Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі візыту Філіпа Гордана


Філіп Гордан
Філіп Гордан

Якімі былі вынікі перамоваў памочніка дзяржсакратара ЗША Філіпа Гордана і міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея? Які наагул цяперашні стан беларуска-амэрыканскіх адносінаў? Як уплывае на іх новая палітыка “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу? Ці мяняюць пазыцыі бакоў у дыялёгу Менску з Вашынгтонам складаныя дачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй?


Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць палітоляг Дзяніс Мельянцоў, палітык Віталь Рымашэўскі і публіцыст Аляксандар Фядута.

Дракахруст
: У мінулую пятніцу Менск наведаў высокі прадстаўнік новай амэрыканскай адміністрацыі — памочнік дзяржсакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан. Ён правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым і кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Макеем.

Пра зьмест гэтых гутарак афіцыйныя паведамленьні былі больш чым сьціплыя і расплывістыя.

“Адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытаньнях шматбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяньня ў сфэры міжнароднай бясьпекі і раззбраеньня. Бакі дамовіліся падтрымліваць рэгулярныя кантакты”, — гэта пра перамовы амэрыканскага госьця з Макеем.

“Падчас сустрэчы абмеркаваны пытаньні разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх адносінаў, у тым ліку выкарыстаньня наяўных магчымасьцяў пашырэньня гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня ў галіне міжнароднай бясьпекі”, — гэта пра гутарку Гордана з Мартынавым.

Цікава, што пасьля гэтых сустрэчаў не было ніякай прэсавай канфэрэнцыі ці падыходу да журналістаў ні амэрыканскага дыплямата, ні яго беларускіх суразмоўцаў. Пра што размаўлялі, ці дамовіліся пра штосьці — невядома.

Зьмест заяваў, якія гучалі напярэдадні размоваў Менску, яснасьці не дадаюць. У чацьвер спадар Гордан агучыў амэрыканскую пазыцыю: правы чалавека — для ЗША галоўнае, санкцыі былі ўведзеныя за парушэньне правоў чалавека, Вашынгтон ня будзе абменьваць прынцыпы на пашырэньне штату свайго пасольства.

Гэтыя тэзы амэрыканскі дыплямат паўтарыў і за некалькі гадзінаў да сустрэчаў з Мартынавым і Макеем – падчас размовы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка 30 ліпеня падчас сустрэчы з амэрыканскімі парлямэнтарамі выклаў сваю пазыцыю: папярэдняя ўмова нармалізацыі адносінаў — скасаваньне санкцыяў і адмена “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”.

Пазыцыі, як бачым, палярныя: што для аднаго боку пачатак, то для другога канец. Прычым пазыцыі былі агучаныя публічна, што ўскладняе адыход ад іх — любы кампраміс будзе выглядаць капітуляцыяй, стратай твару.

Калі гэта сапраўдныя пазыцыі, якія, відавочна, несумяшчальныя, дык навошта быў наагул візыт спадара Гордана? Калі гэта, як кажуць у дыпляматыі, “пазыцыі запыту”, то навошта іх было публічна агучваць, каб потым ад іх адыходзіць?

Дык якія ўсё ж вынікі гэтых кантактаў, што гэта было?

Мельянцоў
: Так, сапраўды, пазыцыі несумяшчальныя. Але толькі па агучаным коле пытаньняў, то бок па афіцыйным парадку дня. Але гэта не азначае, што няма іншых пунктаў супадзеньня інтарэсаў і пытаньняў, апрача гэтых агучаных, якія можна абмяркоўваць і вырашаць паміж дзьвюма краінамі. Што да матываў і прычынаў візыту, то выглядае, што прыезд Філіпа Гордана ў Менск не павінен быў скончыцца канкрэтнымі рашэньнямі: гэта быў адзін з крокаў нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША. Прыгадайце, колькі эўразьвязаўскіх чыноўнікаў паперабывала ў Беларусі да таго, як былі прыпыненыя санкцыі і прапанаваны ўдзел ва “Ўсходнім партнэрстве”. Калі казаць пра вынікі, то відавочна, што гутарка зь беларускімі чыноўнікамі вялася і пра штат амбасады, і пра адносіны з Расеяй, і пра крэдыты, і пра правы чалавека.
Гэта выразнае пасланьне ў бок Масквы пра тое, што на Расеі сьвет клінам не сышоўся, што на Захадзе могуць быць альтэрнатывы расейскай сыстэме калектыўнай бясьпекі...


Але афіцыйныя СМІ пра гэта не паведамляюць і наўрад ці паведамяць найбліжэйшым часам. Вынікі, пра якія мы пакуль можам меркаваць, гэта нарошчваньне афіцыйных кантактаў, што гаворыць пра жаданьне нармалізацыі адносінаў. І другое — гэта выразнае пасланьне ў бок Масквы пра тое, што на Расеі сьвет клінам не сышоўся, што на Захадзе могуць быць альтэрнатывы расейскай сыстэме калектыўнай бясьпекі. Менавіта пра гэта гаворыць дзіўны паўтор у паведамленьнях афіцыйных СМІ, што ў размовах і з Мартынавым, і з Макеем Гордан размаўляў пра пытаньні бясьпекі.

Дракахруст: Аляксандар Фядута, мне ў Дзянісавым тлумачэньні засталося не зусім зразумелым, як так можа быць — па афіцыйным парадку дня пазыцыі несумяшчальныя, але ёсьць пра што гаварыць. Пра што, калі бакі абвяшчаюць умовай гутаркі супрацьлеглыя рэчы.

Дарэчы, менскія перамовы адбыліся амаль у гадавіну вызваленьня Аляксандра Казуліна. На думку некаторых, амэрыканскія санкцыі адыгралі ў гэтым вызваленьні ключавую ролю. Дык, можа, і сёлета амэрыканцы змогуць дамагчыся хаця б мінімуму, які яны абвяшчаюць – вызваленьня ўсіх асобаў, якія лічацца палітвязьнямі?

Фядута
: Я пачну з апошняга. Гэтага якраз дасягнуць прасьцей за ўсё. Тыя, хто рабілі людзей палітвязьнямі, празь дзень могуць вызваліць. І ЗША гэта вельмі добра разумеюць. І, хутчэй за ўсё, пра гэта цяпер размова не ішла, бо пры ўсёй маёй павазе да спадара Аўтуховіча ён паводле свайго палітычнага статусу — не Аляксандар Казулін.
Як паводзяць сябе гандляры на кірмашы? Яны называюць цану і потым паступова яе зьніжаюць...


Што да несумяшчальнасьці пазыцыяў, то беларуская палітыка, асабліва замежная, — гэта палітыка гандлю. Ну а як паводзяць сябе гандляры на кірмашы? Яны называюць цану і потым паступова яе зьніжаюць. Палітычны гандаль мала чым адрозьніваецца ад гандлю на кірмашы.

Дракахруст: Віталь Рымашэўскі, вы ўдзельнічалі ў сустрэчы зь Філіпам Горданам напярэдадні яго перамоваў з Мартынавым і Макеем. З таго, што казаў ён, вы зразумелі пазыцыю ЗША — на што яны гатовыя ісьці, што іх цікавіць?

Рымашэўскі
: З таго, што казаў спадар Гордан, а гэта было паўторана некалькі разоў, было зразумела адно — што новая адміністрацыя будзе працягваць падыход бушаўскай адміністрацыі. І што для Абамы правы чалавека, прынамсі ў Беларусі, — пытаньне настолькі ж прынцыповае, наколькі прынцыповым яно было для Буша. Яны нават не разглядаюць такі варыянт, як скасаваньне “Акту аб дэмакратыі для Беларусі” ў абмен на павялічэньне складу амбасады. Таксама было сказана аб зацікаўленасьці новай адміністрацыі ў супрацоўніцтве
Для Абамы правы чалавека, прынамсі ў Беларусі, — пытаньне настолькі ж прынцыповае, наколькі прынцыповым яно было для Буша...
з Эўрапейскім Зьвязам і яго праграмай “Усходняе партнэрства” і зацікаўленасьці ў тым, каб выказаць адкрытасьць да беларускай дзяржавы і беларускага ўраду. У мяне склалася ўражаньне, што канкрэтных прапановаў што да эканамічнай дзейнасьці ў іх не было.

Адміністрацыя Абамы пакуль разважае, якім чынам выбудоўваць стратэгію адносінаў. Адзінае, што вызначана, – гэта пазыцыя па правох чалавека. Для іх прынцыпова, каб не было новых палітвязьняў.

Дракахруст: Якую ролю ў дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам адыгрывае Эўропа, Эўразьвяз зь яго новай палітыкай “Усходняга партнэрства”? Лінія Брусэлю даволі істотна адрозьніваецца ад палітыкі Злучаных Штатаў. На Эўропу прыпадае 45% беларускага зьнешняга гандлю, пра што нядаўна прыгадаў Лукашэнка ў інтэрвію расейскім мэдыям.

Таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША летась склаў усяго $628 мільёнаў — гэта 2% ад агульнага памеру зьнешняга гандлю Беларусі. Да таго ж МВФ цяпер даволі ўважліва прыслухоўваецца да просьбаў Беларусі і даволі шчодра дае ёй крэдыты, пры тым, што Злучаныя Штаты адыгрываюць у фондзе далёка не апошнюю, калі не вырашальную ролю. Дык навошта тады Менску ісьці на кардынальныя (ці хаця б якія саступкі) Вашынгтону?

Фядута: Трэба зыходзіць з таго, што Беларусьсю сёньня кіруе не спадар Лукашэнка, а спадар Крызіс. На саступкі трэба ісьці для таго, каб перамагчы крызіс хоць б той частцы, якая не дае ўладзе выконваць абавязкі па так званым “сацыяльным кантракце”. Нашая ўлада адчувае сябе ўпэўненай толькі тады, калі яна можа штосьці даць па-патэрналісцку настроенай частцы беларускага грамадзтва. І дзеля гэта сёньня адзіная мажлівасьць – весьці дыялёг з Захадам. А Эўропа – гэта, як кажуць нашыя ўсходнія суседзі, верны хаўрусьнік Злучаных Штатаў. І каб адносіны з Эўропай не псаваліся, а паляпшаліся, трэба весьці дыялёг ня толькі зь ёй, але і з ЗША. Што цяпер і адбываецца.
Беларусьсю сёньня кіруе не спадар Лукашэнка, а спадар Крызіс...


І яшчэ адзін вельмі важны фактар – гэта тое, што ЗША ў вачох беларускага кіраўніцтва – адна з дзяржаваў-гарантаў, і гарантаў шляхам перамоваў асабістай бясьпекі тых ці іншых асобаў, якія сёньня ёсьць у беларускай ўладзе, і гарантаў таго, што Беларусь не застанецца сам-насам з Расеяй. Бо менавіта ў Эўразьвязе ёсьць пэўныя сілы, для якіх, з майго пункту гледжаньня, больш выгадным было б, калі б Беларусь сёньня была часткай Расеі ці саюзнай дзяржавы. А ЗША займаюць больш прынцыповую пазыцыю. І, нягледзячы на тое, што дзеля гэтых гарантыяў прыйдзецца выконваць больш жорсткія палітычныя ўмовы, трэба весьці дыялёг.

Рымашэўскі: Я мяркую, што не размаўляць са Злучанымі Шатамі кіраўніцтва краіны на плянэце Зямля можа толькі ў тым выпадку, калі
Што да ўплыву ЭЗ на пазыцыю ЗША, то я мяркую, што куды больш важкі адваротны ўплыў
яно абсалютна непісьменнае палітычна. Гэта самая магутная краіна, больш за траціну ўсясьветнай эканомікі належыць Злучаным Штатам, гэта краіна, у якой ёсьць інтарэсы паўсюль. Што да ўплыву Эўразьвязу на пазыцыю ЗША, то я мяркую, што куды больш важкі адваротны ўплыў. Злучаныя Штаты маюць вельмі вялікі ўплыў ня толькі на паасобныя краіны Эўразьвязу, але й на Эўразьвяз у цэлым. І яны ня могуць застацца па-за працэсам, па-за тым працэсам, які цяпер Эўразьвяз ініцыяваў самастойна, я маю на ўвазе праграму “Ўсходняе партнэрства”. Пазыцыя Эўразьвязу ў гэтым сэнсе й правакуе Злучаныя Штаты: яны мусяць нейкім чынам рэагаваць і мусяць вызначацца. Магчыма, і леташні ўзброены канфлікт Расеі з Грузіяй таксама штурхае да нейкіх мэтадаў дзеяньня. Таму цалкам лягічна, што ЗША шукаюць новых падыходаў.

Дракахруст: Дзяніс, на ваш погляд, якім ёсьць аб’ём саступак, на якія цяпер мог бы пайсьці афіцыйны Менск у той сытуацыі, што склалася, а менавіта калі амэрыканская адміністрацыя вуснамі спадара Гордана кажа, што мы працягваем ранейшую палітыку. “Перазагрузка” амэрыканскай палітыкі адбываецца адносна шмат якіх краінаў, але адносна Беларусі ніякай “перазагрузкі” няма.

Мельянцоў: Я хацеў бы вярнуцца да пытаньня МВФ. Я лічу, што там іншая лёгіка, чым тая, пра якую вы, Юры, казалі. Крэдыты МВФ былі ўзнагародай Беларусі за пазытыўныя крокі, на якія пайшоў афіцыйны Менск, а не аванс за нейкую гіпатэтычную лібэралізацыю.
“Акт аб дэмакратыі” забараняе амэрыканцам у міжнародных арганізацыях галасаваць за выдзяленьне Беларусі крэдытаў...


Як вядома, “Акт аб дэмакратыі” забараняе амэрыканцам у міжнародных арганізацыях галасаваць за выдзяленьне Беларусі крэдытаў. Злучаныя Штаты, як ужо было сказана, маюць там дужа важкі голас. Таму гэта была сьвядомая, мэтанакіраваная падтрымка Беларусі ў абмен на вызваленьне Казуліна, Зэльцэра і, можа, на што яшчэ. Тут перш за ўсё маю на ўвазе геапалітычны чыньнік. Беларусі вельмі пашчасьціла, што ў яе такое выдатнае геапалітычнае становішча. Гэта вельмі важны козыр Лукашэнкі, і таму тут можна гандляваць ня толькі наконт правоў чалавека і саступкамі ў палітычнай сфэры, але таксама й геапалітычнай ляяльнасьцю, чым, хутчэй за ўсё, беларускі лідэр і гандлюе.

Таму, калі казаць пра магчымыя саступкі, на якія можа пайсьці беларускі ўрад, я хацеў бы сказаць пра невялічкія крокі, якія не азначаюць інстытуцыйных зьменаў – гэта перш за ўсё вызваленьне палітычных зьняволеных, або тых асобаў, якіх лічаць такімі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, або тых, каго прызнаюць палітзьняволенымі амэрыканцы. Плюс нейкія невялічкія крокі для паляпшэньня стану СМІ. “Народная воля” і “Наша ніва” былі вернутыя ў легальны распаўсюд, могуць быць вернутыя й некаторыя іншыя газэты, і гэта будзе паказвацца як крокі палітычнай лібэралізацыі ўнутры Беларусі. Важным чыньнікам застаецца непрызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Беларусь на сёньняшні дзень зьяўляецца для Захаду апошнім, але даволі важным зьвяном Балта-Чарнаморскага калідору, які разглядаецца Злучанымі Штатамі як буфэр паміж іх эўрапейскімі саюзьнікамі і Расеяй. Для ЗША важна, каб гэтае апошняе зьвяно не было антыамэрыканскім. Ёсьць яшчэ такая рэч, як АДКБ, якая вельмі важная для Расеі і для ЗША. Для Расеі важна збудаваць сыстэму калектыўнай бясьпекі на постсавецкай прасторы, каб прадэманстраваць сваю важнасьць як рэгіянальнай або нават усясьветнай дзяржавы. І, адпаведна, інтарэс ЗША ў тым, каб як мага аслабіць гэты патэнцыял уплыву Расеі на сваіх саюзьнікаў.

На што яшчэ можа пайсьці Беларусь? Гэта пашырэньне амэрыканскай дыпляматычнай прысутнасьці. Што да Эўразьвязу, то я лічу, што Эўразьвяз і ЗША выпадкова ці скаардынавана гуляюць у “добрага” і “злога” паліцэйскіх. ЗША выстаўляюць жорсткія патрабаваньні па балючых для Менску пытаньнях, а ЭЗ паступова, але няўхільна залучае Беларусь у прагматычныя стасункі. ЗША падтрымліваюць палітыку “Ўсходняга партнэрства”, а значыць, таксама ўдзельнічаюць у пераарыентацыі Беларусі на заходнія інтэграцыйныя працэсы.

Дракахруст: Над перамоўным сталом беларускіх і амэрыканскіх прадстаўнікоў заўсёды прысутнічае цень яшчэ аднаго трэцяга – Расеі. Апошнім часам паведамленьні аб беларуска-расейскіх адносінах нагадваюць зводкі баявых дзеяньняў: фінансавая спрэчка плаўна перацякае ў малочную “вайну”, тая – у сварку наконт газу і цукру, гэтыя сваркі – у незразумелыя скокі вакол дамовы аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ. Такі стан адносінаў Беларусі з “заклятымі братамі” як уплывае на пазыцыі бакоў у беларуска-амэрыканскім дыялёгу? Амэрыканцы гатовыя пайсьці насустрач Лукашэнку за дэманстрацыі таго, што ён – ня поўны васал Масквы? Лукашэнка гатовы пайсьці насустрач амэрыканцам, каб атрымаць дадатковую апору ад ціску Масквы?

Рымашэўскі: Кіраўнікі эўрапейскіх краін і эўрапейскія дыпляматы неаднойчы казалі і публічна, і ў размовах з намі, што непрызнаньне
На сёньняшні дзень у замежнай палітыцы Лукашэнку нават выгадна, каб не павялічыўся склад амэрыканскай амбасады, каб захоўваўся зьнешні выгляд канфрантацыі са Злучанымі Штатамі...
незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі вельмі істотнае ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Таксама гэты фактар вельмі істотны ў стасунках са Злучанымі Штатамі. Таму я прагназую, што блізкім часам Лукашэнка гэтага прызнаньня ня зробіць. З другога боку, калі казаць пра зьнешнюю ляяльнасьць, то Лукашэнка цяпер зацікаўлены зьнешне ў тым, каб рабіць публічныя заявы, кшталту выстаўленьня жорсткіх умоваў Злучаным Штатам, рэзкія заявы ў іх бок, каб не было занепакоенасьці Расеі, што ён надта загуляўся з Захадам і зробіць крокі насустрач ЗША. На сёньняшні дзень у замежнай палітыцы Лукашэнку нават выгадна, каб не павялічыўся склад амэрыканскай амбасады, каб захоўваўся зьнешні выгляд канфрантацыі са Злучанымі Штатамі. Гэта трэба, каб запэўніць яго расейскіх сяброў, што ён застаецца ім верным, што ён будзе іх вайсковым і стратэгічным партнэрам. Казаць пра публічную падтрымку з боку ЗША ад ціску Масквы, на жаль, вельмі зарана.

Да таго ж у адміністрацыі Лукашэнкі існуе ірацыянальны страх, магчыма, ён зьвязаны і з савецкай сьвядомасьцю, і з досьведам “каляровых рэвалюцыяў”. Лукашэнка падсьвядома баіцца ўплыву Злучаных Штатаў, тых сродкаў, якія яны могуць укласьці ў Беларусь. каб зьдзейсьніць пераварот.

Мельянцоў: Мэсыдж Расеі – гэта пабочны эфэкт візыту Філіпа Гордана і наагул нарошчваньня палітычных адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю. Што да Масквы як трэцяга ў гэтых адносінах, то тут вымалёўваецца дзіўная камбінацыя. Пасьля малочнай “вайны” і гэтага дэмаршу Лукашэнкі з АДКБ Беларусь упершыню перасягнула “чырвоную мяжу” ў адносінах з Расеяй, калі сапраўды канфлікт перакінуўся на вайскова-палітычныя і вайскова-стратэгічныя пытаньні. Раней Лукашэнка ніколі сабе такога не дазваляў, а цяпер сваім чэрвеньскім дэмаршам ён фактычна пахаваў спробу Расеі пабудаваць эфэктыўную арганізацыю бясьпекі, якая б мела свае сілы хуткага рэагаваньня і, паводле словаў некаторых расейскіх чыноўнікаў, была б аналягам НАТО.
Насамрэч гаворка вялася менавіта пра абмен геапалітычнай ляяльнасьці на захаваньне status quo ўнутры Беларусі...


Сам па сабе Лукашэнка ніколі б не пайшоў на такі важкі крок у адносінах з Расеяй, калі б не адчуваў у сябе за сьпінай дастаткова магутную і надзейную падтрымку. Ён займеў ад Захаду, у прыватнасьці ад ЗША, калі не гарантыі бясьпекі, то абяцаньне, што ён будзе падтрыманы, калі Расея яшчэ мацней будзе на яго чыніць ціск і ў пытаньні прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, і ў пытаньні ўдзелу ў калектыўных сілах АДКБ.

Таму я схільны казаць пра тое, што насамрэч гаворка вялася менавіта пра абмен геапалітычнай ляяльнасьці на захаваньне status quo ўнутры Беларусі.

Фядута: Я б зьвярнуў увагу сваіх суразмоўцаў, што візыт спадара Гордана адбыўся пасьля апошніх заяваў прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя
Візыт спадара Гордана адбыўся пасьля апошніх заяваў прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева наконт Украіны...
Мядзьведзева наконт Украіны. Наколькі я разумею, гэтыя заявы – сыгнал Злучаным Штатам ад кіраўніцтва Расеі, што, нягледзячы на тыя пытаньні, якія абмяркоўваліся падчас візыту прэзыдэнта Барака Абамы ў Маскву, Расея будзе настойваць на сваёй дамінантнай ролі на постсавецкай прасторы. У гэтым выпадку зразумела, што візыт спадара Гордана ў Менск сапраўды можа быць спробай дамовіцца аб палітычнай ляяльнасьці з боку беларускага кіраўніцтва. Гэта тое пытаньне, якое можа атрымаць і пэўны эканамічны сэнс, таму што безь Беларусі пабудаваць нейкую Балта-Чарнаморскую інфраструктуру немагчыма. А цяпер пра гэта ўжо гавораць ва Ўкраіне, і ў балтыйскіх дзяржавах, і ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG