Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колішнія расейскія хаўрусьнікі ўстаюць з каленяў”


Так напярэдадні нефармальнага саміту Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) на кіргіскім курорце Чалпон-Ата ацэньвае дачыненьні Расеі з былымі савецкімі саюзьнікамі нямецкае выданьне Sueddeutsche Zeitung.

Як стала вядома, беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка, які праігнараваў папярэдняе, маскоўскае паседжаньне гэтай арганізацыі ў чэрвені, прыбывае на Ісык-Куль разам са сваім малодшым сынам Мікалаем.

Паводле нямецкага выданьня, прыклад адстойваньня ўласных інтарэсаў любымі сродкамі падае галоўным чынам Беларусь. Ніколі раней кіраўнік гэтай дзяржавы не дазваляў сабе беспардонных заўваг на адрас Расеі. Два разы ён адмовіўся ад сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам. Нядаўна Беларусь аднавіла транзыт расейскага дызэльнага паліва ў латвійскі порт Вэнтсьпілс. Некаторыя адмыслоўцы лічаць гэта тэхнічнымі праблемам, іншыя тлумачаць гэта спробай Менску сказаць сваё чарговае слова ў двухбаковым канфлікце.

Як піша Sueddeutsche Zeitung, “сатэліты сыходзяць з арбіты”
Нялішне згадаць, што ўсе мінулыя гады Ўладзімір Пуцін паўтараў адну і тую ж мантру пра дамінаваньне ЗША і неабходнасьць шматпалярнага сьвету. На момант абраньня прэзыдэнтам ЗША Барака Абамы Расея наблізілася да свайго жаданьня. Але адначасна яе заўсёдныя сябры скарысталі заклік Пуціна ў сваіх інтарэсах. Справа ў тым, што ў іх зьявіўся ўнікальны шанец хоць крыху паслабіць путы эканамічнага крызісу. Свае спадзяваньні яны ўскладаюць перадусім на Эўропу ды Кітай. Там ёсьць фінансавыя рэсурсы, патрэбныя такім дзяржавам, як Азэрбайджан ды Беларусь, дзеля таго каб вызваліцца ад эканамічнай залежнасьці ад Расеі.

Для СНД, якая фармальна ўсё яшчэ застаецца найбуйнейшым аб’яднаньнем на постсавецкай прасторы, гэта не абяцае нічога добрага. Інтарэсы чальцоў СНД ужо даўно разьмяркоўваюцца па драбнейшых клюбах — АДКБ, Шанхайскай групе, Саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі. Наконт апошняга клюбу сам Лукашэнка днямі адзначыў, што да стварэньня сапраўднага саюзу яшчэ далёка.

Як піша Sueddeutsche Zeitung, “сатэліты сыходзяць з арбіты”, “колішнія хаўрусьнікі высмоктваюць з Расеі саступкі, якія каштуюць нямала”. “Эканамічны крызіс, які сур’ёзна закрануў Расею, узмацняе цэнтрабежныя тэндэнцыі ў так званай Садружнасьці незалежных дзяржаў. Цяпер як ніколі раней Масква мусіць змагацца за ўплыў сярод сваіх гістарычных партнэраў, а таксама весьці няпростыя перамовы з кожнай з гэтых краін паасобку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG