Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьвіньні будуць жыць, як у Эўропе. А як жа людзі?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 10 жніўня, панядзелак.





Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Ляхавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці заявіў, што пачынаецца рэвалюцыя ў сьвінагадоўчай галіне, і паабяцаў, што “з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе”. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтае выказваньне:

Уладзімер Зьвернік: “На пытаньне “Свабоды” “Ці верыце вы, што ў 2011 годзе мы будзем жыць, як у Эўропе?”, зразумела, паводле Лукашэнкі, я адкажу такім чынам: гэтую фразу зь беларускай мовы на русский язык можна перакласьці як “нынешнее поколение советских людей будет жить при коммунизме”. Старэйшыя людзі памятаюць гэтае абяцаньне Хрушчова. Але дзе ж той камунізм? Як ён выглядае?”

Віктар, Магілёў: “Лукашэнка паабяцаў, што праз два гады беларускія сьвіньні будуць жыць, як у Эўропе. Цікава, а мы як жа? Я таксама хачу жыць на эўрапейскім узроўні. Мне што, для гэтага трэба зарохкаць?”

Спадар: “Гэтая ўлада марыла б, як выйсьці з эканамічнага крызісу, а не пра 2011 год. Дзякуй, Радыё Свабода”.

Спадар: “Шаноўная “Свабода”! Пры кіраваньні Лукашэнкі за пятнаццаць год вэртыкаль і чынавенства, уся ягоная сьвіта цяпер жывуць, як у Эўропе. Самы маленькі кіраўнік атрымлівае заробак ня меней за пяць-шэсьць мільёнаў беларускіх рублёў. А працоўны атрымлівае трыста пяцьдзясят — чатырыста рублёў. Прагарбаціўшыся па дзесяць-дванаццаць гадзін фізычнай працы. Вось вам і ўся Эўропа”.

Спадарыня: “Добрай раніцы, “Свабода”. Гаворачы пра беларускае жыцьцё як у Эўропе, беларускі прэзыдэнт абяцаў, напэўна, зьнізіць кошты на харчаваньне хаця б да эўрапейскіх. Таму што беларусы, якія эмігравалі на Захад, наведваючы Беларусь, задаюць адно і тое ж пытаньне: як вы тут умудраецеся выжываць пры такіх коштах на прадукты? Яны там папрывыкалі штодня есьці колькі захочаш мяса і садавіны і не разумеюць, што ў нас замест гэтага ёсьць бульба і хлеб. А мяса ў нас даўно рэкамэндавана есьці дзецям толькі пакрыху, і без садавіны. Да пабачэньня”.

Валерый Курневіч, Барысаў: “Лукашэнка абяцаў: будзем жыць у 11-м годзе па-эўрапейску. Даўно пара. У цэнтры Эўропы сядзім. Як будзе далей — паглядзім. Будзе відаць. Толькі ведаем мы адно: наш прэзыдэнт можа многае абяцаць, добра ў хакей гуляць, шайбы забіваць, шчокі надзімаць, пад амбіцыі пападаць ды папулізм сабе набываць. Вось толькі як нашае жыцьцё ўраўняць? У сярэднестатыстычнага пэнсіянэра-беларуса сацыяльная падмога складае трыста пяцьдзясят тысяч беларускіх рублёў — меней, чым у немцаў, у дзесяць разоў. Калі Лукашэнка зможа наша жыцьцё з эўрапейскім раўняць, тады будзем заўсёды за яго галасаваць”.

У працяг тэмы слухач задае пытаньне:

Спадар: “Хочацца бачыць Беларусь у сям’і эўрапейскіх народаў, але ня ў тым фармаце, які нам прапаноўваюць некаторыя адыёзныя дзеячы. Хацелася б пачуць больш шырокую аналітыку на гэтую тэму. Цікавіць меркаваньне нашых палітыкаў: Казуліна, Мілінкевіча, Сіўчыка, Севярынца — што яны думаюць пра праблему Цхінвала, Бялграда, ці не чакае нас падобны лёс? Можа, Беларусі і варта прызнаць існаваньне новых каўкаскіх дзяржаваў, але на сваіх умовах. Ну, да прыкладу, папрасіўшы ад Расійскай Фэдэрацыі вяртаньня ў лона нашай мэтраполіі іхніх заходніх тэрыторый, якія зьяўляюцца этнаграфічна беларускімі. Дзякуй за ўвагу”.

Адказвае палітык Павал Севярынец:

“Па-першае, Эўразьвяз — гэта стратэгічны партнэр Беларусі. Мы беларусы — значыць, мы — эўрапейцы, і нашая будучыня — у сям’і эўрапейскіх народаў. Наконт прызнаньня Асэтыі і Абхазіі: прызнаваць акупаваныя Расеяй тэрыторыі нельга. Бо, па-першае, мы тады самі адчыняем шлях да вайсковай акупацыі Беларусі, а па-другое, незалежнасьць увогуле не прадмет для гандлю — ані беларуская, ані грузінская, ані якая яшчэ”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “Я веру Аляксандру Рыгоравічу. Толькі наіўнае насельніцтва Беларусі не разумее, што калі ён гаворыць “мы”, ён мае на ўвазе ня нас, а сябе і сваё найбліжэйшае акружэньне”.

Спадар: “Я хачу сказаць вялікі дзякуй гэтай дзяўчыне з Воршы, якая тэлефанавала на “Свабоду” і расказвала пра камуністаў. Як мне спадабалася, як яна праўду ўсю расказала. Гэта праўдзівая жанчынка. Дай Бог ёй здароўя. А ў Эўропе мы будзем жыць, можа, не ў адзінаццатым годзе, а праз адзінаццаць год, калі ня стане гэтага нашага камуніста. Яшчэ хачу сказаць гэтай жанчыне: трэба болей расказваць пра гэтых камуністаў. А Калякін сунецца ізноў, можа ўцягнуць нас ізноў у гэтую Расею, у гэтае пекла”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG