваць перапрацоўчае прадпрыемства для гародніны:

“Хацелі зрабіць, дый пачалі яшчэ пры саветах, нават абсталяваньне ўжо завозілі. А тут раптам — ляп, і ўсё. Будынак стаіць, але яго цяпер разьбіраюць па частачках — а такі шыкоўны будынак… На два ці нават на тры раёны хапіла б перапрацоўваць гародніну”.

Даведка “Свабоды”

У канцэрне “Белдзяржхарчпрам” інфармуюць, што вытворчыя магутнасьці кансэрвавых заводаў, якія ёсьць цяпер, дазваляюць гатаваць 734,4 мільёна ўмоўных слоікаў кансэрваў з гародніны. А попыт у Беларусі — толькі на 400 мільёнаў умоўных слоікаў. З-за таго, што ад беларускай прадукцыі адмаўляецца Расея, заводы мусяць скарачаць ці ўвогуле спыняць сваю вытворчасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG