Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя арганізацыі кажуць: Дайце мэдыям волю


Міжнародная місія журналісцкіх і праваабарончых арганізацый, створаная пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, заклікала зьняць абмежаваньні ў працы мэдыяў Беларусі.


Місія наведала Беларусь з 20 па 24 верасьня і па выніках візыту сёньня заклікала Беларускія ўлады прывесьці умовы працы мэдыяў у Беларусі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.

Дэлегацыя вітала паслабленьне ціску на беларускія мэдыі, аднак гэтыя зьмены павінны быць больш глыбокімі і незваротнымі, і для гэтага патрэбныя рэформы ў сфэры масавай інфармацыі.

Арганізацыі, якія падпісаліся пад заявай, лічаць што:

a) Эканамічныя ўмовы для сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі няроўныя. Сыстэма распаўсюду праз "Белсаюздрук" і "Белпошту" абмяжоўвае доступ да недзяржаўных выданьняў. Гэтыя абмежаваньні перашкаджаюць разьвіцьцю незалежнага і плюралістычнага мэдыйнага асяродку;
b) Непразрыстае і адвольнае разьмеркаваньне ліцэнзіяў на вяшчаньне і частотаў перашкаджае разьвіцьцю незалежнага і плюралістычнага вяшчаньня;
c) Доступ да інфармацыі абмежаваны, асабліва ў сувязі з прыняцьцем і ўжываньнем законаў, якія абмяжоўваюць права журналістаў на інфармацыю ці дыскрымінуюць недзяржаўныя мэдыі ў параўнаньні зь дзяржаўнымі ў доступе да грамадзка значнай інфармацыі;
d) Акрэдытацыя журналістаў, якія працуюць на беларускія і замежныя мэдыі, а таксама рэгістрацыя выданьняў абмежаваныя непразрыстымі і дыскрымінацыйнымі рашэньнямі ўладаў;
e) Беларускае заканадаўства аб зьнявазе гонару і годнасьці і экстрэмізме абмяжоўвае свабоду прэсы, вядзе журналістаў да самацэнзуры і не адпавядае эўрапейскім і міжнародным стандартам свабоды прэсы;
f) Пры тым што місія вітала новы дыялёг у пытаньнях этыкі і самарэгуляваньня, яна таксама падкрэсьліла як важна, каб гэтымі дзеяньнямі кіравала сама журналісцкая супольнасьць.

Сярод рэкамэндацыяў місіі:


1) Рэдакцыйная незалежнасьць дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў павінна паважацца і яны не павінныя перасьледавацца за прафэсійную дзейнасьць;
2) Недзяржаўныя мэдыі павінны мець права і магчымасьць дзейнічаць і разьвівацца ў справядлівых эканамічных умовах, у тым ліку права распаўсюду без абмежаваньняў і дыскрымінацыі;
3) Павінны быць усталяваныя правілы і ўмовы для акрэдытацыі журналістаў. Правілы павінны быць празрыстымі, адназначнымі і справядлівымі, а таксама мець на мэце доступ усіх журналістаў да грамадзка значнай інфармацыі;
4) Журналістам не павінны перашкаджаць асьвятляць грамадзкія падзеі і дэманстрацыі;
5) Выдзяленьне ліцэнзій на вяшчаньне і частотаў павінна быць вызначана законам, які б адпавядаў міжнародным стандартам і за выкананьнем якога мае назіраць цалкам незалежны орган, каб гарантаваць плюралізм у сфэры вяшчаньня;
6) Закон аб мэдыях, закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму і артыкулы крымінальнага кодэксу датычныя зьнявагі гонару і годнасьці павінны быць рэфармаваныя, каб прывесьці іх у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды слова і прэсы;
7) Улады павінныя гарантаваць роўнае стаўленьне да арганізацый, якія рэпрэзэнтуюць журналістаў;
8) Мэдыі, улады і грамадзянская супольнасьць павінны працягваць дыялёг аб паляпшэньні палітыкі і дзеяньняў у дачыненьні да мэдыяў.

Арганізацыі, якія падпісалі заяву, выказалі гатоўнасьць аказаць падтрымку ў выканьні гэтых рэкамэндацыяў. Заяву падпісалі натупныя арганізацыі:

1. Aртыкул 19
2. Абаронцы грамадзянскіх правоў
3. Камітэт у абарону журналістаў
4. Дацкі саюз журналістаў
5. Індэкс цэнзуры
6. Міжнародная/эўрапейская фэдэрацыя журналістаў
7. Міжнародная падтрымка мэдыяў
8.Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў
9. Міжнародная літаратурная арганізацыя ПЭН
10. Міжнародны інстытут прэсы
11. Інстытут адкрытага грамадзтва
12. Арганізацыя PressNow
13. Рэпартэры бязь межаў
14. Усясьветная асацыяцыя выдаўцоў газэт і навін
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG