Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенка: "Хартыя" хацела манапалізаваць уплыў на Мілінкевіча


Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Адзін з каардынатараў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Зьміцер Бандарэнка распаўсюдзіў заяву адносна падрыхтоўкі да Беларускага эўрапейскага форуму. Ён лічыць, што арганізатары форуму ня могуць праводзіць абвешчаны фотаконкурс пад назваю “Эўрапейская Беларусь”.


Паводле Зьмітра Бандарэнкі, актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” не прэтэндуюць на манаполію ў галіне інтэграцыі Беларусі ў Эўропу. Але ў гэтым выпадку, паводле спадара Бандарэнкі, “Мілінкевіч паводзіць сябе як дробны жулік, ён і яго атачэньне папросту спрабуюць прымазацца да чужых дасягненьняў і чужой працы”.

Намесьнік лідэра руху “За свабоду” Віктар Карняенка назваў паводзіны Зьмітра Бандарэнкі агрэсіўнымі:

“Гэта адбываецца не таму, што ў некага ўкралі брэнд і гэтак далей. Бандарэнка і яго “Хартыя”, дзе яшчэ два чалавекі, напэўна, хацелі манапалізаваць свой уплыў на Аляксандра Мілінкевіча. І я быў некалькі разоў удзельнікам такіх перамоваў. Маўляў, плюньце на ўсё і працуйце з намі. Калі гэтага не адбылося, тады ёсьць такая рэакцыя. Што да Эўрапейскага форуму і наагул да нашых ініцыятыў, то ёсьць арганізацыйны камітэт, які ўзначальвае Аляксандар Мілінкевіч, і ў які ўваходзіць яшчэ некалькі арганізацый, як “Малады фронт”, БХД, Партыя свабоды і прагрэсу, цяпер далучыўся БНФ. І ўсе нашыя дзеяньні па мерапрыемствах, па эўраінтэграцыі ўзгадняюцца не з Лукашэнкам, а з гэтымі людзьмі”.

Зьміцер Бандарэнка
Паводле Зьмітра Бандарэнкі, грамадзянская кампанія “Эўрапейская Беларусь” стартавала без былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Яе ініцыятарамі былі Андрэй Саньнікаў, Міхаіл Марыніч, Мікола Статкевіч, Віктар Івашкевіч. Іх ініцыятыву падтрымалі многія моладзевыя лідэры. Таксама, нагадвае Бандарэнка, лідэры “Эўрапейскай Беларусі” разгарнулі шырокую міжнародную кампанію салідарнасьці зь Беларусьсю:

“Мілінкевіч называў Лукашэнку гарантам незалежнасьці. Гаварыў, што трэба вырваць Лукашэнку ад Расеі, што дыялёг Захаду з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі адарве Лукашэнку ад Расеі. А ў выніку расейскія танкі прыйшлі пад Горадню і пад Берасьце, і вучэньні там будуць сыстэмнымі. Ён казаў, Аўтуховіч мой сябар, але я ня ведаю, ён палітвязень ці не. Такіх рэчаў багата, на жаль, таму і расчараваньне ў гэтым чалавеку”.

Камэнтуючы заяву, спадар Карняенка адзначыў:

“Што да Бандарэнкі і Саньнікава, я хачу згадаць іх прапанову да Мілінкевіча і іх аўтарства таго ліста-звароту Аляксандра Мілінкевіча да Лукашэнкі: што калі размова ідзе пра дзейнасьць у інтарэсах Беларусі, то Мілінкевіч гатовы гэта рабіць, нягледзячы на ўсе супярэчнасьці, якія ёсьць. Аўтары гэтага ліста – Бандарэнка і Саньнікаў. Проста хлопцы крыху засталіся па-за гэтым працэсам, і ім хочацца насамрэч манапалізаваць гэтую ідэю. Падтэкст заявы Банадарэнкі ў тым, што, маўляў, не перашкаджайце нам весьці Беларусь у Эўропу”.

Паводле спадара Бандарэнкі, “Мілінкевіч ужо забыўся пра стварэньне “нацыянальна-патрыятычнага блёку” і разам з Лукашэнкам спрабуе стаць галоўным “эўрапейцам” Беларусі. Віктар Карняенка зважае на пэўныя праблемы са шчырасьцю ў аўтара звароту:

“Калі гэта не барацьба за будучыню Беларусі, а за нейкія іншыя матэрыяльныя рэчы, то тады трэба змагацца не з рэжымам, а з тымі, хто можа перашкодзіць гэтаму. Вось тут такая матывацыя, хутчэй за ўсё. Ну, а што да асабістых выпадаў на адрас Мілікевіча, то гэта праблемы палітычнай культуры спадара Бандарэнкі. Гэта людзі, якія схільныя не да сур'ёзнай сыстэмнай працы, а да нейкіх спэцэфэктаў, заяваў. І для іх працэс важнейшы за сам вынік. Я ня ведаю ніводнай выніковай кампаніі, якую праводзілі гэтыя людзі. Шуму, гаму шмат, а як да выніку, то яго ніколі няма. Мы будзем працаваць на вынік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG