Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас у кожнага аднаго з двух — савецкі дух”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы выказваюцца пра 7 лістапада, адгукаюцца на эпідэмію грыпу, разважаюць пра тое, ці справядлівыя кошты на газ для насельніцтва.

За выходныя на аўтаадказьніку шмат званкоў з нагоды 7 лістапада. Некаторыя аўтары сякуць, што называецца, з-за пляча.

Спадар: “Я віншую ўсіх вас і ўсіх нас са сьвятам 7 лістапада. Я ўпэўнены на 1000 адсоткаў, што гэтае сьвята будуць сьвяткаваць усе нармальныя людзі, якія не паддаліся ні на даляры, ні на прадажнасьць. Толькі фашысты могуць казаць, што сьвята 7 лістапада не патрэбнае”.

А вось ня менш лёзунгавы адказ:

Спадар, Смаргонь: “Хачу павіншаваць усіх тых, хто сёньня адзначае дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як казаў дзядзька Зянон: “Укрыжуйма бальшавізм калючым дротам!” Дзякуй!”

Аднак ёсьць у пошце і званкі з дакладна матываваным непрыманьнем кастрычніцкіх падзеяў.

Валянціна, Бабруйск: “Адумайцеся! Перастаньце лічыць 7 лістапада сьвятам! Гэта тыдзень не чырвонага, а крывавага календара. Нават у Расеі апомніліся. Майго дзядулю і дзядзьку, жыхароў вёскі, забілі толькі за тое, што яны не хацелі ў калгас уступаць. Пасьля гэтых злачынстваў зьлегла і памерла бабуля. Яе дзеці пакутавалі. Дасталася і мне ад гэтага страшнага камуністычнага рэжыму. З павагай”.

Заканчваем гэты тэматычны блёк радкамі Валера Курневіча з Барысава:

“Сярод беларусаў засталося шмат зомбі і саўкоў. У кожнага аднаго з двух — савецкі дух. Калі ня верыш, тады ідзі да беларускага календара і праверыш. Даўно ўжо пара жыць па-эўрапейску, а мы жывем па-савецку”.

Наступная актуальная для слухачоў “Свабоды” тэма — эпідэмія грыпу.

Спадар: “Я чарнобыльскі непрацаздольны інвалід. На свае грошы не магу набыць нават марлевай павязкі і неабходных лекаў пры тэмпэратуры ўжо 37,5. Дзякую”.

Чарговы званок — з пытаньнем.

Спадар: “Калі мой унук-студэнт закрываў бальнічны пасьля двух тыдняў грыпу, у яго нават не ўзялі ніякіх аналізаў. Раней такога ніколі не было. Гэта — проста безадказнасьць ці наўмысная спроба прыглушыць нейкім чынам праўду, прыхаваць нейкую тэндэнцыю?”

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — лекарка з Мастоў Тацяна Павіна:

Тацяна Павіна
“Усё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі. Калі ў вашага ўнука першы аналіз быў у прынцыпе нармальны, то можна было і не паўтараць яго пры закрыцьці лістка непрацаздольнасьці. Іншая рэч, як аналізы былі вельмі дрэнныя і ў лекараў мусілі ўзьнікнуць пэўныя сумневы з-за ці то вельмі высокіх або рэзка паніжаных паказчыкаў, што не адпавядалі ступені працэсу запаленьня, дык, зразумела, патрабаваўся паўторны кантроль”.

І напрыканцы — вашыя парады журналістам Радыё Свабода.

Віктар, Менск: “Вось нарэшце і на Радыё Свабода зразумелі, што жыхарам не хапае інфармаванасьці. Менавіта інфармаванасьці. І гэтым можна павялічыць колькасьць слухачоў. Інфармаванасьць і пра камунальныя паслугі, і адкуль бярэцца іх кошт. Дакладна, газ — Расеі плацім 160 даляраў за 1000 кубамэтраў, а чаму жыхары вёскі плацяць за 50 літраў 15 даляраў? Кошт электраэнэргіі, вады, гарачай вады — вось і працуйце над інфармаванасьцю, і павялічыце колькасьць слухачоў”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266—39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG