Лінкі ўнівэрсальнага доступу

350 тысяч за год пакутаў


Маці пацярпелай дзяўчынкі Юлія Ганчар (зьлева) і яе старэйшая сястра Вольга.
Маці пацярпелай дзяўчынкі Юлія Ганчар (зьлева) і яе старэйшая сястра Вольга.

Сёньня Чэрыкаўскі раённы суд разгледзеў справу аб спагнаньні матэрыяльнай шкоды на карысьць школьніцы з Краснапольля Людмілы Ганчар.

Нагодаю для суду стаў пазоў яе маці Юліі Ганчар. Яна патрабавала 7 мільёнаў рублёў зь сем’яў дзьвюх школьніц, якія летась зьбілі ейную дачку. Судзьдзя Алена Цыркунова пастанавіла задаволіць пазоў толькі часткова — прысудзіла выплаціць 350 тысяч рублёў.

На разгляд справы былі дапушчаныя толькі непасрэдныя ўдзельнікі працэсу: пазоўніца Юлія Ганчар з старэйшай дачкою Вольгай, а таксама бацькі дзьвюх дзяўчын, якія ўчынілі бойку зь меншай дачкою пазоўніцы — Людмілай. У якасьці адказчыц на судзе прысутнічалі й самі непаўналетнія дзяўчаты — Настасься Скоўпіна і Людміла Росьлікава. Пацярпелай ад іх Людмілы на судзе не было. На тым, каб працэс быў закрыты, настаялі бацькі адказчыкаў. Іх пазыцыю падтрымала й памочніца чэрыкаўскага пракурора Людміла Яверкіна. Супраць закрытага працэсу выступіла Юлія Ганчар.

“Заслухаўшы пазыцыю бакоў і пракурора, зыходзячы з артыкулу 17-га Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, суд, каб прадухіліць распаўсюджваньне інфармацыі, якая тычыцца непаўналетніх асобаў, пастанавіў правесьці судовыя слуханьні па справе на закрытым паседжаньні”, — заявіла судзьдзя Алена Цыркунова.

Слуханьне справы доўжылася каля чатырох гадзінаў. Вырак суду Юлія Ганчар лічыць несправядлівым і заяўляе, што будзе яго абскарджваць у Магілёўскім абласным судзе.

“Дзьве дзяўчынкі білі. Адной прысудзілі 350 тысяч, а другой нічога.
Вядома, тата — міліцыянэр. Пахадзіў тут, каб не далі ім.
Вядома, тата — міліцыянэр. Пахадзіў тут, каб не далі ім”, — наракае спадарыня Ганчар.

Бацька адной зь дзяўчат — Уладзімер Росьлікаў — у суд прыйшоў у форме капітана міліцыі. Яго дачка Людміла і яе сяброўка, абедзьве школьніцы першай краснапольскай школы, вінаватымі сябе не прызналі. Паводле Юліі Ганчар, яны ў судзе націскалі на тое, што Людміла трапіла ў бальніцу не з-за таго, што яе пабілі. Яны заклікалі суд адмовіць у задавальненьні пазову. Пазыцыю дзяцей падтрымалі і іхныя бацькі.

Судзьдзя Алена Цыркунова прызнала вінаватай толькі адну зь дзяўчын. Яе сям’я мусіць кампэнсаваць маральную і матэрыяльную шкоду сям’і Ганчароў у суме 350 тысяч рублёў.

Суму, якую суд прызначыў выплаціць, Юлія Ганчар называе неадпаведнай выдаткам, якія давялося ўкласьці ў аднаўленьне здароўя дачкі, і маральнаму стрэсу, ад якога тая не акрыяла дагэтуль:

“Яна што зьесьць, тое вырве. Худая зусім. Ня сьпіць начамі. Плача. Яна ляжала 23 дні ў бальніцы. Я купляла ёй лекі. Давалі рэцэпт такі, што не было лекаў для нэрваў такіх, у дзіцячым аддзяленьні не было. Я чэкаў ня брала, я ж ня ведала, што іх трэба браць. І харчаваньне ёй брала, і сокі. Дзіця ж у бальніцы ляжала”.

Людміла Ганчар
У Людмілы Ганчар няма бацькі. Яна вучыцца таксама ў першай Краснапольскай школе ў восьмай клясе. Канфлікт зь дзьвюма дзяўчынамі здарыўся летась 14 лістапада. Зьбіцьцё моцна адбілася на Людміліным эмацыйным стане. Акрыяць дзяўчынка ня можа й дагэтуль.

Сёлета 15 кастрычніка мэдык-псыхіятар і два міліцыянты намагаліся даставіць Людмілу Ганчар з дому ў магілёўскую псыхіятрычную лякарню. Супраць гэтага запярэчыла маці дзяўчынкі. Тады псыхіятар пры дапамозе міліцыянтаў зрабіў ёй заспакаяльны ўкол. Пасьля гэтага міліцыянты й мэдык сышлі.

Днямі Юлія Ганчар атрымала адказы на свае скаргі са шпіталю й міліцыі. Зь іх вынікае, што мэдык і міліцыянты дзейнічалі ў адпаведнасьці з заканадаўствам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG