Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хутка ня будзе каму працаваць у вёсцы: калгасьнікі пасьпіваліся”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 верасьня 2009 году

Тэма многіх лістоў у пошце “Свабоды” — лёс беларускай вёскі, якая ўсё больш імкліва бязьлюдзее і прыходзіць у заняпад. Немалыя грошы, якія штогод выдаткоўваюцца зь дзяржбюджэту на падтрымку сельскай гаспадаркі, асядаюць галоўным чынам у так званых аграгарадках — на цэнтральных сядзібах колішніх калгасаў, якія цяпер перайменавалі ў каапэратывы. Астатнія ж вёскі марудна і пакутліва паміраюць.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Пра вясковае жыцьцё разважае ў сваім новым лісьце наш сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Слухач піша:

“Многа гадоў таму Рыгоравіч заяўляў, што за цывілізаваным сьветам беларусаў не павядзе. А зусім нядаўна паабяцаў, што ў 2011 годзе будзем жыць, як эўрапейцы — гэта значыць, як цывілізаваныя людзі ў цывілізаваным сьвеце. І апошняя ягоная заява ў Талачыне: “У зямлянкі пойдзем, але сувэрэнітэт і нармальнае жыцьцё людзям забясьпечым”. Аляксандар Рыгоравіч, зусім вы нас заблыталі — чаму шлях да эўрапейскага жыцьця абавязкова ляжыць празь зямлянкі? І пойдзем мы ўсё ж такі за цывілізаваным сьветам ці не?

Цяпер вось праводзіцца чарговая кампанія: у кожнай вёсцы, як у цывілізаваным сьвеце, павінна быць вулічнае асьвятленьне. Паставілі адзін ліхтар і ў вушацкай вёсачцы Пенна-Ніве, у якой засталася адна-адзіная жыхарка. Празь некаторы час завіталі да бабулі афіцыйныя асобы — праверыць, ці гарыць той ліхтар. Адбылася прыблізна такая размова:

— Ці працуе ў вас вулічнае асьвятленьне?

— А хто ж яго ведае, сынок. Я той ліхтар ня ўключаю ніколі.

— Чаму?

— Баюся, сынок. Калі бандыты ўбачаць, што ліхтар гарыць, прыйдуць, забяруць пэнсію і мяне заб’юць. А калі сьвятла няма, то падумаюць, што тут ніхто не жыве, і далей куды пойдуць.

— ???

Трэба дадаць, што бабуліны засьцярогі маюць пад сабой грунт — ёсьць выпадкі рабунку старых. Чуткі пра такія выпадкі блукаюць па раёне, абрастаючы жудаснымі, часам неверагоднымі падрабязнасьцямі.

Скажыце, Аляксандар Рыгоравіч, ці хацелі б вы жыць адзін у Пенна-Ніве і доўгія гады кожны вечар класьціся спаць з думкай: заб’юць мяне бандыты гэтай ноччу ці не? І ці лічыце вы такое жыцьцё нармальным? І як вы патлумачыце, што за час вашага прэзыдэнцтва насельніцтва нашага раёну скарацілася на чвэрць? У нас жа не было ні зьнішчальных эпідэмій, ні землятрусаў, ні цунамі, ні вайны, ні вывяржэньня вульканаў”
.

Для пачатку, спадар Сырэль, усё ж пагодзімся, што паміраючая вёска з адзіным ліхтаром на бязьлюднай вуліцы хоць на драбніцу, але больш прывабная, чым такая ж вёска безь ліхтара. Да тысяч беларускіх вёсак, якія ня трапілі ў лік аграгарадкоў, за мінулае стагодзьдзе пераважная большасьць дабротаў цывілізацыі так і не дайшла. Ні добрай дарогі, ні водаправоду, ні каналізацыі, ні газу, ні цэнтральнага ацяпленьня яны ня бачылі і ўжо ня ўбачаць. Цягнула зь іх дзяржава ўсе сокі: абкладала падаткамі, прымушала бясплатна працаваць у калгасе, забірала моладзь у войска і на камсамольскія будоўлі. Спахапілася цяпер — а позна. І нават самотны ліхтар на пустой вуліцы, аказваецца, ўжо нікому не патрэбен. Ня радуе ён, а палохае.

Наступны ліст — з Жодзіна, з вайсковай часткі 18662, дзе служыць герой і ўдзельнік многіх нашых перадач, апазыцыйны актывіст Зьміцер Хведарук. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Нават у салдацкай казарме я працягваю заставацца сталым слухачом “Свабоды”. Штодня ў вольны час уключаю прыймач і хаджу па памяшканьні ў пошуках месца з найлепшым сыгналам. Такім чынам можна пастаянна быць у курсе падзеяў у Беларусі і за яе межамі. А паколькі ў казарме такога панятка, як асабістая прастора, не існуе, то і ў хлопцаў зьяўляюцца новыя тэмы для размоў.

Праўда, у гэтай мясцовасьці сыгнал “Свабоды” даволі моцна глушыцца. Даводзіцца літаральна лавіць кожнае слова. Але ад гэтага і асалода, і стаўленьне да ўсяго пачутага зусім іншыя. Нішто ня спыніць голасу “Свабоды”. Увогуле, адчуваеш сябе нібы ў 50-х гадох. Тым больш што і ў войску многае з тае пары засталося нязьменным.

Асаблівую цікавасьць выклікаюць культурніцкія перадачы. Нядаўна слухалі, як адбывалася прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Дубаўца, якая складаецца з эсэ, што гучалі па “Свабодзе”. Вельмі хацелася б мець гэту кнігу”
.

Некаторыя нашы сталыя слухачы паважнага ўзросту, сапраўды, згадваюць пра тое, што падчас хрушчоўскай адлігі і брэжнеўскага застою ім удавалася слухаць у казармах і на баявых караблях так званыя “варожыя галасы” — “Свабоду”, “Голас Амэрыкі”, Бі-Бі-Сі. Сёй-той дзеля гэтага, калі верыць пісьмовым сьведчаньням, нават выкарыстоўваў казённае абсталяваньне. Але гэта, натуральна, было выключэньнем, бо спалучалася зь вялікай рызыкай. Атрыбут казармы ўзору 50-х гадоў — гэта ўсё ж не кароткахвалевы прыймач, а — так званы “ленінскі пакой”, паліцы з прапагандысцкай літаратурай ды “радыёкропка”, па якой з раніцы да вечара гучалі рапарты аб працоўных перамогах ды бадзёрыя маршы.

Што да кнігі Сяргея Дубаўца “Як?”, нядаўна выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, то вы, Зьміцер, як і многія іншыя актыўныя слухачы, неўзабаве атрымаеце яе ад нас поштай, у якасьці падарунка.

Дарэчы, лістоў-запытаў, у якіх слухачы просяць даслаць кнігі зь Бібліятэкі Свабоды, у нашай верасьнёўскай пошце надзвычай шмат. Далей — некалькі такіх допісаў з кароткімі выказваньнямі пра кнігі, выдадзеныя нашым радыё. Вось што піша Яўгенія Карцава зь Віцебску:

“Вялікі дзякуй за выданьне гэтых кніг. Я слухаю радыё кожны дзень, і па шмат. Але дзе ты ўсё запомніш! А кніга — гэта зусім іншае. Можна пачытаць, не сьпяшаючыся. Потым — яшчэ раз вярнуцца да прачытанага. А самае галоўнае — пераказаць унукам. Чытаць яны цяпер ня надта любяць (працуюць, вучацца — няма калі)”.

Яшчэ адзін ліст на тэму выдавецкага праекту “Свабоды” даслаў Міхал Сантаровіч-Чыкун зь Дзяржынску. Ён піша:

“Цікавы цыкл перадач Сяргея Дубаўца пад назвай “Як?” я, на жаль, ня ўвесь праслухаў. Заманулася ўважліва прачытаць разважаньні гэтага аўтара. Ёсьць над чым падумаць ды ў нечым паспрачацца зь ім. Нават і з назвай кнігі. Існуе ёмкае беларускае слова “Трываньне”. А слова “паводзіны” (то бок па-расейску “поведение” — я лічу, русізм.

У кожнай асобы Дубавец узбуджае свае думкі па кожнай узьнятай тэме. Гэта нават больш каштоўна, чым існасьць твору. Перадайце маю павагу аўтару за шмат якія разважаньні, пачутыя па вашым радыё”
.

Удакладню, што поўная назва кнігі Сяргея Дубаўца — “Як? Азбука паводзінаў”. Якраз слова “паводзіны” слухач і аспрэчвае. Зрэшты, калі зыходзіць са слоўніка сучаснай беларускай мовы, аргумэнты вашы, спадар Міхал, ня надта пераканаўчыя.

Сярод адзначаных кнігай зь Бібліятэкі Свабоды будзе і наш слухач Алесь Касьцюковіч з Магілёва. У сваім лісьце ён, між іншым, піша пра сытуацыю, у якой апынулася нацыянальная культура ў рэгіёнах. (Цытую ліст):

“У правінцыі становішча з альтэрнатыўнай культурай, літаратурай, музыкай — катастрафічнае. Спрэс афіцыёз ці расейшчына: кіч, папса ды трэш. Ня знойдзеш узораў альтэрнатыўнай думкі ў дзяржаўных структурах — паўсюль адна толькі так званая “чэсная” культура-халтура. Зрэдку прыедзе калі Акудовіч... Чобата можна пачуць адно толькі ў вас... Ну, і гэтак далей.

Таму спадзяюся, што новая кніга Сяргея Дубаўца “Як?”, калі пашчасьціць, трапіць у маю хатнюю бібліятэку”
.

Да вашых, спадар Алесь, заўваг дадам, што нацыянальна арыентаваныя творцы, на грамадзкую пасіўнасьць якіх вы наракаеце, не расьпешчаны ўвагай — ні з боку дзяржавы, ні ад грамадзкіх суполак. І, думаю, яны ахвотна пагадзіліся б часьцей сустракацца са сваімі чытачамі, слухачамі ды гледачамі ў рэгіёнах — пры ўмове, што адтуль будзе сустрэчны рух ды арганізацыйная падтрымка.

На заканчэньне — кароткі ліст-рэпліка ад Зінаіды Цімошак зь вёскі Вежы Слуцкага раёну. Слухачка піша:

“Заклікаю “Свабоду” больш асьвятляць жыцьцё рэгіёнаў. Трэба падняць тэму п’янства на вёсцы— хутка ня будзе каму працаваць у калгасах: зусім пасьпіваліся людзі!”

Да гэтай тэмы мы зьвяртаемся досыць часта, спадарыня Зінаіда. Алькагольная хваля захліснула ня толькі вёску: усё беларускае грамадзтва пакутуе ад гэтай хваробы. У так званыя “застойныя” брэжнеўскія часы, вядомыя масавай алькагалізацыяй насельніцтва, бутэлька гарэлкі каштавала столькі ж, колькі 30 боханы хлеба. Сёньня ў пераводзе на хлеб гарэлка каштуе столькі ж, колькі 4 боханы. Гэта значыць, яна стала ў сем-восем разоў больш таннай, даступнай. Што ўжо казаць пра нізкаякасныя алькагольныя сурагаты, якія разьліваюць ледзь ня ў кожным беларускім мястэчку!

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG