Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Беларусь – гэта 10 мільёнаў эўрапейцаў


Forum 2000 logo
Forum 2000 logo

У Празе праходзіць 13-тая міжнародная канфэрэнцыя “Форум 2000”. Тэма сёлетняга форуму – “Дэмакратыя і свабода ў шматпалярным сьвеце”. Сярод іншага на форуме абмяркоўваюцца праблемы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і Расеі.


У якасьці дэлегата ад Беларусі на “Форум-2000” ня першы год запрашаюць Аляксандра Мілінкевіча. Сёньня лідэр руху “За свабоду!”, выступаючы на праскім форуме, заклікаў дэмакратычны сьвет падтрымліваць незалежнае грамадзтва Беларусі.

“Не трэба забывацца, што краіна, якая называецца Беларусьсю, гэта не толькі аўтарытарная ўлада, але гэта і 10 мільёнаў эўрапейцаў. Таму падтрымайце грамадзянскую супольнасьць Беларусі, незалежныя СМІ... Мы разумеем, што гэта нашая задача -- прынесьці дэмакратыяю да сябе, але вашая дапамога паспрыяе гэтаму. Асабліва ад краін, якія ня так даўно самі былі ў савецкім блёку – такіх як Чэхія, Польшча, Літва і іншыя”.

Падтрымайце грамадзянскую супольнасьць Беларусі, незалежныя СМІ...
Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ізаляцыя Беларусі можа стаць пагрозай для яе незалежнасьці, таму, на ягоную думку, Захаду варта працягваць перамовы з афіцыйным Менскам:

“Я за дыялёг, я за кантакты аўтарытарных ўладаў нашай краіны з дэмакратычнымі краінамі. Але гэтыя дыялёг мае ажыцьцяўляцца пад пэўнымі ўмовамі. Слухайце крытычна, што яны гавораць, аналізуйце тое, як адбываецца паляпшэньне сытуацыі правамі чалавека і дэмакратыяй”.

Гаворачы пра пагрозу незалежнасьці Беларусі, спадар Мілінкевіч меў на ўвазе пазыцыю Расеі, хаця пры гэтым ён заявіў, што ня лічыць сябе “антырасейцам”.

Гаспадар форуму экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл у сваім уступным слове таксама вельмі крытычна выказаўся на адрас цяперашняй Расеі. На ягоную думку, сучасны расейскі рэжым штораз больш дзейнічае ў небясьпечным фармаце імпэрыялістычнай палітыкі. Цяпер
Адзіным правільным адказам будзе: дык я не хачу гэтай нафты.
няма адкрытай агрэсіі, як у часы Брэжнева (за выключэньнем падзеяў у Грузіі), але Расея выкарыстоўвае ціск, перадусім эканамічны, для дасягненьня сваіх мэтаў. Спадар Гавэл нагадаў: у Расеі былі забітыя некалькі журналістаў – і астатнія зразумелі, як трэба пісаць, каб не падзяліць іх лёс. Арыштаваны і сасланы ў Сібір адзін буйны бізнэсоўца – іншыя зразумелі, як сябе трэба паводзіць. Але сьвет не павінен заплюшчваць вочы на такія рэчы, перакананы спадар Гавэл:

“А калі нам нехта скажа: калі будзеш адкрыта казаць пра маіх палітвязьняў -- не дам табе нафты, то адзіным правільным адказам будзе: дык я не хачу гэтай нафты”.

На заявы Гаўла адгукнуўся расейскі палітык Грыгоры Яўлінскі, які заявіў, што ў Расеі, як і некаторых іншых постсавецкіх краінах, дзейнічае “пост-мадэрны сталінізм”:

“Перш за ўсё трэба зразумець, што Расея не зьяўляецца дэмакратычнай краінай зусім. Добра гэта ці кепска, але гэта жыцьцёвы факт. Расея цяпер зьяўляецца кансалідаваным аўтарытарным рэжымам. Гэта таксама факт. Так, Расея мае ўсе дэмакратычныя інстытуты. Але па-сутнасьці – гэта імітацыя дэмакратычных інстытутаў”.

На фота: выступае Аляксандар Мілінкевіч


На фота: выступае Вацлаў Гавэл



На фота: заля, дзе праходзіць "Форум-2000"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG