Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы родную мову любяць. Засталося толькі на ёй загаварыць


Сацыялягічная лябараторыя “Новак”, Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў і кампанія “Будзьма!” правялі сацыялягічнае дасьледаваньне, мэтай якога было выявіць спэцыфіку нацыянальнай cамаідэнтыфікацыі беларусаў. Апытаньне прайшлі агулам 1011 рэспандэнтаў рознага узросту і сацыяльнага стану зь Менску, Ліды і Воршы.


На нацыянальнай прыналежнасьці беларусамі сябе называюць 87% апытаных, расейцамі – 8%, палякамі -- 2%. Амаль 70% асэнсоўваюць сябе “тутэйшымі” жыхарамі. У параўнаньні з дадзенымі апытаньня Інстытута сацыялёгіі 2004 года, савецкая і эўрапейская ідэнтыфікацыя памяняліся месцамі, кажа сацыёляг Надзея Яфімава:

“У 2004 годзе 16,6% беларусаў адносілі сябе да савецкіх людзей, і 11,3% адносілі сябе да эўрапейцаў. Па дадзеным нашага апытаньня 2009 года 12,5% беларусаў максымальна адносяць сябе да савецкіх людзей, і 15% -- да эўрапейцаў”.

Адказы на пытаньні, што тычацца беларускай мовы, вызначылі дзьве супярэчлівыя тэндэнцыі. Таму сваю прэзэнтацыю дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі назваў “Моўныя практыкі ў сучасным беларускім грамадзтве: паміж
12,5% беларусаў максымальна адносяць сябе да савецкіх людзей, і 15% -- да эўрапейцаў
нацыянальным сымбалем і сродкам камунікацыі”. З аднаго боку, беларуская мова, культура сьцьвердзіліся ў якасьці ідэнтыфікацыйных сымбаляў, так лічыць бальшыня. Але больш за 8% лічаць, што беларуская мова практычна не патрэбная ў сучасным жыцьці. 16% лічаць яе мовай вёскі, глыбінкі, амаль 4% -- мовай апазыцыі.

Мову любяць, але на ёй актыўна не размаўляюць. Прыкладна 32% рэспандэнтаў адказалі, што мовай дастаткова дасканала валодаюць – могуць размаўляць, чытаць, пісаць. 42% адказалі, што чытаюць, разумеюць, але размаўляць вельмі цяжка. 22% разумеюць, але не чытаюць. А зусім не разумеюць 2-3% апытаных. А вось што тычыцца карыстаньня, Віталь Сіліцкі прывёў такія лічбы:

“Стала расейскай мовай карыстаюцца 74% апытаных, што тычыцца беларускай мовы, то тут вельмі цікавая сытуацыя: толькі 6% кажуць, што ёй карыстаюцца увесь час. Але ж, разам з тым, 23% кажуць, што зусім ёй не карыстаюцца”.

Мова не зьяўляецца асноўным крытэрам, так бы мовіць, адбору ў нацыю
Асноўная прычына невыкарыстаньня беларускай мовы ў паўсядзенным жыцьці — адсутнасьць «беларускамоўнага» атачэньня, а не няведаньне мовы. І яшчэ прагматызм: што да рынку працы, кар’еры, адукацыі – тут лепш карыстацца расейскай мовай, кажа Віталь Сіліцкі:

“Сярод сфэраў, дзе грамадзтва больш-менш пагаджаецца на беларукую мову, гэта сфэра адукацыі. У значнай ступені менш называюць сфэру бізнэсу”.

Цікавыя адказы былі і на пытаньне “Каго ў першую чаргу можна лічыць беларусам?” Віталь Сіліцкі працягвае:

“І тут першае месца з пэўным адрывам -- “чалавека, які вырас на беларускай культуры”. У той жа час “чалавека, які размаўляе па-беларуску” – вельмі няшмат. Гэта не зьяўляецца асноўным крытэрам, так бы мовіць, адбору ў нацыю”.

Пасьля прэзэнтацыі вынікаў дасьледаваньня разгарэлася вострая дыскусія. Некаторыя выступоўцы выказалі меркаваньне, што ня трэба было такое апытаньне праводзіць толькі на расейскай мове. У прыватнасьці, пісьменьнік Васіль Якавенка, старшыня ТБМ Алег Трусаў:

“Рабіце апытаньне на дзьвюх мовах, і не навязвайце мову. Калі вы хочаце атрымаць нармальны вынік, прапануйце чалавеку беларускую анкету, не пытаючыся, на якой мове ён хоча яе атрымаць. Бо беларус размаўляе на мове начальства і таго дробнага чыноўніка, які прыходзіць дахаты. А вы, хочаце таго альбо ня хочаце, спрыяеце русыфікацыі Беларусі вось такімі паводзінамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG