Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа перадаў Лукашэнку сувэнір, а не мэдаль


Кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка прыняў сёньня прадстаўнікоў рэлігійных канфэсій, якія бяруць удзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Хрысьціянска-юдэйскі дыялёг: рэлігійныя каштоўнасьці як аснова ўзаемапавагі ў грамадзянскай супольнасьці ва ўмовах глябальнага эканамічнага крызісу”.

Дзяржаўныя мэдыі перадалі, што падчас сустрэчы кардынал Вальтэр Каспэр уручыў Аляксандру Лукашэнку мэдаль папы рымскага Бэнэдыкта XVI. Пры гэтым кардынал перадаў папскае дабраслаўленьне “дзяржаўнай дзейнасьці кіраўніка Беларусі ў імя міру і людзей”.

Камэнтуючы гэтую навіну для “Свабоды”, прэсавы сакратар Беларускай рымска каталіцкай царквы ксёндз Аляксандар Амяльчэня сказаў, што гэтая інфармацыя не зусім дакладная:

“Ніякага мэдаля не было. Гэта быў сувэнір у выглядзе мэдаля. Абсалютна нармальная практыка. Ён уручаецца як сувэнір пры такіх спатканьнях. Ніякага мэдаля не ўручалі”.

Ці абмяркоўвалася падчас сустрэчы пытаньне візыту папы рымскага ў Беларусь?

“Гэтая сустрэча і пытаньні, якія абмяркоўваліся на ёй, былі менавіта зьвязаныя з дыялёгам”.

Падчас сустрэчы кардынал Вальтэр Каспэр нагадаў пра візыт дзяржсакратара Ватыкану кардынала Тарчызіё Бэртонэ і пра тое пагадненьне, якое цяпер распрацоўваецца паміж Сьвятым пасадам і Беларусьсю.

Кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка, прымаючы прадстаўнікоў розных канфэсій, заявіў, што ў Беларусі выпрацаваная “ўнікальная мадэль стасункаў улады і царквы”. У краіне ствараюцца неабходныя ўмовы для дзейнасьці ўсіх зарэгістраваных рэлігійных арганізацый. Паводле А.Лукашэнкі, “нашы законы не дазваляюць ніякай дыскрымінацыі паводле расавых, нацыянальных і рэлігійных прыкметаў”.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін пракамэнтаваў гэтыя заявы:

“Наконт таго, што нашы законы адпавядаюць усім міжнародным стандартам і не парушаюць правы вернікаў — гэта, мякка кажучы, не зусім так. Прыкладам, ужо ў прэамбуле “Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” ёсьць пералік тых канфэсій, якія там значацца як традыцыйныя ў Беларусі. Паводле духу закону гэта значыць, што яны маюць перавагу над іншымі канфэсіямі. У гэты пералік не ўваходзяць эвангельскія цэрквы. А мы, эвангельскія хрысьціяне, адчуваем гэта на сабе, — гэтую дыскрымінацыю. Нам не дазваляюць рабіць тое, што дазваляюць іншым канфэсіям. Прыкладам, амаль немагчыма зарэгістраваць новую суполку, немагчыма суполцы набыць рэлігійны будынак. Між тым гэтым пасьпяхова займаюцца іншыя канфэсіі”.
XS
SM
MD
LG