Учора мы паведамлялі, што Польшча, якая цяпер экспартуе каля 500 тысяч тон дызэльнага паліва зь Беларусі штогод, пасьля запуску згаданага трубаправоду, плянуе закупляць 2 мільёны тон беларускай „саляркі” ў год.
Сёньня мы зьвязаліся зь Міністэрствам эканомікі Польшчы і папрасілі Ганну Смарчынскую, экспэрта ў Дэпартамэнце нафты і газу, падзяліцца з намі некаторымі падрабязнасьцямі адносна гэтага польска-беларускага праекту.
Максімюк: Адкуль і дакуль будзе ісьці трубаправод, якім мяркуецца перасылаць беларускае дызэльнае паліва ў Польшчу?
Смарчынская: Трубаправод будзе злучаць базу Бярнады ў Беларусі, уласьнікам якой зьяўляецца Беларуснафта, з польскай паліўнай базай у Малашэвічах, уласьнік якой — кампанія LPP. Гэта ня надта вялікі праект, бо і адлегласьці тут кароткія. Зь беларускага боку гэта каля 8,5 кілямэтра трубаправоду, які, здаецца, ужо поўнасьцю пабудаваны, а і пад ракою Буг праход таксама ўжо выкананы. З польскага боку трэба пабудаваць 8,6 кілямэтра трубаправоду ад ракі Буг да базы ў Малашэвічах.
Максімюк: Хто першы прапанаваў гэты праект — польскі ці беларускі бок?
Смарчынская: Гэты праект пачаўся ўжо даволі даўно, ці не ў 2004 годзе, так што я і не згадаю, хто яго прапанаваў. Па-мойму, ініцыятарам пабудовы трубаправоду Бярнады-Прылукі-Малашэвічы быў беларускі бок.
Максімюк: А што будзе зь беларускай „саляркай”, якая дойдзе да базы ў Малашэвічах? Яна адтуль пойдзе далей у Польшчу трубою, ці будуць яе развозіць у цыстэрнах?
Смарчынская: Няма прадуктовага трубаправоду, якім дызэльнае паліва магло б пайсьці далей у Польшчу. Паводле плянаў, уласьнікам трубаправоду на польскім баку будзе кампанія LPP, а атрымальнікамі гэтага паліва, на аснове заключаных пагадненьняў, будуць Orlen i Lotus, дзьве агульнапольскія сеткі аўтазаправачных станцый.