Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За аўтамабілі будзем плаціць, як расейцы?


Адзіны мытны кодэкс для краінаў агульнай мытнай прасторы — Беларусі, Расеі і Казахстана — падрыхтаваны і будзе падпісаны ў Менску 27 лістапада. Пра гэта было абвешчана ўчора падчас паседжаньня рады кіраўнікоў мытных службаў краін СНД ў Казані. Зараз гэты дакумэнт вывучаюць у міністэрствах і ведамствах Беларусі. Чыноўнікі заяўляюць, што не ва ўсім новы кодэкс адпавядае інтарэсам грамадзянаў краіны. У прыватнасьці, мыта на імпартныя аўтамабілі, верагодна, наблізіцца да расейскіх памераў.

Спажыўцоў імпартных тавараў у Беларусі перадусім цікавіць, ці зьменіцца мыта на ўвоз аўтамабіляў з эўрапейскіх краін, якое цяпер значна ніжэйшае, чым для расейскіх спажыўцоў. У камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў пра гэты дакумэнт ведаюць, але пракамэнтаваць намесьніца старшыні Ала Ісачэнка адмовілася:

“Я ведаю пра мытны кодэкс дастаткова шмат. Я як дэпутат камісіі, хоць і намесьніца старшыні, маю некаторыя паўнамоцтвы. І ў межах гэтых паўнамоцтваў я і займаюся. Таму я вам магу сказаць асабіста за сябе, але ня маю права казаць за ўсю камісію”.

Новы мытны кодэкс адмовіліся пракамэнтаваць таксама ў Дзяржаўным мытным камітэце. У прыватнасьці, кіраўнік прэсавай службы Уладзімер Пехцераў заявіў:

“Я магу з вамі размаўляць, але адказваць на вашыя пытаньні — наўрад ці. Мне для гэтага патрэбная віза вашага кіраўніцтва, а ад вас — пісьмовы запыт. Мы не даем камэнтары па тэлефоне і не адказваем на пытаньні прадстаўнікоў СМІ. Даруйце, але ў нас такі парадак”.

Нагадаю, што цяпер у Беларусі мыта на аўтамабіль, не старэйшы за 10 гадоў, складае ад 0,35 да 0,6 эўра за кубічны сантымэтар. Расейскае мыта на гэткі ж аўтамабіль складае 2,5-5,8 эўра. У гэтай частцы новы мытны кодэкс уніфікаваны ў бок расейскіх стандартаў, паведаміў намесьнік Управы зьнешнеэканамічных сувязяў Міністэрства эканомікі Сяргей Нячаеў:

— Мы яго абмяркоўвалі цягам паўтара дня — і ўсё.

— Уніфікацыя адносна ўвозу аўтамабіляў у бок Беларусі ці Расеі?

— Гэта якраз тая пазыцыя, якая нам крыху ня выгадная.

— Гэта значыць, у бок Расеі?

— Так. Але ў некаторых момантах зьнівэлявалі — дзесьці лепш Расеі, а дзесьці лепш нам.

— На колькі можа павысіцца кошт аўтамабіляў?

— Давайце пачакаем, пакуль дакумэнт будзе падпісаны. Пакуль гэта яшчэ толькі праект. Мы таксама зацікаўленыя даведацца падрабязнасьці. А ўвогуле перамоўцеся з МЗС. Бо гэты кодэкс распрацоўвала МЗС.

Паведаміць падрабязнасьці новага мытнага кодэксу да моманту ягонага падпісаньня ў Міністэрстве замежных спраў адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG