Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэалібілітуюць “Партнэрства” і Малады фронт?


Міністэрства юстыцыі прызнала, што вядзе працу па адмене крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, па якой раней былі пакараныя сябры Маладога фронту і арганізацыі “Партнэрства” .


Намесьнік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі пацьвердзіў Радыё Свабода, што дзяржаўныя органы працуюць над адменай 193-1 артыкула Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаем, эўрапейскія структуры патрабуюць ад Беларусі скасаваць гэты артыкул, бачачы ў ім парушэньне правоў чалавека. У ліпені намесьнік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі ў лісьце да грамадзкай арганізацыі “Грамадзянская Беларусь”, якая зарэгістраваная ў Чэхіі, паведаміў, што “кампэтэнтныя органы вывучаюць пытаньне пра ўнясеньне зьменаў у шэраг нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць розныя аспэкты дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці”.

Сёньня спадар Ігар Тушынскі пацьвердзіў карэспандэнту “Свабоды”, што падпісваў такі ліст, і назваў арганізацыі, якія задзейнічаныя ў гэтай працы:

Тушынскі: “Гэта МУС і пракуратура. Мушу заўважыць, што гэта не зусім паводле майго профілю працы, але калі мы давалі такі адказ, то мелі на ўвазе, што нейкія праекты былі”.

Карэспандэнт: “Можа, вам вядома, ці займаюцца гэтым нейкія заканадаўчыя структуры?”

Тушынскі: “Пэўна сказаць не магу, бо я гэтыя пытаньні не вяду, я вяду эканоміку”.

Карэспандэнт: “Зразумела. Але ў вас зьвесткі, што такія пытаньні прапрацоўваюць. Так?”

Тушынскі: “Натуральна. Калі мы пра гэта напісалі, то не з пустога месца напісалі”.

У прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паведамілі, што парадак дня чарговай сэсіі, якая пачнецца ў кастрычніку, яшчэ не сфармаваны. Там ня ведаюць пра падрыхтоўку законапраекту аб адмене 193-1 артыкула Крымінальнага кодэксу. Карэспандэнта накіравалі да камісій па заканадаўстве і па правах чалавека ў Палаце прадстаўнікоў. А там сказалі, што такога законапраекту не рыхтуюць.

Актывіст Цімафей Дранчук, які ў 2006 годзе быў асуджаны на год зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, ня верыць у шчырасьць уладаў Беларусі:

“Уладзе патрэбныя артыкулы, якімі можна запалохваць актывістаў. Таму адменяць гэты артыкул, а прыдумаюць іншы, яшчэ больш бязглузды”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька зьвязвае зьвесткі пра адмену артыкула з тым, што ў лістападзе Эўразьвяз будзе вырашаць лёс прыпыненых пакуль што санкцыяў супроць краіны:

“Уладзе трэба будзе да гэтага часу нешта прадэманстраваць. Яны пакуль дэманструюць гэта на словах, але трэба будзе нешта і рэальнае. Магчыма, гэта будзе і адмена гэтага артыкула. Паглядзім”.

Паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, наяўнасьць 193-1 артыкула ў Крымінальным кодэксе Беларусі супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязкам Беларусі, і адмена яго даўно насьпела:

“Зь некаторых крыніц таксама даходзяць зьвесткі, што рыхтуецца адмена. Спадзяюся, справа будзе даведзеная да канца і пытаньне будзе вырашанае”.


Нагадаем, у 2006 годзе 4 актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” былі асуджаныя, у тым ліку да зьняволеньня, паводле 193-1 артыкула Крымінальнага кодэксу. Таксама да адказнасьці паводле гэтага кодэксу цягам апошніх гадоў прыцягваліся некалькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, а яе лідэр Зьміцер Дашкевіч адбыў паводле гэтага артыкула больш за год у калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG