Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэшткі з сутарэньняў царквы перапахаваюць у Глыбокім


Парэшткі, знойдзеныя ў сутарэньні царквы ў Глыбокім
Парэшткі, знойдзеныя ў сутарэньні царквы ў Глыбокім

У Віцебскай пракуратуры пацьвердзілі, што бліжэйшымі днямі ўсе парэшткі, знойдзеныя ў сутарэньні сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы, прывязуць ізноў у Глыбокае. Раённая адміністрацыя мусіць вызначыць месца і арганізаваць перапахаваньне.

Асобы тых, чые парэшткі знайшлі падчас добраўпарадкаваньня ўдзельнікі моладзевага праваслаўнага летніку, дагэтуль ня высьветленыя. Паводле Ўладзімера Белавуса, які выконвае абавязкі начальніка сьледчага аддзелу Віцебскай абласной пракуратуры, у царкоўным сутарэньні былі знойдзеныя парэшткі ня менш як 54-х чалавек, у тым ліку 12-ці дзяцей. Паводле папярэдніх вынікаў экспэртызы, гэтыя людзі маглі быць пахаваныя ў сутарэньні 80-100 гадоў таму. Але пакуль экспэрты дасьледавалі толькі ўласна парэшткі – рэчы, знойдзеныя разам зь імі пад лесьвіцай у сутарэньні глыбоцкага сабору, будуць вывучацца асобна.

Верагодна, новыя высновы экспэртаў будуць тычыцца прычына сьмерці невядомых і змогуць патлумачыць, чаму яны былі пахаваныя такім нязвыклым чынам. Нагадаем, што разам з парэшткамі былі знойдзеныя фрагмэнты вопраткі, дакумэнтаў, пачак цыгарэт вытворчасьці Варшаўскай тытунёвай фабрыкі. Валянтэры знаходзілі ў сутарэньні й гільзы ад нагану ды вінтоўкі Мосіна, аднак экспэрты цьвердзяць, што да парэшткаў гэтыя знаходкі ня маюць дачыненьня: паводле іхных высноваў на цяперашні момант, прыкметаў сьмерці ад агнястрэльнай зброі ў невядомых асобаў няма. Тым ня менш, гільзы адпраўленыя на балістычную экспэртызу.

Пракурорская праверка мае завершыцца ў дваццатых ліках верасьня. Нагадаем, што парэшткі ў Глыбоцкім саборы былі знойдзеныя 14 ліпеня.

Пакуль няма афіцыйных высноваў, мясцовыя жыхары выказваюць уласныя вэрсіі. Да прыкладу, пра тое, што на пачатку 20-га стагодзьдзя Глыбокае было акупаванае кайзэраўскім нямецкім войскам, базаваліся тут і латыскія стралкі. Калі прыняць да ўвагі, што частка парэшткаў захавалася дрэнна і дакладна вызначыць час пахаваньня цяжка, існуюць вэрсіяў і пра тое, што ў глыбоцкім саборы маглі загінуць габрэйскія сем’і, якія хаваліся ў сутарэньнях падчас другой сусьветнай вайны. Альбо парэшткі могуць належаць удзельнікам падзеяў усталяваньня савецкай улады ў Глыбокім у 1939 годзе, бо якраз побач з саборам месьціцца будынак, дзе на той час знаходзілася польская ўправа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG