Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае балота будзе аднаўляцца на замежныя гранты


Аднаўленьне гідралягічнага рэжыму балота Дакудаўскае будзе працягвацца пры дапамозе міжнароднай падтрымкі.


Нізіннае балота Дакудаўскае забалочваецца ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ пры ўдзеле Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. Фінансаваньне праекта з боку міжнародных арганізацый складае каля 1,5 млн. даляраў ЗША.

Як паведаміла агенцтву БелаПАН кіраўнік праэкту ПРААН/ГЭФ па аднаўленьні тарфянікаў Вольга Чаброўская, да канца 2010 году плянуецца аднавіць водна-балотную экасыстэму 17 парушаных і выпрацаваных тарфяных балот агульнай плошчай больш як 40 тыс. га, скараціць колькасьць тарфяных пажараў і стварыць умовы для аднаўленьня флёры і фаўны.

Цяпер вялікая частка выпрацаванага тарфяніку Дакудаўскі забалочана. Гэта адбылося дзякуючы пабудаванай дамбе і двум гідрарэгулюючым збудаваньням, якія дазволілі стабілізаваць узровень вады на амаль мэтровым ўзроўні на большай частцы выпрацаванага тарфяніку. Створаныя чатыры супрацьпажарныя вадаёмы. Пасьля завяршэньня торфараспрацовак на тэрыторыі балота ў 1993 годзе тут пэрыядычна ўзьнікалі пажары.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў на мелкаводных участках пачала фармавацца тыповая балотная і водная расьліннасьць, гняздуюцца качкі, лысухі, сустракаецца чорны бусел.

Такіх жа вынікаў праз некалькі гадоў чакаюць ад праэкту малых грантаў ГЭФ па аднаўленьні гідралягічнага верхавога балота на тэрыторыі рэспубліканскага заказьніку "Дакудаўскі" плошчай 1984,6 га. У натуральным стане цяпер засталася толькі невялікая частка балотнага масіву. Экасыстэма балота парушаная на 400 га.

Асабліва нэгатыўна на балота ўплываюць палі здабычы торфу, якія непасрэдна прымыкаюць да яго паўночнай часткі. Каб спыніць сьцёк вады з балота, плянуецца ўзьвесьці дамбу з ахоўным экранам з поліэтылену па мяжы дзеючых торфапляцовак і верхавога балота.

Праект фінансуецца Праграмай малых грантаў у памеры 50 тыс. даляраў ЗША, а таксама Каралеўскім таварыствам аховы птушак Вялікабрытаніі і нямецкім банкам разьвіцьця Kfw у памеры 25 тыс. даляраў ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG