Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За тое, што склады разгружаеш, яшчэ і падатак бяруць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 6 жніўня, чацьвер.


Урад Беларусі на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі адмяніў пастанову № 991, якой у краіне значна абмяжоўвалася дзейнасьць гандлёвых пасярэднікаў. Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на гэтую тэму:

Спадар: “Я хачу сказаць наконт дырэктывы ўраду № 991. Па-мойму, гэта проста Лукашэнка паспрабаваў, ну, зьнішчыць цалкам прадпрымальнікаў. Але, як паказалі яму ягоныя кіраўнікі, што народ не падтрымлівае яго і прадпрымальнікі могуць выйсьці на плошчы — ну, тады ён спужаўся і адмяніў гэта. Вось так я лічу”.

Спадар: “Дзіўна слухаць вашых аналітыкаў, якія прадказваюць ледзьве не адстаўку ўраду за некампэтэнтнасьць пры падрыхтоўцы пастановы № 991 аб ліквідацыі пасярэднікаў. Гэта ж адзін з актаў аднаго і таго ж спэктаклю, калі, напрыклад, дрэнны парлямэнт адмяняе ўсе ільготы, а добры прэзыдэнт частку зь іх вяртае. А тут дрэнны ўрад прымае дрэнную пастанову, а добры прэзыдэнт адмяняе. Мяркую, што вашы аналітыкі ў гэтым ня горш за мяне разьбіраюцца, але чамусьці ўдзельнічаюць у гэтым спэктаклі”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Сапраўды, урад у нас ня дужа самастойны, калі мякка казаць. І, па вялікім рахунку, палітыка вызначаецца, у тым ліку эканамічная, на самым версе. Пэрыядычна атрымліваючы ўсялякія разносы, урад пачынае дзейнічаць ліхаманкава, сутаргавата, і такі вось няўдалы прыклад — гэтая пастанова. І яе скасаваньне, калі разабрацца, хоць кіраўнік дзяржавы і выглядае такім мудрым і добрым царом, але насамрэч выглядае, як у анэкдоце: “купі казу — прадай казу”. І самае галоўнае, што хоць і запэўніваюць афіцыйныя крыніцы, што беларускі бізнэс зараз можа ўздыхнуць з палёгкай, я думаю, што няма ўпэўненасьці, што заўтра ізноў не наломяць дроў. Бо загана ў самой адміністрацыйнай сыстэме”.

У наступным тэлефанаваньні слухач паведамляе, як выконваецца патрабаваньне кіраўніка Беларусі да ўраду краіны пра неабходнасьць рэалізацыі прамысловай прадукцыі, якая не знаходзіць збыту:

Спадар: “Прывітаньне слухачам “Свабоды”. Хачу расказаць, як у нас вырашаецца праблема запасаў на складах, рэалізацыі гэтай прадукцыі. Прыйшоў у нашу ўстанову загад зьверху, зь Менску, набыць тэрмінова аўтамабіль МАЗ. І хоць грошай няма нават на заробак, аўтамабіль набылі. Па-першае, стаіць мёртвым грузам. Адзінае, на што ён да гэтай пары аказаўся прыдатным, што ўзялі ў заклад у банку, каб далі крэдыт на заробак. Па-другое, ледзь даехаў пару сотняў кілямэтраў — суцэльны брак. Давялося адразу яго адпраўляць у рамонт. І трэцяе — аказваецца, яшчэ давялося заплаціць больш за тры мільёны падатку. Ёсьць такі ў Беларусі падатак: на набыцьцё транспартных сродкаў называецца. Краіна дурняў — набываеш машыну, а зь цябе, за тое, што ты склады разгружаеш, яшчэ і падатак бяруць. Ясна, што з такім кіраўніцтвам, якое, вобразна кажучы, толькі і ўмее, што дзяліць і адбіраць, нічога ў нас не атрымаецца. У лепшым выпадку будзем жыць трохі лепш, чым на Кубе ці ў Карэі, дый то толькі праз тое, што газавыя і нафтавыя трубы ідуць празь Беларусь. Дзякуй за ўвагу”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG