Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская мара Аляксандра Лукашэнкі


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

“У 2011 годзе будзем жыць, як у Эўропе,” – заявіў Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні. Гэтым абяцаньнем, незалежна ад ступені яго выканальнасьці, ён далучыўся да вялікага шэрагу сваіх папярэднікаў.

Такая мара – лёс хіба ня ўсіх краінаў даганяючага разьвіцьця. Прычым у дадзеным выпадку гэта не залежыць нават ад стаўленьня да палітычных рэаліяў краінаў, якія мяркуецца дагнаць. Мікіта Хрушчоў быў гарачым змагаром з “амэрыканскім імпэрыялізмам”, але “дагнаць і перагнаць” зьбіраўся менавіта Амэрыку, менавіта яна была кропкай адліку, ідэалам, ідэальнасьць якога хавалася нават ад саміх сябе. Мао Цзэ Дун напярэдадні “вялікага скачка” ў 1957 годзе даваў партыйную ўстаноўку “за 15 гадоў дагнаць і перагнаць Велікабрытанію” і збудаваць камунізм.
Ну, і тым болей гэта зразумела, калі краіна даганяючага разьвіцьця лічыць тых, каго мяркуе дагнаць, ідэалам абсалютна сьвядома. У свой час Лех Валенса абяцаў зрабіць Польшчу “другой Японіяй”, у Польшчы хадзілі на гэты конт нават даволі зьедлівыя анэкдоты.

Наконт хрушчоўскі абяцаньняў народ таксама жартаваў: маўляў, Амэрыку, зразумела ж, дагонім, раз партыя сказала, а пераганяць ня будзем. А чаму? А каб амэрыканцы ня бачылі наш голы азадак.

У часы перабудовы тлумачэньні, што пасьля рэформаў савецкія людзі будуць жыць, як у Эўропе, гучалі і ў артыкулах прагрэсіўных эканамістаў, і з высокіх трыбунаў, абяцаньне: “Будзем жыць, як у Эўропе,” -- было адным з галоўных і ў лідэраў украінскай “аранжавай” рэвалюцыі 2004 году.

Напачатку свайго кіраваньня Расеяй Уладзімер Пуцін ставіў больш сьціплую задачу: “дагнаць Партугалію”.

Безумоўна, камуністычныя правадыры – Хрушчоў і Мао – мелі на ўвазе ў першую чаргу заходні дабрабыт, а не заходні лад жыцьця і не заходнія каштоўнасьці. Але, мяркую, што і “прарабы перабудовы” ў СССР, і лідэры антыкамуністычных рэвалюцыяў таксама абяцалі масам у першую чаргу эўрапейскую заможнасьць, па меншай меры самі масы гэта цікавіла, скажам так, не ў апошнюю чаргу. Хаця тут ня толькі дабрабыт, але ў пэўнай ступені і лад. Аднойчы я размаўляў са славацкім паслом у Беларусі, і той прыгадаў вельмі паказальную рэакцыю Лукашэнкі на, як ня дзіўна, тэлерэпартаж пра ралі Парыж-Дакар. Пасьля, выступаючы недзе, Лукашэнка сказаў: "А якія палеткі ў іх дагледжаныя, уздоўж трасы якія!” Гэта – ня толькі дабрабыт, гэта прарваўся праз ідэалягічныя догмы ідэал беларускага селяніна.

Цяперашняе абяцаньне: “У 2011 годзе будзем жыць, як у Эўропе,” – вялікая эвалюцыя ў параўнаньні са сказаным у 1996 годзе: “Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду”. За гэтым – ня толькі палітычны манэўр, але і праяўленьне, выхад на паверхню сьвядомасьці беларускага калектыўнага ідэалу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG