Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэрыкаве будуць судзіць школьніц-хуліганак


Людміла Ганчар з Краснапольля.
Людміла Ганчар з Краснапольля.
30 кастрычніка Чэрыкаўскі раённы суд пачне разгляд грамадзянскай справы аб кампэнсацыі маральнай і фізычнай шкоды непаўналетняй жыхарцы райцэнтру Краснапольле Людміле Ганчар. З адпаведным пазовам у суд зьвярнулася яе маці Юлія Ганчар. Яна сьцьвярджае, што летась 14 лістапада яе дачку зьбілі дзьве школьніцы. Зь іх бацькоў і зьбіраюцца Ганчары спагнаць сем мільёнаў рублёў. Нагадаем, што два тыдні таму два міліцыянты, якімі кіраваў псыхіятар, паспрабавалі гвалтам даставіць Людмілу ў магілёўскую абласную лякарню.

Дамагаліся судовага працэсу Юлія й Людміла Ганчары ад траўня. Паводле хроснага бацькі дзяўчынкі Валера Сядлецкага, у самім Краснапольлі раённы суд ухіляўся распачынаць справу. Тады яны зьвярнуліся са скаргай у Вярхоўны суд Беларусі.

“Мы зазначылі, што выканаўца абавязкаў старшыні Краснапольскага суду — сам былы міліцыянэр, а вінаватыя ў зьбіцьці — дзеці работнікаў міліцыі, таму мы лічым, што ня можам разьлічваць на справядлівы разгляд пазову ў Краснапольскім судзе. Тады нам адказ прыйшоў, што справа будзе разглядацца ў судзе Чэрыкаўскага раёну”, — зазначае Валер Сядлецкі.

У Юліі Ганчар няма бацькі. Яна вучыцца ў першай Краснапольскай школе ў восьмай клясе. У гэтай жа школе вучацца й дзьве дзяўчыны, якія летась яе жорстка зьбілі. Пасьля зьбіцьця Людміла 21 дзень праляжала ў бальніцы. Зьбіцьцё паўплывала на яе эмацыйны стан. Ачуняць яна ня можа й дагэтуль.

Мэдыкі вырашылі пакласьці непаўналетнюю на лячэньне ў псыхіятрычную лякарню. Сёлета 15 кастрычніка туды меліся яе даставіць два міліцыянты і псыхіятар мясцовай раённай бальніцы. Супраць гэтага ў сваім доме выступіла маці дзяўчынкі. Тады псыхіятар пры дапамозе міліцыянтаў ўвёў ёй заспакаяльны ўкол. Пасьля гэтага міліцыянты й мэдык сышлі.

Дзяўчынкі дома не было. Пасьля візыту мэдыка й міліцыянтаў Людмілу хавалі, бо баяліся, што выкрадуць. Нават не пускалі ў школу. Валер Сядлецкі днямі наведаў раённы аддзел адукацыі і атрымаў гарантыі, што ў школе з хрэсьніцай нічога ня здарыцца:

“Начальнік аддзелу выклікала дырэктара школы, кляснага кіраўніка. Дырэктар школы паабяцала, што ў школе прапускны рэжым і калі раптам лекар прыйдзе або міліцыя, то ёй адразу дакладуць і яна не дазволіць забраць дзяўчынку ў псыхіятрычную лякарню”.

Каб абараніць Людмілу Ганчар ад міліцыі і мэдыкаў, яе сваякі вымушаныя былі зьвярнуцца да праваабаронцаў і журналістаў недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Пасьля звароту ні міліцыянты, ні мэдыкі дзяўчынку і яе сваякоў не даймаюць. Факты выкладзеныя ў скарзе на двух міліцыянтаў, якія выконвалі загады мэдыка, цяпер правяраюцца службай унутранай бясьпекі міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG