Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Помста гэта страва, якую падаюць халоднай"


З афіцыйных камэнтароў наконт сустрэчы Сяргея Сідорскага і Ўладзімера Пуціна даволі цяжка зразумець, пра што ж бакі дамовіліся. Вядома, што Пуцін нядвухсэнсоўна нагадаў пра шматлікія даброты, якімі карыстаецца Беларусь ад Расеі, ў прыватнасьці, самымі нізкімі ў сьвеце цэнамі на газ і нафту.


Таксама кіраўнік расейскага ўраду паведаміў, што Расея прыняла рашэньне прыраўняць беларускіх пастаўнікаў да расейскіх пры ажыцьцяўленьні дзяржаўных закупак.

Апошняе рашэньне – надзвычай важнае. Фактычна з канца мінулага году беларускі бок біўся за захаваньне гэтага ільготнага рэжыму на расейскім рынку, гэта ня толькі адсутнасьць мытных і іншых абмежаваньняў, гэта фактычна рэжым спрыяньня за кошт расейскай дзяржавы.

Але галоўным сакрэтам сустрэчы стала пытаньне, пра якое з афіцыйных камюніке невядома, ці абмяркоўвалася яно наагул. Размова ідзе пра цану на газ на наступны год. У беларускім бюджэце яна закладзеная на ўзроўні 168 даляраў за тысячу кубамэтраў, “Газпром” гаворыць пра 200 даляраў.

Але варта адзначыць, што гэтую лічбу расейскі манапаліст называе ўжо гады тры. А ў выніку неяк так не атрымліваецца. Сёлета, скажам, Беларусь плаціла 115 даляраў за тысячу кубамэтраў.

У любым выпадку сёньняшнія перамовы – прамежкавыя, пасяджэньне саюзнага саўміну адбудзецца 28 кастрычніка, а вышэйшы савет саюзнай дзяржавы зьбярэцца ў сьнежне. Газавыя перамовы ніколі не былі легкімі і неаднойчы да згоды бакі прыходзілі літаральна ў навагоднюю ноч.

Сустрэча ня выклікала б такой цікавасьці, калі не кантэкст, тло, на якім яна праходзіла.

Поўхі, шчодра выдадзеныя Лукашэнкам Пуціну на прэсавай канфэрэнцыі, адмова Расеі ў выдачы даўно абяцанага паўмільярднага крэдыту, рашэньне Менску нарэшце далучыцца да пагадненьня аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ.

Але не абавязкова, што ўсе яны ўплывалі на хаду сустрэчы. Наўрад ці, напрыклад, Пуцін разьбіраўся з беларускім калегам за выказваньні Лукашэнкі, спадар Сідорскі наагул не па тых справах. Крэдыт такая ж доўгаіграючая тэма двухбаковых адносінаў, як прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Беларусь іх прызнае, Расея крэдыт дае.

Магчыма, важнае для Расеі рашэньне наконт КСАР АДКБ прыпыніла пляны Пуціна адпомсьціць Лукашэнку за “цёплыя” словы, сказаныя на ягоны адрас. За саступкі былі зробленыя ці паабяцаныя саступкі. Наўрад ці расейскі прэмьер гэтыя шчыраваньні забудзе, але як кажа гішпанская прымаўка – помста гэта страва, якую падаюць халоднай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG