Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі сустрэнуцца Сідорскі і Туск?


24 чэрвеня польскі прэм'ер Доналд Туск сустракаўся з намесьнікам беларускага прэм'ера Андрэем Кабяковым на двухбаковым Эканамічным форуме ў Варшаве.
24 чэрвеня польскі прэм'ер Доналд Туск сустракаўся з намесьнікам беларускага прэм'ера Андрэем Кабяковым на двухбаковым Эканамічным форуме ў Варшаве.

Сустрэча вышэйшых службовых асобаў Польшчы і Беларусі магчымая пакуль толькі на ўзроўні прэм’ераў. Над правядзеньнем перамоваў паміж Дональдам Тускам і Сяргеем Сідорскім цяпер працуюць адпаведныя ведамствы дзьвюх краінаў.

Пра гэта сёньня паведаміў амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Амбасадар Літвін кажа: сустрэчу кіраўнікоў урадаў трэба разглядаць праз прызму новага этапу польска-беларускіх дачыненьняў. Ён пачаўся ад 2007 году, калі ўзнавіўся “дастаткова інтэнсіўны палітычны дыялёг”:

Генрык Літвін
“Дастаткова шмат было сустрэч на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных спраў. Чатыры разы сустракаліся віцэ-прэм’еры — куратары эканомікі. І такія сустрэчы былі вельмі важнымі. На іх, зразумела, існаваў і палітычны фактар. З апошніх я нагадаю размову віцэ-прэм’ера Кабякова з нашым прэм’ерам Тускам. Усё гэта паказвае, што дыялёг разьвіваецца і вядзе да сустрэч на яшчэ вышэйшым узроўні. І падрыхтоўка такіх сустрэч вядзецца. Сёньня я яшчэ не магу сказаць, калі дакладна гэта адбудзецца. Але калі дыялёг будзе разьвівацца гэтаксама, як ён ідзе апошнім часам, то ён абавязкова давядзе да новых сустрэч. Цяпер можна казаць без сумневу пра ўзровень прэм’ер-міністраў. Але гэтую сустрэчу неабходна добра падрыхтаваць”.

Экспэрт у галіне беларуска-польскіх дачыненьняў Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што амбасадар нічога не сказаў пра магчымасьць асабістай сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краін:

Раман Якаўлеўскі
“Наколькі мне вядома, прэзыдэнт Качыньскі ня згодны зь некаторымі аспэктамі так званага эўрадыялёгу з афіцыйным Менскам. Тут ён займае больш жорсткую пазыцыю за міністра замежных спраў Сікорскага і прэм’ера Туска. А ўвогуле, галоўная перашкода для сустрэчы прэзыдэнтаў — стан спраў з Саюзам палякаў на Беларусі. Ён аніяк не задавальняе Варшаву і не дае Качыньскаму магчымасьці асабіста сустрэцца з Лукашэнкам.

Хацеў бы нагадаць, што Туска проста выгналі зь Беларусі падчас апошняй парлямэнцкай кампаніі. А ён прыяжджаў сюды менавіта ў справах Саюзу палякаў. Ці памятае пра гэта сёньня Туск? Думаю, што так. Але ж уплыў бізнэсу падштурхоўвае ўрад да пэўных дачыненьняў з афіцыйным Менскам. Падкрэсьліваю — урад, але ж не прэзыдэнтуру”.

Пра намеры Польшчы актыўней працаваць у Беларусі заяўлялася і на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Беларускія чыноўнікі будуць стажыравацца ў Польшчы. І гэтая вучоба пачнецца ў верасьні ці ў кастрычніку. Кіраўнік эканамічнага аддзелу амбасады Каспэр Ваньчык адзначае:

“Зараз распрацоўваецца супольны праект Польскай агенцыі інфармацыі і замежных інвэстыцыяў зь беларускім Дзржкаммаёмасьці. Будзе вывучацца польскі досьвед прыватызацыі і прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. Гэта будзе шэраг сэмінараў і заняткаў для супрацоўнікаў розных дзяржаўных структураў і прадпрыемстваў Беларусі, якія стануць удзельнічаць у прыватызацыі. Спадзяемся, што гэта будзе двухбаковы працэс, паколькі працэс прыватызацыі ў Беларусі будзе праходзіць у іншых варунках, чым у Польшчы. І гэтыя варункі трэба вывучаць, каб у будучым пазбавіцца ад праблемаў”.

Амбасадар паведаміў, што праграма “Ўсходняе партнэрства” — адна з самых важных ініцыятываў Польшчы апошніх гадоў. Але яе пасьпяховасьць найперш будзе залежаць ад актыўнасьці краін удзельніц праграмы, у тым ліку і Беларусі.

Польска-беларускія канфлікты найноўшага часу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG