Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 лютага – Сусьветны дзень водна-балотных рэсурсаў


У Беларусі больш за 9 тысяч балот, і менавіта таму краіна атрымала зайздросны статус “лёгкіх Эўропы”. Але балотам пагражае асушэньне.

Гэты дзень мае на мэце зьвярнуць увагу грамадзкасьці і ўрадаў розных краінаў сьвету на каштоўнасьць водна-балотных угодзьдзяў для падтрымкі ўстойлівага разьвіцьця плянэты. Міжнародная канвэнцыя аб водна-балотных угодзьдзях, што маюць міжнароднае значэньне, была падпісаная 2 лютага 1971 года ў Рамсары (Іран) і называецца Рамсарскай канвэнцыяй. Зараз да яе далучыліся 144 дзяржавы, у тым ліку і Беларусь.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту заалёгіі Акадэміі навук, кіраўнік шматлікіх экалягічных праектаў Аляксандар Казулін распавёў:

У нас было каля 3 мільёнаў гектараў балот, зь іх 400 тысяч гектараў знаходзіцца ў парушаным
стане
“У нас было каля 3 мільёнаў гектараў балот, зь іх 400 тысяч гектараў знаходзіцца ў парушаным стане і практычна не выкарыстоўваюцца. Ёсьць шанец вярнуць іх прыродзе і палепшыць экалягічны стан у рэгіёнах. І ня толькі ў нашых, але і ва ўсёй Эўропе. Усё гэта робіцца яшчэ і для таго, каб папярэдзіць зьмяненьне клімату. Таму такая пільная ўвага да балот”.

Нягледзячы на жорсткую мэліярацыю, у Беларусі засталіся тарфяныя балоты вялізных памераў. Да прыкладу, у Англіі самае вялікае тарфяное балота мае плошчу 450 гектараў, у Беларусі – 11 тысяч гектараў. Але эколягі б’юць трывогу. З самых балючых праблем, кажа Аляксандар Казулін...

“Я б назваў дзяржаўную праграму “Торф”, якая зноў замахнулася на прыродныя балоты. Плянуецца зноў здабываць торф і асушаць новыя балоты. Гэта нягледзячы на тое, што зараз выйшаў Закон аб мэліярацыі, вельмі добры закон, у якім чорным па беламу запісана, што больш ніякіх балот асушацца ня будзе, будзе толькі весьціся рэканструкцыя. А для здабычы торфу плянуецца асушэньне новых балот і нават ажыцьцяўляюцца захады заняцца асушэньнем ахоўных тэрыторый”.

Вячаслаў Герасіменка з Петрыкаўскага раёну, з глыбінкі Палесься, вось што распавёў пра наступствы мэліярацыі:

У калгасе “Бальшавік” балота асушылі, а пласт чарназёму аказаўся настолькі невялікім, што пасьля плугу жоўты пясочак
“Каля 40 гадоў прайшло, пласт торфу паменшыўся да 1 мэтра, так павыдзімала. Каналы плыткія, грошай не хапае чысьціць, таму іх замацоўваюць за людзьмі і прымушаюць высякаць хмызьнякі. У калгасе “Бальшавік” балота асушылі, а пласт чарназёму аказаўся настолькі невялікім, што пасьля плугу жоўты пясочак. Але ж асушылі. Раней, старыя людзі расказвалі, там і рыбка вадзілася, а зараз канаўкі пустыя, вада зьбегла. Ёсьць адно толькі балота каля вёскі Грабаў і невялікае каля вёскі Капцэвічы. Калі ў Грабаў яшчэ можна па журавіны пайсьці, то Капцэвічы трапілі ў Нацыянальны парк. Калі ўжо нельга па журавіны схадзіць, то для чаго наагул гэтыя балоты?”

У Эўропе нізінныя балоты асушылі сто гадоў таму, і каб іх аднавіць, патрэбны вялікія сродкі. Аднавіць і захаваць беларускія балоты значна таньней, і ў гэтым зацікаўленыя ўплывовыя міжнародныя экалягічныя фонды, тлумачыць Аляксандар Казулін:

“Зараз выконваецца праект Глябальнага экалягічнага фонду па аднаўленьні ўжо парушаных балот. Мы зараз аднаўляем каля 40 тысяч гектараў тых балот, на якіх здабывалі торф, асушылі не эфектыўна. Ідзе зараз праект коштам каля 3 мільёнаў даляраў таксама Глябальнага экалягічнага фонду па водных заказьніках Палесься. Нямецкі фонд аховы прыроды, Фонд Міхаэля Отта, Каралеўскае таварыства аховы птушак плянуюць новы праект у Беларусі на 10 мільёнаў эўра”.

Дапамагаюць адрадзіць беларускія балоты і экалягічныя праграмы ААН, ТАСІС, Глябальнага экалягічнага фонду.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG