Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схаванае ў лістоце


Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.


На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Віталь Рыжкоў.

Самурай Ямамота Цунэтома, аўтар запісаў і камэнтараў “Хакагурэ” (“Схаванае ў лістоце”), думаю, быў бы рады пазнаёміцца з байнэтам. Бо, напрыклад, вось юзэр beekeeper_ выклаў сваё пяцьдзясят першае графічнае хайку — пра восень:



Самурай некалі пісаў такое: “Аднойчы, калі спадар Міцусігэ быў яшчэ хлопчыкам, сьвятар Каён загадаў яму чытаць услых нешта з кнігі. Тады Міцусігэ паклікаў іншых дзяцей і слуг і сказаў ім: “Калі ласка, прыйдзіце і слухайце. Цяжка чытаць, калі ніхто ня чуе”. Сьвятар быў крануты гэтым і сказаў усім, хто прыйшоў: “Вось прыклад, як варта рабіць усім” (Хакагурэ).

А пачаткоўцы і сталыя літаратары Беларусі, выкладаючы свае творы ў блогах, менавіта так і робяць. Вось паэт Віктар Шніп зьмясьціў свой каляндарны верш “ЛЕТА ПРАЙШЛО...”:

Вярнуся дамоў,
быццам бы апякуся,
прачнуся ад сну,
І ўбачу, што лета прайшло
і мяне тут ніхто не чакае,
І ў вокны сьляпыя,
нібыта ў той сьвет,
быццам воран, зірну
І самота мяне абаўе,
быццам камень — зьмяя маладая.


А паэт Сяржук Сыс бліжэй да восені ўдарыўся ў займальную біялёгію для натхненьня: піша пра грыбы і травы: “Нехта прыдумаў, што мухаморы атрутныя і можна адкінуць капыты, пакаштаваўшы бел-чырвона-белага прыгажуна. Дык няпраўда гэта. Ён проста моцны! Прывыкаць да мухамораў лепей пакрысе, не адразу, тады й толк будзе. Я маю на ўвазе толькі ЧЫРВОНЫ МУХАМОР!”

Правільна, не бывае няўежных грыбоў — любы грыб можна зьесьці як мінімум адзін раз. Але ж галоўнае для паэта, як нехта сказаў, заставацца жывым, таму, на ўсялякі выпадак, згадаем пра мэдыцыну.

Па словах аднаго чалавека, колькі гадоў таму Мацугума Кёан распавёў такую гісторыю: “У лекарскай практыцы вядомы падзел лекаў на інь і ян, у суадносінах з мужчынскім і жаночым пачаткамі. Жанчыны адрозьніваюцца ад мужчынаў таксама пульсам. Але за апошнія пяцьдзясят гадоў пульс мужчын зрабіўся такім жа, як пульс жанчын. Заўважыўшы гэта, я скарыстаў адзін жаночы лекавы сродак для вачэй пры лячэньні мужчын і заўважыў, што ён дапамагае. Калі ж я паспрабаваў выкарыстаць мужчынскія лекі для жанчын, я не заўважыў паляпшэньня. Тады я зразумеў, што дух мужчын слабне. Яны зрабіліся падобныя да жанчын, і набліжаецца канец сьвету. Паколькі для мяне ў гэтым няма сумневаў, я захоўваў гэта ў таямніцы” (Хакагурэ).

Сёньня сытуацыя з мэдыцынай ня лепшая, і канец сьвету ўсё бліжэй і бліжэй. Пакуль ня позна, блогер вывучае мэдыцынскую астралёгію: “Прааналізаваўшы сотні гараскопаў, заўважыла яркую сувязь паміж групай крыві і часам нараджэньня (за суткі). Але з-за малой выбаркі па адмоўным рэзус-фактары пакуль не дайшла, як ён праяўляецца ў гараскопе”.

Бо, між тым, кажуць, і сьвіны грып прыйшоў у Беларусь — блогер pink-by непакоіцца: “Забаўную рэч зараз сказала жанчына з вэтэрынарнай службы на мікрафон БТ і АНТ. Аказваецца, “калі дзіця прыбыла з краіны з высокай рызыкай заражэння высокапатагенным грыпам, то мэдсястра сама прыйдзе, бо Ў ЯЕ БУДЗЕ ІНФАРМАЦЫЯ”. Чамусьці ніхто не спытаўся — адкуль можа быць гэтая інфармацыя?”

Аднак пакуль ня варта ўпадаць у паніку. Цяпер, калі да каляндарнай восені яшчэ цэлых дванаццаць дзён, згадаем клясычнае танка паэта Сарумару —

Глыбока ў гарах
мне чырвоны клёна ліст —
алень, што стогне.
Чую плач яго... Ўва мне —
увесь восеньскі смутак.


— і пасузіраем цёплыя карціны гарадзенскага мастака Ўладзіміра Голуба, якія выклаў юзэр dimaidr:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG