Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой літаратурны шорт-ліст і „шнобэлі”


Калі я жыў у студэнцкім інтэрнаце ў Варшаве на зломе 1970-х і 1980-х, я год часу працаваў у студэнцкім радыё — студэнцкай радыёкропцы. Сёньня маю функцыю можна было б акрэсьліць словам „freelancer”.


Тады раз на нейкі час я рабіў літаратурную перадачку, ілюстраваную рознай музычнай псыхадэліяй — „Пінк Флойд”, „Танджэрын Дрым” і ўсё такое. Я пачаў працу з прэзэнтацыі ляўрэатаў Нобэлеўскай літаратурнай прэміі. Але зрабіў усяго толькі дзьве перадачкі пра ляўрэатаў — пра Сэльму Лягерляф і, калі мяне памяць не падманвае, Кнута Гамсуна. А потым пачаў рабіць пра тых пісьменьнікаў, якія „нобэля” не атрымалі, але былі мне значна больш даспадобы. Напрыклад, пра Дэйвіда Гербэрта Лорэнса. Для студэнцкага радыё я пераклаў некалькі смачных фрагмэнтаў зь ягонага „Каханка Ледзі Чэтэрлі”. Калі не памыляюся, у 1978 годзе гэта быў гістарычна першы польскі пераклад таго некалі скандальнага эратычнага раману...

Каму б даў „нобэля” я?


Мая любоў да літаратуры не завяла і пасьля студэнцкіх гадоў, а перакладніцкія схільнасьці нават узмацніліся, каб у палове 1990-х гадоў дасягнуць гіпэртрафаванага памеру — я тады пераклаў на ангельскую ня менш за дваццаць тоўстых тамоў артыкулаў з постсавецкай прэсы зь Беларусі, Украіны і Расеі. Мала цікавая літаратура, скажаце? Згода. Але за гэта няблага плацілі, ня тое, што за пераклад Джойса...

А калі сур’ёзна, дык я заўважыў адну характэрную рэч ў сваіх перакладніцкіх густах — акрамя Уільяма Фолкнэра, ніякі іншы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі не падаўся мне настолькі цікавым, каб яго перакласьці. Пра густы, як кажуць, цяжка спрачацца.

Калі паглядзець на ўвесь сьпісак ляўрэатаў Нобэлеўскай літаратурнай прэміі, дык убачым у ім процьму прозьвішчаў, якія сёньня нікому нічога не гавораць, і, безумоўна, ня ўбачым у ім процьмы прозьвішчаў, якія хацелася б там убачыць. Мне сёньня закарцела выпісаць 11 прозьвішчаў пісьменьнікаў (па адным прозьвішчы на кожнае дзесяцігодзьдзе гісторыі Нобэлеўскай прэміі), якім я даў бы гэтую прэмію, калі б мяне запрасілі ў журы:
  1. Леў Талстой (Расея)
  2. Генрых Ман (Нямеччына)
  3. Марсэль Пруст (Францыя)
  4. Станіслаў Ігнацы Віткевіч (Польшча)
  5. Джэймс Джойс (Ірляндыя)
  6. Гайміта фон Додэрэр (Аўстрыя)
  7. Тар’ей Вэсас (Нарвэгія)
  8. Грэм Грын (Вялікабрытанія)
  9. Багуміл Грабал (Чэхаславаччына)
  10. Патрык Мадыяно (Францыя)
  11. Генрык Нордбрант (Данія)

А на вашу думку — каго абыйшлі ўвагай швэдзкія акадэмікі? Адгукніцеся, калі знойдзеце хвілінку свабоднага часу сярод буднай мітусьні...


Ці можна прэміяваць за літаратуру паліцыянта?


У прынцыпе, можна, калі ён напісаў нейкую вартую ўвагі кніжку. А што, калі ён выпісвае толькі штрафы за перавышэньне хуткасьці? Тады можна яго прэміяваць літаратурным „шнобэлям”.

Вось якраз у гэтым годзе літаратурны „шнобэль” атрымала ірляндзкая паліцыя за калектыўны высілак, які яна ўклала, выпісаўшы больш за 50 штрафаў парушальніку правілаў дарожнага руху з прозьвішчам „Prawo Jazdy”. Толькі адмысловая эўрапейская канфэрэнцыя з удзелам польскіх крымінальных экспэртаў дапамагла ірдяндцам высьветліць, што „Prawo Jazdy” значыць па-польску тое самае, што і „driver’s licence” па-ангельску.

У 2005 годзе калектыўны „шнобэль” атрымалі інтэрнаўты зь Нігэрыі, які прыдумалі такіх літаратурных пэрсанажаў як генэрал Сані Абача, ягоная жонка Мірыям Санні Абача, адвакат Джон Мбэкі і кучу іншых ды растыражавалі іх мэйламі па ўсім сьвеце. Кожны з гэтых пэрсанажаў прапанаваў вам мільёны даляраў за вашу дапамогу ў перасылцы гэтых фантастычных багацьцяў зь Нігерыі. Ваш уклад у зьдзелку зводзіўся ўсяго да таго, што вам трэба было падаць нумар вашага банкавага рахунку і паслаць нейкую дробную суму ў Нігерыю — так бы мовіць, паштовую аплату.

У 2000 годзе далі „шнобэль” аўстралійскай пісьменьніцы за кніжку „Жыць на сьвятле”, у якім яна сьцьвярджае, што хоць некаторыя людзі ядуць ежу, каб жыць, дык насамрэч яны ня мусяць гэтага рабіць.

У 1999 годзе ўзнагародзілі амэрыканскую пісьменьніцу за досьлед-бэстсэлер „Пярдзеньне як абарона ад невымоўнага жаху”.

У 1993 узнагародзілі 976 сааўтараў за мэдычны артыкул, які налічваў 9 старонак. А ў 1992 прызналі літаратурны гарт аднаго расейскага хіміка, які на працягу 10 гадоў апублікаваў 948 навуковых працаў (у сярэднім, ён публікаваў адну працу праз кожныя чатыры дні).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG