Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа рымскі — за вызваленьне ад дэспатычнага рэжыму


28 верасьня завяршыўся 13-ы замежны візыт папы рымскага Бенэдыкта ХVI. Яго паломніцтва ў Чэхію было прымеркавана да сьвяткаваньня дзён сьвятога Вацлава — нябеснага ахоўніка чэскіх земляў. СМІ Чэхіі выказвалі меркаваньне, што пантыфік выбраў Чэхію як найбольш атэістычную краіну Эўропы.


Згодна з афіцыйнай статыстыкай, каталікі складаюць 27% насельніцтва краіны, чэскія эвангелісты і гусіты — каля 2%, іншыя рэлігіі — каля 3%.

Ініцыятарам візыту папы рымскага ў Чэхію была каталіцкая эпархія Брно. Цягам трох дзён у Чэхіі Бенэдыкт XVI наведаў Прагу, Брно і Стары Баляслаў, што недалёка ад Прагі. Каб зрабіць сустрэчу чэхаў і папы рымскага ня толькі незабывальнай, але й камфортнай, ад некалькіх станцый мэтро Прагі да Старога Баляслава хадзілі адмысловыя бясплатныя аўтобусы. Гэтыя ж аўтобусы пасьля заканчэньня імшы развозілі наведвальнікаў назад, робячы паездку камфортнай і беспраблемнай.

На сустрэчы, апроч чэхаў, было і шмат палякаў. Групы людзей набліжаліся да поля за горадам са сьпевамі, азначаючы сябе як нацыянальнымі сьцягамі, так і сьцягамі Ватыкану.

Сярод рознакаляровых сьцягоў кінуўся на вока бел-чырвона-белы беларускі. Аказалася, яго трымаў беларус, студэнт чэскага ўнівэрсытэту.

Кажа, што першы раз сустрэнецца з Папам, што пачувае сябе шчырым каталіком і ўспрымае магчымасьць папрысутнічаць на імшы папы рымскага як знакавую, у чымсьці нават лёсавызначальную.

Разам зь ім — мужчына-чэх. Ён таксама ўсьцешаны магчымасьцю сустрэцца з папам рымскім.

"А традыцыя шчырага верніцтва, на Ваш погляд — гэта рыса нацыянальная ці гэта проста ідзе ад сям’і, ад выхаваньня, ад тых духоўных каштоўнасьцяў, якія культывуюцца сям’ёй?"

"Пра нас, чэхаў, кажуць,што мы ня самая рэлігійная нацыя. Але мы можам на гэта адказаць так: галоўнае ня колькасьць, галоўнае — якасьць."


Арганізацыя вельмі масавага мерапрыемства ўражвала: тэрыторыя поля падзелена на сэктары, у кожнага на квітку пазначана мапа гэтага поля. Вонкава здавалася, што прысутных — ня меней за 10 тысяч чалавек, але нідзе ніякага тлуму, усе спакойныя, усьмешлівыя, радасныя.

У адмысловых шапіках прадавалася піва, але папулярнасьцю не карысталася, чэргі стаялі па каву і гарбату.

Многія паклапаціліся пра ўласны камфорт самастойна: людзі сталага веку ўзялі з сабой раскладныя зэдлікі; хто прыехаў сям’ёй, расклалі дыванкі, бо стаяць колькі гадзін на нагах — цяжкавата.

Кожны жадаючы перад візытам папы рымскага мог бясплатна атрымаць sms-паведамленьні з цытатамі пантыфіка. Пра гэта паведамляла ў СМІ прэс-служба каталіцкай эпархіі Брно.

Калі пачалася імша, усталявалася глыбокая цішыня.

Уражвала, што можа быць так ціха, калі ў адным месцы поплеч стаіць ці ня больш за 10 тысяч чалавек.

А далей гэта выглядала, як звычайная імша. Людзі разам паўтаралі малітвы, сьпявалі. Эмацыйны ўздым ня мог ня ўзрушваць: сьветлыя ўсьмешкі на тварах людзей, супольнасьць малітвы, еднасьць веры...

СМІ Чэхіі шырока цытуюць папу рымскага, які асудзіў некалі прысутны ў Чэхіі камуністычны рэжым за перасьлед Рымска-каталіцкай царквы:

“Я далучаюся да вас і вашых блізкіх ва ўдзячнасьці за вызваленьне ад гэтага дэспатычнага рэжыму”.

.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG