Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочнай вайны ня будзе?


1 жніўня завяршыўся тэрмін, дадзены Расспажыўнаглядам беларускім прадпрыемствам для выкананьня тэхнічнага рэглямэнту на пастаўкі малака ў Расею. Ці адновіцца малочная вайна?

Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Савельеў заявіў Свабодзе, што малочная вайна з Расеяй не адновіцца. Беларускія прадпрыемствы атрымалі каля 400 расейскіх дазволаў на прадукцыю, якая пастаўлялася раней.

“Усё Рэспубліка Беларусь выканала. І як пастаўляла, так і будзе пастаўляць сваю прадукцыю ад 1-га жніўня згодна з дамоўленасьцямі ад 17-га чэрвеня. Дакладана спрацавалі лябараторыі Расспажыўнагляду. Ніякіх там не было аўралаў і чэргаў па здачы малочных пробаў на пэўную колькасьць гатункаў прадукцыі. Гэта амаль 800. І ёсьць каля 400 санэпідэмдазволаў. Таму я лічу, што спрацавалі нармальна абодва бакі, згодна з дасягнутымі дамоўленасьцямі”.

Спадар Савельеў цьвердзіць, што
Беларусь будзе пастаўляць малочную прадукцыю ў ранейшых аб’ёмах і нават у большых.
Беларусь будзе пастаўляць малочную прадукцыю ў ранейшых аб’ёмах і нават у большых.

“Бо амаль на 150 найменьняў новых гатункаў прадукцыі, якія мы раней не пастаўлялі, мы на іх таксама ўжо атрымалі дазволы”.

Раней кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка выказаў спадзяваньне, што пасьля 1 жніўня “ніякіх збояў, нейкага ступару ня будзе”. Маўляў, беларускі бок склаў “канчатковы сьпіс узораў прадукцыі, зь якога выключана значная частка прадуктаў, якія ня будуць пастаўляцца ў Расею”. Спадар Анішчанка заяўляў, што Беларусь не пасьпявае да 1 жніўня выканаць усе патрабаваньні расейскага тэхрэглямэнту й падрывае дасягнутыя 17 чэрвеня дамоўленасьці.

На пасяджэньні Савету міністраў Беларусі віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза заявіў, што “калі ня будуць атрыманы дакумэнты ў тэрмін, то можна казаць пра бязьдзеяньне кіраўнікоў прадпрыемстваў”. Паводле яго інфармацыі, прадпрыемствы Менску і Менскай вобласьці не атрымалі ніводнага сэртыфікату.

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, пакуль Генадзь Анішчанка робіць паўзу ў малочнай вайне зь Беларусьсю.

Яраслаў Раманчук
“Калі ёсьць квоты, калі няма добрай волі і прызнаньня сэртыфікатаў адзін аднаго, безумоўна, будуць крыніцы для канфліктаў. Малако, потым зьявяцца іншыя прадукты. Канфлікт з Расеяй будзе ўзмацняцца да канца гэтага года. Калі Анішчанку казалі рабіць „фас“, ён рабіў. Калі цяпер кажуць адпачыць, ён і робіць паўзу. Але гэта не азначае, што ўсё зроблена. Зроблена можна лічыць тады, калі ёсьць рынкавыя правілы гульні, ёсьць нейкія стандарты. А ў нас нашы ўзаемаадносіны рэгулююцца хутчэй палітычнай, чым эканамічнай мэтазгоднасьцю. Расея чакае, калі беларускі бок пачне прасіць крэдытаў. З кожным месяцам патрэба Беларусі ў крэдытах будзе павялічвацца. Таму Расея проста робіць паўзу і чакае”.

Нагадаем, у чэрвені за неадпаведнасьць расейскім стандартам якасьці да ўвозу ў Расею было забаронена блізу 1,5 тысячы найменьняў беларускай малочнай прадукцыі. Раней ад малочнага экспарту, які больш чым на 90% завязаны на рынак Расеі, штогод беларускі бюджэт атрымліваў блізу 1 мільярда даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG