Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне не давяраюць міліцыі


Пётар Руднік, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму.
Пётар Руднік, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік незадаволены працай міліцыі. Паводле яго, на Магілёўшчыне няма ніводнага раёну, дзе хаця б палова насельніцтва давярала супрацоўнікам праваахоўных органаў. У рэгіёне, прызнае кіраўнік абласной вэртыкалі, склалася практыка, калі міліцыянтаў з кепскай рэпутацыяй не звальняюць, а пераводзяць на пасады ўчастковых.

Незадаволенасьць працай міліцыянтаў прагучала пасьля таго, як тыя адрапартавалі пра зьніжэньне на васямнаццаць працэнтаў колькасьці правапарушэньняў і злачынстваў у сельскай мясцовасьці.

“У нас няма ніводнага раёну ў Магілёўскай вобласьці, дзе б міліцыі цалкам давяралі. Хаця б палова насельніцтва. Пара пакончыць з практыкай, калі супрацоўнікі міліцыі, кепска зарэкамэндаваўшы сябе на іншых кірунках працы, накіроўваюцца на службу ў якасьці ўчастковых інспэктараў”, — цытуюць афіцыйныя крыніцы Пятра Рудніка.

Паводле ўсё тых жа афіцыйных крыніц, самы высокі працэнт даверу міліцыянтам выказваюць жыхары Бялыніцкага раёну — 48 працэнтаў. Самы нізкі ў Бабруйску — 26.

Заслужаную настаўніцу летась 1 лістапада двое міліцыянтаў беспадстаўна арыштавалі проста ў школе, а потым яе і ейных дзяцей пратрымалі дваццаць гадзін у аддзеле.
Крытыка на адрас міліцыі прагучала з боку чыноўніка пасьля некалькіх скандальных выпадкаў. 25 жніўня сёлета кіраўніку чэрыкаўскай міліцыі Аляксандру Райкову давялося выбачацца перад настаўніцай зь вёскі Рэчыца Людмілай Старавойтавай. Заслужаную настаўніцу летась 1 лістапада двое міліцыянтаў беспадстаўна арыштавалі проста ў школе, а потым яе і ейных дзяцей пратрымалі дваццаць гадзін у аддзеле.

“Цяпер я канчаткова зьняла ружовыя акуляры. Я ім абсалютна не давяраю й ня бачу ад іх карысьці ніякай. Я ім ужо казала, што яны на дзяржаўным забесьпячэньні знаходзяцца, нічога ня робяць, а ім яшчэ грошы за гэта плацяць”, — зазначае Людміла Старавойтава.

Публічных выбачэньняў настаўніца дамагалася доўга. Была яна на прыёме і ў старшыні аблвыканкаму Рудніка, скардзілася на міліцыянтаў у раённую і абласную пракуратуру, сустракалася й зь міністрам унутраных спраў Беларусі Анатолем Куляшовым.

Пасьля здарэньня са Старавойтавай сямёра супрацоўнікаў чэрыкаўскай міліцыі і раённай пракуратуры былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці.

Аляксандру Райкову не ўпершыню даводзіцца выбачацца за сваіх падначаленых. Летась у кастрычніку ён прасіў прабачэньня ў маці дзевяцігадовага хлопчыка Алены Бальшаковай. У яе сына Яўгена Герасімава міліцыянты хацелі ўзяць адбіткі пальцаў. Спадарыні Бальшаковай тады не давялося хадзіць па інстанцыях у пошуках праўды. Пра выпадак зь яе сынам стала вядома грамадзтву дзякуючы праваабаронцам і журналістам. Гаворыць крычаўскі праваабаронца Сяргей Няроўны:

“Тое, што міліцыя вымушаная неяк рэагаваць, нават прасіць прабачэньня, мы лічым сваім посьпехам, бо перакананыя, што галоўнае, з чым лічыцца ўлада, — гэта шырокі грамадзкі рэзананс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG