Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пастаўчане самі змагаюцца з беспрацоўем – без удзелу уладаў!”


Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, кожны пяты беспрацоўны беларус – гэта жыхар малых гарадоў, у якіх амаль няма прамысловых прадпрыемстваў. Райцэнтар Паставы бадай што самы крызісны ў гэтым сэнсе населены пункт Віцебшчыны.

Тады як афіцыйны ўзровень беспрацоўя па Беларусі складае толькі крыху больш за 1% ад колькасьці працаздольнага насельніцтва, у Пастаўскім раёне гэты паказьнік складае 2,4 %.

Жыхар Паставаў Уладзімер Бароўка, у мінулым камандзір авіяпалка, а цяпер вайсковы пэнсіянэр у пошуках працы, распавядае, што праблема беспрацоўя паўстала тут ужо даўно. Аднак ніякіх захадаў па яе вырашэньні ніхто не прымаў, і з кожным годам яна станавілася ўсё вастрэйшай:

“Асаблівасьць нашага райцэнтру ў тым, што тут дзесяцігодзьдзямі разьмяшчалася мноства вайсковых частак. І вялікая колькасьць насельніцтва працавала ў вайскоўцаў. Пасьля распаду Савецкага Саюзу часткі перавялі ў Расею. Але многія сем'і вайскоўцаў засталіся ў Паставах – і засталіся бяз працы. Калі беспрацоўе стала крытычным, мясцовыя ўлады зьвярнуліся да прэзыдэнта. Пасьля гэтага працоўных месцаў стала больш, але – недастаткова”.

На думку Ўладзімера Бароўкі, мясцовыя ўлады ня дужа шмат увагі надаюць праблеме беспрацоўя. Затое досьвед прыватнай практыкі змаганьня зь ім рэклямуюць вельмі ахвотна:

“Значную частку праблемы вырашылі самі пастаўчане. Да прыкладу, двое былых авіятараў стварылі прыватнае прадпрыемства па дрэваапрацоўцы. На ім працуюць сёньня каля тысячы чалавек.Вось сюды цяпер і возяць вялікіх начальнікаў, высокіх гасьцей – паказваюць гэты аб'ект, нават адрамантавалі да яго дарогу, пафарбавалі ўздоўж яе дамы і платы”.

Насамрэч, менавіта са згадкі пра прадпрыемства “Пастаўскі мэблевы цэнтар” пачала размову начальнік аддзелу працы і сацыяльнай абароны райвыканкаму Алена Таразевіч. Афіцыйныя прагнозы пра тое, што ў Паставах, як і ў шэрагу іншых малых гарадоў, узровень беспрацоўя да 2010 году стане крытычным, чыноўніца лічыць беспадстаўнымі. А ўключэньне райцэнтру ў адмысловую ўрадавую праграму па спрыяньні занятасьці насельніцтва, на ейную думку, адбылося “па інэрцыі”:

“Па інэрцыі! У той час, калі ў нас сапраўды былі вялікія праблемы, нас як уключылі – так і ўсё! Я лічу, што ў нас ня будзе росту беспрацоўя. У нас дастаткова працоўных месцаў. Вы мусілі чуць пра наш “Пастаўскі мэблевы цэнтАр” – унітарнае прыватнае прадпрыемства, больш за 700 працаўнікоў. Каля 100 чалавек мы навучаем новым спэцыяльнасьцям з пэрспэктывай працаўладкаваньня. І ствараем каля 500 працоўных месцаў. Для невялікага гарадка гэтага дастаткова”.

Пра цяжкасьці працаўладкаваньня ў Паставах вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Бароўка шмат чуў не ад чыноўнікаў, а ад мясцовых людзей – калі балятаваўся на мінулых выбарах у дэпутаты Парлямэнту. Паводле афіцыйных вынікаў, ён прайграў свайму праўладнаму суперніку – старшыні Пастаўскага райвыканкаму. Цяпер у Паставах чакаюць іншага кіраўніка, і, мажліва, нейкіх зьменаў на рынку працы:

“Многія прадпрыемствы на мяжы банкруцтва. Да прыкладу, кансэрвавы завод. У цяжкім стане льнозавод, калісьці знакаміты завод “Беліт” выкручваецца як можа. Таму нашы хлопцы зьяжджаюць на заробкі ў Расею, Латвію, Літву. Зарабляюць там да 1000 даляраў. Працуюць там будаўнікамі, шафёрамі. Тут можна дзе-небудзь прыладкавацца, але на заробак 250-300 тысяч рублёў. Хіба можна на такія грошы пражыць?”

Сёньня ў былога камандзіра авіяпалка Ўладзімера Бароўкі ёсьць пэрспэктыва ўладкавацца хіба што вартаўніком за 200 тысяч рублёў у месяц. На ягоную думку, дзяржаўныя праграмы павінны забясьпечваць на толькі наяўнасьць працоўных месцаў, але й заробкі – такія, каб не даводзілася зьяжджаць з малой радзімы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG