Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля допыту ў міліцыі выпаў з чацьвёртага паверху


Транспартная пракуратура правярае абставіны падзеяў, якія мелі месца 9 кастрычніка ва ўпраўленьні міліцыі на транспарце Менскай вобласьці. Сваякі Максіма Кузьміных паведамілі ў пракуратуру, што хлопца зьбівалі супрацоўнікі міліцыі. Пасьля допыту Максім трапіў у рэанімацыю. Паводле ж інфармацыі зь міліцыі, хлопец быў нападпітку і выпаў з чацьвёртага паверху.

Сястра Максіма Кузьміных паведаміла “Свабодзе”, што сёньня яе брата тэрмінова выпісваюць са шпіталя хуткай дапамогі.

Тацяна Гайс распавяла, што яе брату, які працаваў на будоўлі ў Менску, ад 2 кастрычніка тэлефанавалі міліцыянты і прасілі сустрэцца, каб паразмаўляць. 9 кастрычніка да Тацяны прыехаў супрацоўнік крымінальнага вышуку транспартнай міліцыі Сяргей Кахно і патэлефанаваў ад яе Максіму.

Міліцыянт заехаў па Максіма на працу і адтуль павёз хлопца ў міліцыю. Пазьней Тацяна тэлефанавала брату і ён казаў ёй, што ад яго патрабуюць падпісаць нейкія дакумэнты. Праз гадзіну Максім казаў, што на яго “наехалі” і ён усё падпісвае. Тацяна занепакоілася, бо брат гаварыў вельмі неразборліва. Пасьля гэтага сувязі зь ім больш не было.

Тацяна шукала свайго брата да наступнага дня, калі даведалася, што ён знаходзіцца ў рэанімацыі шпіталя хуткай дапамогі. Міліцыянты казалі, што Максім быў п’яны і выкінуўся з чацьвёртага паверху. Пры гэтым на працы ў Максіма ўсе сьцьвярджалі, што хлопец, калі па яго прыехаў міліцыянт, быў цьвярозы. Сваякі Максіма Кузьміных зьвярнуліся ў пракуратуру.

Тацяна Гайс паведаміла са шпіталя:

“Ціск адчуваецца. На працы на кагосьці быў ціск. Яго выпісваюць. Быў раніцай абход прафэсарскі. Прафэсар сказаў, што трэба пакінуць яшчэ паляжаць. Спытаў, як гэта здарылася. Казаў, што дзіўна неяк. А потым прыйшоў лечачы ўрач і сказаў: “Мы зараз хуценька зробім ультрагукавое дасьледаваньне і па выніках яго будзем глядзець на далейшае лячэньне”.

Зрабілі і рыхтуюць на выпіску. Чаму? Ну, тут відавочна, чаму. Хочуць хутчэй пазбавіцца яго. Вось сёньня прыяжджаў супрацоўнік Кахно Сяргей. Пасьля размовы зь ім Максіма сталі хутка рыхтаваць на выпіску. Тут яшчэ стаіць пытаньне, зь якім бальнічным яго выпішуць. І хто за гэта будзе плаціць”.

Сяргей Барабанаў, кіраўнік крымінальнага вышуку ўпраўленьня міліцыі на транспарце Менскай вобласьці, дзе працуе Сяргей Кахно, паведаміў “Свабодзе”, што чакае вынікаў пракурорскай праверкі.

“Мае супрацоўнікі нікога ня білі. За час маёй службы ў органах, лічыце, 25 гадоў, у крымінальным вышуку, такога не было, няма і ня будзе. Таму ў дадзеным выпадку я нічога не хачу камэнтаваць. Са шпіталя яго выпісваюць? А што ж, калі яго так зьбівалі і выкінулі, то што ж са шпіталя выпісваюць?! Давайце пачакаем, калі скончыцца праверка”.

Тацяна Гайс вучыцца на юрыста. Яна кажа, што была ў шоку, калі брат распавёў ёй, што здарылася ў міліцыі.

Выпадкі, калі ў міліцыі зьбівалі ці запалохвалі людзей, бывалі даволі часта.

У Першамайскім раёне сталіцы апэратыўнікі на чале з Крамсаевым катавалі людзей, каб “выбіць” прызнаньне віны. Супрацоўнікі патрульна-паставой службы Маскоўскага раёну неаднойчы зьбівалі затрыманых. У шпіталь трапіў нават супрацоўнік пракуратуры.

У выцьвярэзьніку Першамайскага раёну міліцыянты забілі начальніка зьмены гадзіньнікавага заводу.

Падчас допыту ў міліцыі менскага раёну зламалі хрыбет 19-гадоваму хлопцу, якога падазравалі ў крадзяжы курткі коштам 10 даляраў.

Час ад часу міліцыянтаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці за злоўжываньне службовым становішчам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG