Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Рыгор Барадулін, Сяргей Кавалёў, Юрась Пацюпа


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 11 ліпеня

ЛІТСЦЭНА

СЯРГЕЙ КАВАЛЁЎ: “МІНІСТАР КУЛЬТУРЫ ДЗЯКАВАЎ АРТЫСТАМ ОПЭРЫ ЗА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ”


7 ліпеня ў Нацыянальным тэатры опэры і балету адбылася прэм’ера опэры “Чужое багацьце нікому ня служыць”, якая чакала вялікай сцэны больш за дзьвесьце дваццаць гадоў. Яе аўтар – кампазытар Ян Голанд, які быў капэльмайстрам у радзівілаўскім тэатры ў Нясьвіжы. Упершыню опэра была пастаўленая ў 1785 годзе і лічылася страчанай. Але колькі гадоў таму фрагмэнты партытуры знайшла музыказнаўца Вольга Дадзіёмава. Іх рэканструяваў мастацкі кіраўнік ансамблю “Клясык-авангард” Уладзімер Байдаў. А тэкст лібрэта нанава напісаў драматург Сяргей Кавалёў. Зь ім сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Сяргей, імя кампазытара вернутай празь дзьвесьце з гакам гадоў з небыцьця опэры “Чужое багацьце нікому ня служыць” вядомае. Гэта народжаны ў Нямеччыне Ян Голанд, які ў 1782 годзе прыехаў на працу ў Нясьвіж і напісаў там амаль усе свае вядомыя творы. А апошнія 25 гадоў жыцьця быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. А што вядома пра аўтара лібрэта гэтай опэры?”

Сяргей Кавалёў
Сяргей Кавалёў
: “Пра аўтара лібрэта нічога не вядома. Больш таго, невядома нават, хто ён. Для мяне найбольш верагодным аўтарам гэтага лібрэта зьяўляецца Мацей Радзівіл, той, які напісаў “Агатку, або Прыезд пана”.

Аксак: “І тое лібрэта не захавалася?”

Кавалёў: “Захаваліся вершы. І яны былі для мяне як кубік Рубіка – трэба было паўстаўляць іх у агульны сцэнар і акрэсьліць сюжэт опэры”.

Аксак: “Вы – аўтар больш дзясятка п’есаў, якія з посьпехам ідуць на сцэнах беларускіх драматычных тэатраў. Але п’еса – гэта самастойны твор драматурга. Лібрэта ж для опэры – гэта заўсёды суаўтарства з кампазытарам. Як вам творча пачувалася ў кампаніі зь Янам Голандам, хай сабе ўжо і без фізычнай ягонай прысутнасьці?

Кавалёў: “Для мяне гэта быў цікавы досьвед, і я з задавальненьнем уключыўся ў гэтую працу, якая пачалася яшчэ пяць гадоў таму”.

Аксак: “Дзея опэры адбываецца ў Нясьвіжы за часы жыцьця там Яна Голанда. Адзін з галоўных герояў – актор тэатру, іншыя – незаможная шляхта. Уразіла мова, якой вы іх надзялілі. Яна ўсе перасыпаная народным гумарам, досьціпамі, трапнымі выслоўямі, якія рэдка сустрэнеш сёньня ў жывой гутарковай мове. І слухаючы яе з вуснаў пэрсанажаў опэры, часам узьнікала думка, што ня толькі музыка Голанда праз два стагодзьдзі рэканструявана сучаснымі творцамі, але і вы аднекуль выцягнулі тагачаснае лексычнае багацьце. Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам, дзе ўзялі гэтыя моўныя скарбы”.

Кавалёў: “Я з задавальненьнем падзялюся, бо тут трэба адзначыць заслугу Зьмітра Санько. Я імкнуўся стылізаваць мову да таго часу, але ён унёс у гэта вялікі ўклад. Менавіта прымаўкі і прыказкі, якімі гавораць героі, ён і прапанаваў, надаўшы моўны калярыт п’есе. І таму яго трэба лічыць суаўтарам лірэта”.

Аксак: “Праблема сучасных беларускіх актораў – маўленьне па-беларуску. Слухаючы іх са сцэны, адразу адчуваеш, на якой мове ідуць рэпэтыцыі ў тэатры. Занятыя ж на прэм’ерным спэктаклі маладыя акторы беларускай опэры сьпявалі і прамаўлялі ў дыялёгах з абсалютнай натуральнасьцю. Скажыце, вы як чалавек, які шмат часу прабавіў унутры творчага працэсу ў тэатры, ці адчулі, што ў нас сапраўды зьявілася нарэшце нацыянальная опэра ня толькі па месцы яе напісаньня?”

Кавалёў: “Можа быць, гэта вынікае з таго, што опэрныя артысты лепей запамінаюць тэкст, бо яны – больш музычныя людзі. Сярод занятых у спэктаклі, дарэчы, нават ня ўсе – беларусы. Але яны, сьпяваючы па-італьянску, французку, расейску, нямецку, добра запамінаюць тое, што сьпяваюць. Таму і па-беларуску ў іх ня ўзьнікла праблемаў. І ў іх было цудоўнае маўленьне, якому трэба павучыцца многім нашым драматычным акторам. Калі пасьля спэктаклю адбылася сустрэча за кулісамі зь міністрам культуры спадаром Латушкам, то ён зрабіў акторам камплімэнт і падзякаваў ім за добрую беларускую мову. У опэрным тэатры вельмі рэдка, на жаль, зьяўляюцца пастаноўкі па-беларуску. Пасьля прэм’еры прыгадвалі, што 10 гадоў таму быў “Фаўст” па-беларуску, а 20 гадоў таму – “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Такая “рэдкасьць” пазбаўляе артыстаў практыкі. Таму тое, як яны сьпявалі ў прэм’еры новага спэктаклю”, вартае ўсялякай пахвалы”.

Аксак: “Будзем спадзявацца, што гэты спэктакль увойдзе ў залаты скарб нацыянальнай культуры”.

Кавалёў: “ Думаю, так, калі, канечне, гэты спэктакль ня здымуць з рэпэртуару. А апасеньні такія ёсьць, бо некаторыя крытыкі назвалі яго зусім ня опэрай, а нечым іншым, што ня ўпісваецца ў опэрную канцэпцыю. Маўляў, гэта не “Аіда” і не “Травіята”. Але я спадзяюся, што пасьля посьпеху на прэм’еры нават нядобразычліўцам будзе вельмі цяжка яе сьпісаць з рэпэртуару, сказаўшы, што гэта нам не патрэбна і не цікава гледачам”.

АЎТАР І ТВОР

РЫГОР БАРАДУЛІН: “БЫКАЎ – ЯК БІБЛІЯ, ЯГО НЕЛЬГА НАЧЫТАЦЦА”


У апошнія гады Рыгор Барадулін рэдка бярэ ўдзел у літаратурных выступах – стала падводзіць здароўе. Тым большая цікавасьць прыхільнікаў паэзіі была да ягонай аўтарскай вечарыны ў Цэнтры народных рамёстваў у Полацку, дзе разам з народным паэтам пабываў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Дзядзька Рыгор, калі мы з вамі хадзілі сёньня па Полацку, было відно, што вы любіце гэты горад. Што значыць Полацак у вашым жыцьці?”

Рыгор Барадулін: “Полацк значыць у маім жыцьці дужа многа. У нас у Вушачах увогуле паняцьце “горад” азначала – “Полацк”, “паехаць у горад” значыла – “паехаць у Полацак”. Такая бытавая сцэна: пасьля вайны было многа патронаў, я загнаў патрон у калоду, а цьвік наставіў на капсуль і стукнуў абухом. Патрон разарваўся, асколак трапіў мне ў нос і засеў там. Я доўга не прызнаваўся пра гэта маме і хадзіў з асколкам у носе, пакуль ён не пачаў там іржавець… Калі стала моцна балець, мяне павезьлі ў Полацк і зрабілі першую ў маім жыцьці апэрацыю. З таго часу ў мяне нос пагарбеў, і я стаў трошкі арлінаносы”.

Скобла: “Дык гэта дзякуючы Полацку вы сталі арлінаносым?”

Барадулін: “Канешне. З Полацку мне ў маленстве прывозілі гасьцінцы. Полацак – гэта цэнтар крывіцкай зямлі. А я сябе лічу закончаным крывічом. Для мяне велізарнае сьвята – быць у Полацку”.

Скобла: “У Полацку ёсьць унікальны ўніяцкі храм – драўляны, перавезены ажно з Украіны. Храм быў пусты, але вы доўга ў ім затрымаліся. Якія пачуцьці выклікала ў вас гэтая сьвятыня?”

Барадулін: “Гэта вельмі ўтульны, проста па-хатняму, намолены дом Божы. Там душа раскрываецца, у тым храме нельга ні хлусіць, ні зайздросьціць – проста нейкае яднаньне з Усявышнім. Чаму яго ажно з Украіны везьлі, зь нейкага музэю… На жаль, у нашай краіне зроблена так, што ўніяты ў загоне, і самі – як музэйныя экспанаты. Справа ў тым, што ў нас, ва ўсходняй частцы Беларусі восемдзесят адсоткаў насельніцтва былі ўніятамі. Я з падобнай сям’і – мае бабуля і прабабуля былі ўніяткамі”.

Скобла: “Беларусь вярнулася да савецкага сьцягу, савецкага гімну, савецкія калгасы – у нас пераважная форма гаспадараньня на зямлі. А ці вернецца ў нашым грамадзтве цікавасьць да савецкай літаратуры?”

Барадулін: “Савецкая літаратура ўжо ня вернецца. Але савецкімі будуць яшчэ два-тры пакаленьні. Таму што семдзесят гадоў гэтую ідэалёгію ўбівалі нам у галовы гебельсаўскімі мэтадамі, і гэта так проста не закрэсьліш. Нават моладзь, якая ня лічыць сябе савецкай, генэтычна яшчэ будзе савецкай два-тры, а то і чатыры пакаленьні – гэты ген дужа жывучы. А што датычыцца літаратуры … Можа, толькі старыя будуць да яе вяртацца. Яна ўсё ж слабая. Цяпер сьвет запаланіла нават не літаратура, а антылітаратура. Крымінальнае чытво. Сёньня ніхто не чытае паэзію. Пануе прагматызм.”

Скобла: “Як жа ніхто не чытае паэзію? Вось ваша кніга “Ксты” выйшла ўжо трэцім выданьнем”.

Барадулін: “Проста, пакуль засталося пакаленьне, якое любіць вершы. А моладзь абсалютна абыякавая. Не, масавая цікавасьць да паэзіі не абудзіцца – гэта не антычнасьць”.

Скобла: “Вы заўсёды стараліся перакладаць прадстаўнікоў пакрыўджаных народаў. Вось і нядаўна выйшаў зборнік Хізры Насрулаева – у вашым перакладзе з каратынскай мовы. Што гэта за паэт і дзе жыве такі народ – каратынцы?”

Барадулін: “Хізры – вельмі цікавы чалавек, ён скульптар, мастак, ён і музыку піша. Мова каратынская вельмі старажытная. Каратынцы – з сям’і дагестанскіх народаў, іх вельмі мала, усяго тысячы тры-чатыры, але яны вельмі паважаюць сваю мову. Я быў у Хізры ў гасьцях перад выхадам кніжкі. Тады да яго таксама прыяжджаў намесьнік старшыні Вярхоўнай Рады Дагестану. І сын майго сябра-скульптара чытаў пераклады па-беларуску – у яго вымаўленьне лепшае, чым у нашых дыктараў на БТ, якія гавораць так, як быццам яны з Расеі. А васьмігадовы хлопец так прачытаў бацькавы вершы на чысьцюткай беларускай мове, што я проста расчуліўся. А хлопец ведае і сваю. Прачытаў ён спачатку ў арыгінале, а потым у перакладзе. Вось так трэба любіць сваё! Каратынцы трымаюцца за сваю культуру, мову. Нам бы павучыцца! А там на Каўказе – што ні аул, то свая мова”.

Скобла: “Нядаўна, працуючы ў архіве Ларысы Геніюш у Акадэмічнай бібліятэцы, я знайшоў вашыя лісты і паштоўкі да яе. Калісьці Янка Брыль казаў, што Геніюш ня так паэтка, як пакутніца. А кім ёсьць Геніюш для вас?”

Барадулін: “Ларыса Геніюш – адначасова і пакутніца, і асьветніца. Яна для мяне – як Эўфрасіньня Полацкая, толькі ў другім часе. І, бясспрэчна, паэтка, якой у беларускай літаратуры няма роўні. Я памятаю, як яна прыяжджала ў Менск, начавала ў нас і напісала верш, дзе рэфрэнам гучалі радкі: “Ня пі, Рыгор, ня пі, сынок!” І я ўжо ня п’ю 35 гадоў – столькі не жывуць. І гэта ў вялікай ступені дзякуючы Ларысе Геніюш. Гэта такая бытавая дэталь. А наогул, Ларыса Геніюш для мяне – сьвятая пакутніца. Трэба ўшанаваць яе памяць, прывесьці ў парадак дом у Зэльве, дзе яна жыла, зрабіць там музэй, надаць вуліцы імя Ларысы Геніюш, выдаць збор твораў, у тым ліку і лісты сабраць, у яе ж столькі напісана! Яна ж ліставалася з усім сьветам! Такіх, як Ларыса Геніюш, у нас больш няма. Памятаю, я некалі надпісаў ёй адну са сваіх кніг: “Адну благую маю рысу – шаную Геніюш Ларысу.” Я і цяпер магу сказаць, што я яе вельмі шаную і нізка кланяюся яе памяці. Думаю, што памяць пра яе будзе жыць да лепшых часоў, і ёй будзе аддадзена тое, што ёй належыць, таму што сьвятая справа не забываецца, колькі б яе ні стараліся закапаць у зямлю – сьвятая справа ўваскрасае”.

Скобла: “Вы сябравалі з многімі выдатнымі людзьмі. Назавіце тры асобы, якіх ужо няма на гэтым сьвеце, але з кім вы хацелі б спаткацца і пагаварыць пра нешта істотнае”.

Барадулін: “Найперш – з Уладзімерам Караткевічам. У маладыя гады нам было не да роздуму – былі і чарка, і скварка ў нашым жыцьці. Караткевіч узвышаўся над намі ўсімі. Я помню першую нараду маладых у Каралішчавічах. Нам тлумачылі, што такое рыфма, а тлумачальнікі былі такія, што іх саміх трэба было вучыць... А Караткевіч прыехаў са значком Кіеўскага ўнівэрсытэту на грудзях. Ён на нас глядзеў ня грэбліва, але, як я цяпер успамінаю, ён нагадваў прафэсара ў дзіцячым садзе. Пагаварыў бы я таксама з Міхасём Стральцовым. Гэта быў тонкі лірык, філёзаф, я памятаю яго задуменныя вочы. Хацелася б пагаварыць зь ім пра жыцьцё, пра літаратуру глыбей – пры жыцьці таксама не знайшлося часу. І, вядома ж, з Васілём Быкавым хацеў бы яшчэ раз сустрэцца, хоць я ўсё жыцьцё стараўся нешта ў яго пытацца, гаварыць зь ім. Але Быкаў – гэта такая асоба, ён такі зьмястоўны, што яго можна параўнаць зь Бібліяй – яе ніколі нельга начытацца”.

РЫГОР БАРАДУЛІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *


Стаіўся сьмех, стаміўся крок,
За пазуху гаркота лезе.
Я ўжо – як высачаны змрок
У высечаным лесе…


* * *

Вогнішчу засохлай ігрушыны зябка.
Сукаватыя языкі
Цягнуцца ў цёплае неба –
Пагрэцца.


* * *


Прыгадваючы пражытае і пачутае.
Душа глядзіць, як цела пакутуе,
І цешыцца, і не спачувае…
Маўчыць на магільніку, як на хутары,
Крыўда жывая.


* * *

Птах вёслакрылы ў прасьцяг імкнецца.
Заспаная вышыня яго вабіць,
Усхваляваная глыбіня
Хоча закружыць яму галаву вірамі,
Адно спакойна дно чакае – яно
Сваю патаемную непазьбежнасьць ведае.


* * *

Хай будзе ўсё, як будзе,
Рака цячэ ў вякі,
Хай вейкі асакі
Дрыжаць у перапудзе,
Хай людзіцца бязьлюдзьдзе,
І ў раніцы з рукі
Расу п’юць жаўрукі.
Хай будзе ўсё, як будзе.


* * *

Конь – спакойны, як стол,
Верабей – як габрэй нахохлены.
Брукаванцы баляць мазалі ад падковаў і колаў.
Хмялеюць кухлі у мураванцы,
Не сьпяшаецца заходзіць сонца,
У небасхілу зацякла сьпіна,
Прысьніла саму сябе рэчка ўвечары…
Мястэчка маё малечае
Сьніцца мне ўсё часьцей.


* * *

Сухарукі сад,
Пасівелы пэнсіянэр-дзьмухавец,
Няўпэўнены плот,
Ветравухі дах,
Бесцырымонны палын –
Забірае ўсё да сябе
Зайздросьлівавокі ўспамін.


* * *

Услухаюся ў нябесную цішыню,
А раптам пачую, як Усявышні ступае.
Толькі крокі Ягоныя – як дыханьне…

КРЫТЫКА

КОД НА ПЛАКСА

Дзьмітры Плакс. Трыццаць тэкстаў. – Мн., Медысонт, 2009. – 66 стар.

Юрась Пацюпа
Па матчынай лініі ці, як даўней казалі, па кудзелі, мастацтва паэзіі заўжды было цесна зьнітавана з музыкай, зь песьняй, а па мужчынскай лініі, па мячу, – з малярствам, графікай. Калі хто думае, быццам абрысы вершу нічога ня значыць, хай паспрабуе запісаць паэзію прозай і тады – пачытаць, паказаць аўтару... Калі б канфігурацыя нічога ня значыла – паэты б не ўкладалі сваіх твораў “елачкай”, “лесьвічкай”, “варонкаю”. Можа, толькі народныя песьні “не задумваюцца” пра сваё графічнае існаваньне, ды гэта ўжо, як той казаў, іншая песьня.

Але здараецца, што графіка пачынае ў тэксьце дамінаваць. Тады і ўзьнікае візуальная паэзія або – яе скрайняя праява – канкрэтная паэзія. І міжволі задумваесься: ці літаратура гэта? І міжволі ўспамінаеш гістарычнага пісьменьніка, пра якога гісторыкі казалі: можа, ён і раманіст, але не гісторык, а пісьменьнікі: можа, ён і гісторык, але не раманіст. А яшчэ – барда, ад сьпеваў якога крывіліся музыкі і ад тэкстаў якога пляваліся паэты. Думаю, тэкст візуальнай паэзіі, як мінімум, мусіць замыкаць у сабе адзін эстэтычны аб’ект: ці малярскі, ці літаратурны, і, згодна з апошнім, ацэньвацца. На жаль, як заўважыў яшчэ дваццаць гадоў таму Я. Штэйнер “мноства авангардных фенек нагадваюць у меру дасьціпныя куншцюкі ці часопісныя карыкатуры”, для якіх характэрная “скрайняя рэдукцыя сэмантычнага роўню тэксту”. (Индекс: альманах. – Москва, 1990. С. 298, 318.)

І вось перада мной халодны, як ледзяны калейдаскоп, квадратна-стрыманы, як архітэктон Казімера Малевіча, зборнік Дзьмітрыя Плакса “Трыццаць тэкстаў” – мабыць, першая кніга канкрэтнай (“жалезабэтоннай”) паэзіі па-беларуску. І заўважма, ня вершаў, не абразкоў, а менавіта тэкстаў! Плакс літасьцівы да свайго чытача: зьлева, на цотных, “эзатэрычных” бачынах ён разьмяшчае некамунікацыйныя, неінтэлігібельныя графічныя камбінацыі тэкстаў, а справа, на “экзатэрычных” старонках – іх лінейны, ясны, як Божы дзень, запіс-паўтор. Калі б я быў крытыкам-авангардыстам, я б за такую памяркоўнасьць зьвінаваціў Плакса ў канфармізме. Ну праўда, калі паэт X. (ня Плакс, само сабою!) назваў сябе транс-зоа-пэда-герантафілам, дык хай ня кажа: “Не пужайцеся, дзеткі, я дзядзька добры!” А калі паэт Y. дакляруе забіць Сакрата (таксама ня Плакс, і не Яновіча Сакрата), то хай забівае не “ў сабе”. А цыкутаю! І няхай сядзе ў турму, як за прэзыдэнта сядзелі. А не – пішы пра матылькоў!.. І ўсё адно, не забывайся запаветы Бахціна пра ўчынак і адказнасьць – месца, дзе стыкаюцца этыка й эстэтыка! Але... балазе, я не авангардыст і таму дзякую Плаксу за яго эстэтычны канфармізм.

“Разгладжаныя”, “раскручаныя” лінейныя тэксты-сьпіралі, насамрэч не такія шчыра-ясныя, як выглядаюць. Чытаючы іх, я ўспамінаю, як марыў у студэнцкія гады ўкараніць і разьвіць у літаратуры жанр народнай замовы. Гэтую цьмяную, загадкавую, сынкрэтычную проза-паэзію... Як старанна спасьцігаў Алеся Разанава і Улдзіса Бэрзіньша. Як сам стараўся пісаць-мармытаць на птушынай мове пра “вокны касьцёлу”. Цяпер жа я маю нагоду пацешыцца ажыўленьнем паэтыкі замовы ў сучаснай літаратуры. Нечытэльнасьць, недаступнасьць падобных тэкстаў мусіць кампэнсавацца іх сугестыўнасьцю, урочлівасьцю, спантанным падпарадкаваньнем волі чытача. І шмат дзе ў Плакса адчуваецца жаданая ўрочлівасьць: Гэта краіна поўначы бяз сну / гэта чужына бясконца бяз сонца / дождж зь ператрушчанай хмарамі падушкі / пер’е сьнягоў...; або: Крыж / круг / зрок / зырк / стог / змрок / зямля / млее парай...; або вось: Не кахаў жанчыну / не любіў мужчыну / не хацеў дзяўчыну / адарваў шыпшыну...; або яшчэ: Як нежылы пакой / жывы спакой / сьпяшаюся сьпярша / пакінуць сьлед / а пыл астыў за мной / глядзіць душа... Я сьведама падзяліў на рытмічныя адцінкі суцэльны Плаксаў тэкст, каб паказаць, што ў ісьце ён замыкае ў сабе рэфлексы звычайных традыцыйных вершаў і менавіта ад іх пачынае свой радавод. Выходзіць, што ад традыцыі, як і ад сябе, нікуды не ўцячэш!

На жаль, чары, сугестыя вытрымліваецца да канца толькі ў апошнім з цытаваных тэкстаў. Бальшыні ж Плаксавых кампазыцыяў уласьцівыя какафанічныя канцоўкі. Дэструкцыя рытму, хаос сэнсу пачынаюцца ці на сярэдзіне тэксту, ці адразу пасьля першага-другога радка. І я гадаю: гэта так было задумана, ці проста, аўтар ня здолеў утрымацца на адзіным інтуіцыйным парыве-натхненьні, кампэнсаваўшы яго штучным канструктам. Нечым гэта нагадвае паэтыку раньняга Сарокіна, калі напеўна-банальная стылізацыя груба ламаецца і абяртаецца глыбокай фрустрацыяй, жахлівым расчараваньнем. Гэта й ёсьць аналяг катарсісу, эрзац парадоксу, досьціпу, без якога не бывае ані вершу, ані навэлы. Але, у такім разе, расчараваньне ў чароўнай проза-паэзіі занадта памяркоўнанае, не дастаткова глыбокае. Ці солі замала? Ці цукру? Ці перцу?.. Гэта ўжо аўтару думаць-гадаць. А я магу толькі зацеміць спосабы, якімі ён карыстаецца.

Плаксавы постзамовы, ці нэазамовы моцна нашпігаваныя рознага кшталту сугуччамі, што ў барока называюць “альхіміяй слова”, а ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя называлі лінгваплястыкай і полісэмантыкай. Дарэчы, менавіта ў дэструкцыйных мясьцінах кідаюцца ў вочы такія канструкты. Найчасьцейшы Плаксаў прыём – рознага кшталту алітэрацыі: гартаньню перагарнулі старонку (с. 5), пешчаныя пясочныя (с. 5), клопат блакіт (с. 7), прамень прамяняй (с. 45), што неўпрыкмет пераходзяць у аказіянальныя нутраныя рымы: лямпы плямы (с. 5), крыві кліч крывы (с. 37), часам нават банальныя, як бясконца бяз сонца (с. 5). Але дзе-нідзе гульня словам пераходзіць у больш складаную лінгваплястыку: про зьвішча вецер (с. 9), сукЕНКа (с. 23), сэн сам (с. 29), пра сто ры (с. 29) і г. д.

Дэканструкцыя гукавога раду на мікрароўні задае мноства алюзійных сэнсаў, якія шчыльна пераплятаюцца, але не ствараюць гармоніі. Нагадаю, традыцыйны паэтычны тэкст – гэта ня толькі сугуччы, а перадусім гармонія сугуччаў. У Плакса – усё наадварот, і гэтым ён розьніцца ад традыцыйных паэтаў. Аднак... вось у чым асаблівасьць постсучасных тэкстаў (калі б я быў крытыкам-традыцыяналістым, я б сказаў, іх бяда, няшчасьце): гэтыя тэксты, пры ўсёй сваёй шчыльнасьці пісьма, не ствараюць пазатэкставай рэальнасьці, цэльнага вобразу, як казалі ў старыя добрыя часы. Адсюль – і вінавачаньні з боку “народу” ў незразумеласьці. Толькі ня ў тым праблема. Проста, тэкст застаецца тэкстам. Фанэтычная інтрыга не падмацоўваецца інтрыгаю каханьня, трагедыяй лёсу. Над чыстай лінгваплястыкай не абліваюцца сьлязьмі. Зрэшты, паасобныя радкі выглядаюць досыць сьвежа й маляўніча: муха цяжка цягнецца жоўтым цагляным шляхам вузкім паміж рускім і ляхам заўжды са страхам; загарнуць... у паперу газеты прачытанай дажджом.

Нястача вобразнага пачатку ў значнай меры кампэнсуецца візуальнымі выявамі, якія ўтварае само цела тэксту. У Плакса кожны тэкст мае сваю выяву: адлюстраваньне (с. 4), вэртыкальнае размазваньне (с. 8), ападаньне літараў (с. 9), зьліпаньне-закрэсьліваньне літараў (с. 14, 22), зоркавая сымэтрыя тэксту (с. 16), гойданьне літараў на хвалях (с. 20), выбух літараў (с. 27, 35), калейдаскоп літараў (с. 38), паламаная лесьвіца (с. 40), згушчэньні (с. 42), асыпаньні літараў (с. 44), шыхт-дублетаў (с. 48), сьцісканьне слоў (с. 51), сьпіралевая галяктыка (с. 55), веер (с. 58) і, нарэшце, сьнегапад (с. 60). Даўней Сімяон Полацкі, іншыя паэты барока, цела тэксту ператваралі ў вобраз-алегорыю. У Плакса ягоныя візуальныя знакі толькі часткова матываваныя. Калі гэта вобразы, дык не алегорыі, а сымбалі. Тым цікавей іх спасьціганьне! Але... толькі не разгадваньне! Нікому ня раю разгадваць “Чорны квадрат”! Бо гэта не загадка. Гэта адкрыты аб’ект для інтэлектуальнае супрацы. Менавіта да сутворчасьці клічуць свайго чытача і Плаксавы тэксты.

Ведама, куды больш плённай была б сутворчасьць, калі б не было ў тэкстах паасобных маскалізмаў: прама, лужа, пенка (на малацэ), пакупка, кішкá, падобны на дрэва, адрываць позірк, барáны, перапонка, пагадзі, разараць, сятчатка. Лепш было б так: проста, лужына, плеўка (на малацэ), купля, кíшка, падобны да дрэва, адводзіць вочы, бараны, балонка, пачакай, раскідаць, сеткавіца. Плакс піша гарáмі, гор, а вось Купала б напісаў горамі, гораў і г. д. Не зусім цешаць вока расейскія жарганізмы лажа, нішцяк. Зрэшты, пра што гэта я!.. І на сонцы бываюць плямы...

Трыццаць Плаксавых тэкстаў (не сярэбранікаў, аднак, а залатнікоў!) прыемна трымаць у руках, прыемна разглядваць і... не заўжды прыемна чытаць. А гэта ўжо нямала для нашай гіпэртрадыцыйнай літаратуры! Ня кот наплакаў!

Юрась ПАЦЮПА
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG