Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заганная сыстэма паглынае сваіх стваральнікаў”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 13 жніўня, чацьвер.

Былы палкоўнік МУС Рыгор Новік распачаў змаганьне з уладамі за свой трохпавярховы дом, збудаваны ў міліцэйскім катэджным пасёлку “Крынічны”. Нагадаю, што летась Аляксандар Лукашэнка назваў былых высокапастаўленых чыноўнікаў карупцыянэрамі, а ў іхнія дамы заплянавана засяліць дзяцей-сіротаў. Камэнтар слухачкі “Свабоды”:

Спадарыня: “Першая рэакцыя: хочацца паспачуваць Рыгору Новіку, які змагаецца за сваю маёмасьць. Але ён -- частка сыстэмы, якую сам дапамагаў будаваць. Калі ўся сілавая надбудова, пачынаючы ад суду і пракуратуры і заканчваючы шараговым міліцыянтам, паступае са звычайнымі грамадзянамі так, як ім хочацца, то Новікі маўчаць: бач ты — свае сем’і, нерухомасьць, кар’ера. Сёньня заганная сыстэма паглынае сваіх стваральнікаў, але Новік і ягоныя калегі ў свой час зрабілі ўсё, каб застацца сам-насам са сваімі праблемамі. Дзякуй”.

Абяцаньне кіраўніка краіны, што “з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе” — адна з тэмаў, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы:

Спадар: “Чарговы цуд скалануў Рэспубліку Беларусь. Лукашэнка абвясьціў, што ў дзьве тысячы адзінаццатым годзе беларусы будуць жыць, як у Эўропе. На ўсю рэспубліку пабудавалі з дапамогай замежных інвэстараў два сьвіныя комплексы — і лямантуем, што жывем, як у Эўропе. Ну гэта ж несур’ёзна. Лукашэнка ня выканаў ніводнага свайго перадвыбарчага абяцаньня: ні вернутых укладаў, ні лядоўняў, ні тэлевізараў народ не дачакаўся. Краіна ў эканамічным крызісе, абцяжарана шматмільярднымі даўгамі. А прэзыдэнт цешыць народ чарговымі байкамі. Дзякуй”.

Спадарыня: “Абяцаючы беларусам эўрапейскае жыцьцё ў дзьве тысячы адзінаццатым годзе, якое фактычна зараджалася пры Шушкевічу, Лукашэнка каменем лёг на зародак эўрапейскага жыцьця для Беларусі. І ўсе пятнаццаць год душыў яго, як толькі мог, сваім эканамічным цудам. Цуд лопнуў, і яго няма. Засталіся беларусы ля разьбітага карыта, падманутыя, кінутыя ў галечу. І раптам праз паўтара года беларусы зажывуць па-эўрапейску. Але ў Эўропе ёсьць бедныя эўрапейцы, зь сярэднім дастаткам і багатыя. Дык удакладніце, спадар Лукашэнка, у дзьве тысячы адзінаццатым годзе беларусы ў якую катэгорыю патрапяць? А можа, яшчэ і ў эстэтычным і ў палітычным пляне па-эўрапейску зажывем. Карацей, ізноў вырашыў канкрэтна падмануць беларусаў. Ніхто ў гэтыя казкі Лукашэнкі ня верыць”.

Спадар: “Трэба, каб эканаміст пракамэнтаваў паведамленьне беларускага тэлебачаньня, што тралейбусы і трамваі “Камунмаша” такія добрыя, што ідуць пад заказ на экспарт і кошт іх на парадак ніжэйшы. Гэта значыць, калі тралейбус ці трамвай каштуе пяцьдзясят тысячаў, то і прадаюць на парадак ніжэй — за пяць тысячаў. Дык хто ж атрымлівае адкат у такім выпадку?”

Выказваньне камэнтуе эканаміст Леў Марголін:

“Што тут можна сказаць? Ці ваш слухач памыліўся, ці гэта непрафэсійная заява БТ. Бо на аднолькавы тавар кошты ня могуць быць на парадак ніжэйшыя. На 20—30% — так, можа быць коштам таго, што ў нас у людзей заробкі меншыя, а на парадак — канечне, ня можа быць такога”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “У мяне толькі адно пытаньне: хто фінансуе праваабарончыя арганізацыі? Хто іх фінансамі забясьпечвае, гэтыя праваабарончыя арганізацыі? За чый кошт яны жывуць?”

Адказвае праваабаронца Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
“У адпаведнасьці з дэклярацыяй аб праваабаронцах, якая была прынятая ў 1998 годзе на паседжаньні ААН (Беларусь, дарэчы, таксама брала ўдзел у прыняцьці гэтай дэклярацыі), праваабаронцы маюць права і магчымасьць атрымліваць фінансаваньне на сваю дзейнасьць з усіх крыніцаў, якія маюць празрыстыя вытокі. Гэта могуць быць і дзяржаўныя арганізацыі, і міжнародныя дабрачынныя фонды. Таму фінансаваньне праваабаронцаў ня ёсьць нейкім вялікім сакрэтам”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Паважаны Аляксандар Рыгоравіч, сёньня ўжо дванаццатае чысло. Калгасьнікі працуюць і днём, і ноччу. Намалацілі больш за пяць мільёнаў тон. А зарплаты ня бачаць, хоць прымушаюць іх працаваць і ўначы. Дзе парушаюць ня толькі правы чалавека, але і правы грамадзяніна. Дзякуй за ўвагу”.

Курневіч Валерый, Барысаў:

“Мядзьведзеў зрабіў супроць Юшчанкі дэмарш, нейкі кураж.
Крамлёўска-прэзыдэнскі тандэм, які да дэмакратыі глух і нем,
Згубіў Грузію, будзе з Украінай канфузія.
Меркаваць не бярусь — у пэрспэктыве і Беларусь”.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG