Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня літаральна задыхаецца ад машын


Аўтамабільны затор
Аўтамабільны затор
350 аўто на адну тысячу жыхароў — паказчык вышэйшы за сталічны. Горад разьдзяляе рака Нёман, на ёй тры масты, аднак большасьць кіроўцаў па-ранейшаму стараецца праехаць па Старым мосьце праз гістарычны цэнтар, які ніяк не разьлічаны на тысячы машын. Што рабіць?

Не сакрэт, што амаль кожны маладзён сёньня імкнецца атрымаць правы, каб езьдзіць. І купляць машыны нікому не забароніш. Як глядзіць на праблему кіроўца са стажам гарадзенец Віктар Сазонаў?

Сазонаў: “Самая галоўная праблема ня ў тым, што будзе расьці колькасьць машын, а ў тым — ці правільна службы, якія адказваюць за бясьпеку руху, а таксама гарадзкія ўлады, разьмяркоўваюць сродкі на паляпшэньне ўмоваў руху. Як на мяне, робіцца нямала карыснага, безумоўна. Асабліва што датычыць стаянак. Але шмат што, на маю думку, робіцца бесталкова. Напрыклад, гэта датычыць „правай стрэлкі“, якая дазваляе кіроўцу збочваць, калі няма пешаходаў. Такія стрэлкі дадалі б парадку на нашых скрыжаваньнях”.

А што яшчэ ўскладняе жыцьцё гарадзенскім кіроўцам?

Сазонаў: “Не пераглядаецца рэжым працы сьвятлафораў, няма „зялёнай хвалі“. Па-другое, мы, кіроўцы, не выкарыстоўваем аднолькава ўсе дарогі, адсюль перагружанасьць. А ўзяць пераезды: ці трэба было нам рамантаваць Стары мост церазь Нёман, можа, лепей было б пабудаваць новы. Пытаньне: ці працуюць спэцыялісты над тым, як разгрузіць горад ад транспарту?”

У аддзеле транспарту і камунікацый аблвыканкама пераконваюць, што гэтай праблемай улады займаюцца ўшчыльную.

Чыноўнік: “Ясна, што нікому не забароніш і купляць і мець больш, чым адну машыну на сям’ю. Улады стараюцца па вуліцы Вольгі Соламавай пусьціць плынь, мост пашырылі Стары, цягам месяцу ён сябе акупіў, спрыяе разгрузцы. Наконт таго, што вузкія вуліцы ў старым цэнтры, то адносна аўтобусаў уводзіцца сыстэма GPS, можна пусьціць іх іншым маршрутам, разгружаць вуліцы”.

Існуе надзея, што машыну зараз будзе набыць цяжэй, чым было апошнім часам, а значыцца гарадзенцы зьменшаць свой пакупніцкі імпэт.

Чыноўнік:
Можа, мытны саюз Расеі, Беларусі і Казастану паспрыяе нейк таму, што менш аўтамабіляў будзе.
“Можа, мытны саюз Расеі, Беларусі і Казастану паспрыяе нейк таму, што менш аўтамабіляў будзе. Ва ўмовах крызісу, тым больш. Але што было куплена раней, тое куплена”.

Чыноўнік прызнаецца, што пакуль не ўдалося накіраваць транспарт у абход гістарычнага цэнтра. Напэўна, варта абмежаваць уезд туды, мяркуе ён.

Чыноўнік: “Бо ідзеш, глядзіш: усе машыны стаяць на тратуарах. Напэўна, ДАІ павінна працаваць, бо ёсьць знакі, што забараняюць стаянку ў цэнтры, але стаіць кавалькада машын. Апошнім часам яны пачалі з гэтым разьбірацца. Але нашыя людзі лічаць, што гэта неабавязкова выконваць, тут адна з прычынаў”.

Ці менш сталі гарадзенцы купляць і рэгістраваць легкавых машын? Пра гэта я пацікавіўся ў Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі.

Міліцыянтка: “Сёньня наш супрацоўнік, які займаецца аглядам транспарту перад рэгістрацыяй, сказаў, што сёньня вельмі шмат людзей, уся пляцоўка застаўленая машынамі. Так што я не гатовая сказаць, наколькі крызіс паўплываў на дабрабыт нашых грамадзянаў”.

Заторы на гарадзенскіх вуліцах асабліва перашкаджаюць тым, для каго машына — гэта праца. Адзін зь іх, Мікола Лемяноўскі, працаваў дагэтуль на таксі.

Лемяноўскі: “Я кіроўца з дваццацігадовым стажам, каля мільёна кілямэтраў я ўжо наезьдзіў за сваё жыцьцё. Праблема ў горадзе з транспартам існуе.
Зрабілі больш шырокім і прыгожым Стары мост, але атрымалася чарговае „бутэлечнае рыльца“.
Па-першае, нашае кіраўніцтва не займаецца транспартнай лягістыкай, яно вырашае праблему ўчорашняга дня, наперад нічога ня робіць. Аб’язныя дарогі перадусім. Плюс — мая думка — вялікія памылкі зроблены ў накірунку плыняў транспарту. Найперш гэта датычыць Старога гораду. Ну, так: зрабілі больш шырокім і прыгожым Стары мост, але атрымалася чарговае „бутэлечнае рыльца“. Стары горад трэба разгружаць, а не наадварот — што атрымалася насамрэч”.

Вось якая перанагружанасьць транспартам здараецца ў гістарычнай забудове Горадні ў гэтыя дні:

Лемяноўскі: “Я ведаю, што ў гадзіны пік, каб праехаць ад вуліцы Карла Маркса да плошчы Леніна па Сацыялістычнай вуліцы патрэбна 15-17 хвілін, да дваццаці прастаяць можаш, а там мэтраў 500-700. Я горад ведаю, магу аб’ехаць па дварах, але гэта — з парушэньнямі, бо ўвесь час едзеш „пад знакі“”.

Улады стараюцца заплюшчваць вочы на некаторыя праблемы, якія часам толькі ўскладняюць сваімі дзеяньнямі.

Лемяноўскі: “Закрану яшчэ праблему. Пусьцілі транспарт па Вялікай Траецкай і далей, па вуліцы Давыда Гарадзенскага каля драмтэатру. А ў выніку — Новы замак, што на вуліцы Гарадзенскага, пачынае ад вібрацыі цярпець, прасядаць. У ім цяпер такія шчыліны ў сьценах — аловак можна ўставіць. Замак такім чынам калі-небудзь у Нёман можа абрынуцца. Ніхто не падумаў — пусьцілі транспарт каля замку, і схіл паціху едзе ўніз”.

А трэба сказаць, што па Давыда Гарадзенскага якраз ходзяць толькі легкавікі, якіх усё больш у горадзе, цяжкага транспарту там няма. На жаль, ніхто ня здолеў мне адказаць: колькі машын на тысячу жыхароў зможа яшчэ вытрымаць Горадня, і калі самі гарадзенцы хоць раз на год пагодзяцца, што варта рабіць дзень без аўтамабіля, удзельнічаць у агульнаэўрапейскай акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG