Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як доўга можна жыць у крэдыт?


Стась Івашкевіч
Стась Івашкевіч

Эканамічныя нататкі мільянэра (будучага).

За мінулы месяц беларускія валютныя рэзэрвы зноў скараціліcя на адну пятую. Выглядае, што калі не атрымае Аляксандар Лукашэнка бліжэйшым часам якой пазыкі на іх папаўненьне – грымнецца беларускі рубель так, што расейскі 98-мы год казкай здасца. Добра, што хоць памер запазычанасьці ў Беларусі пакуль нязначны. Глянуў я заадно сёлетнія выдаткі па ўжо ўзятых пазыках і ахнуў. Нават калі падзеньне рэзэрваў і ўдасца спыніць, іх ня хопіць на тое, каб пакрыць і палову ад тэрміновых выплатаў... Як жа так атрымалася?

Пацалункавая ідылія.


Фінансавага крызісу ў Беларусі няма! Так кажа Аляксандар Лукашэнка і па вялікім рахунку пакуль меў рацыю. Крэдытнага каляпсу, калі ніхто ня можа заплаціць па рахунках, вярнуць пазыкі, калі валяцца банкі, а насельніцтва губляе свае ўклады – Беларусі дагэтуль удавалася пазьбягаць. Якім чынам? Тлумачыцца проста: дзяржава ў беларускай эканоміцы фактычна гуляе ў тэатр з адным акторам. Яна і бярэ пазыкі – ад імя дзяржпрадпрыемстваў, і дае – загадваючы банкам, каго крэдытаваць, і кантралюе – ад імя Нацбанку і судоў, і корміць – фінансуючы іх усіх празь дзяржбюджэт.

Гэтым тлумачыца як унутраная адносная эканамічная стабільнасьць (усе праблемы адміністратыўна вырашаюцца праз пераразьмеркаваньне сродкаў паміж дзяржаўнымі ведамствамі), так і слабая рэакцыя на фінансавыя патрасеньні ў сьвеце, бо міжнародных гульцоў у нас вельмі мала, і ўплыў іх мізэрны.
Дакрызісны сакрэт беларускага эканамічнага цуду агульнавядомы. Гэтая халява ўжо ў мінулым

За якія сродкі існаваў гэты аазыс? Дакрызісны сакрэт беларускага эканамічнага цуду агульнавядомы: за кошт экспарту, субсыдаванага Расеяй. На Захад мы дорага прадавалі нафтапрадукты (вырабляючы іх на таннай расейскай сыравіне). За набытыя прыбыткі субсыдавалі прамысловасьць, якая збывала сваю прадукцыю ў Расею.

Гэтая халява ўжо ў мінулым. Ільготны раней расейскі рынак ашчацініўся шэрагам гандлёвых войнаў. У сьвеце віруе фінансавы крызыс і абрынае цэны на нафтапрадукты. Рэгулярна памяншаецца нафта–газавая датацыя Масквы. Такім чынам, прыбыткаў рэзка паменела, і ў выніку з датацыямі пачаліся перабоі.

Ці доўга можна жыць у крэдыт?

Вельмі доўга! Сапраўды, за апошні год, каб падтрымліваць ранейшыя тэмпы эканамічнай актыўнасьці, "рынкаваму сацыялізму" прыйшлося падсесьці на крэдытны допінг. Але прадказаньні хуткага падзеньня рэжыму ў фінансавую прорву гучалі галаслоўна: са сваім надзвычай нізкім узроўнем запазычанасьці – атрыманым ад залатых часоў "нафты за пацалункі" – Менск мог бы жыць на крэдыты яшчэ год 10 перш, чым іх колькасьць дасягнула б трывожнага, паводле Эўрапейскіх мерак, парогу.
Зьнешняя запазычанасьць Беларусі хоць і маленькая, але подлая

Ня варта было б паўтараць гэтыя эканамічныя аксіёмы, калі б ня шокавыя справаздачы міжнародных рэйтынгавых і аналітычных агенцтваў, якія перагукваюцца зь нядаўнімі выкрыкамі "зьнюхаўшагася з нашымі адмарозкамі" Кудрына аб пагрозе дэфолту ўжо сёлета. Дык у чым жа справа? А ў тым, што зьнешняя запазычанасьць Беларусі хоць і маленькая, але подлая. Заганнасьць менавіта яе структуры ставіць беларускую эканоміку на мяжу выжываньня.

Дзяржпазыкі

Урадавыя пазыкі, якія Лукашэнка з грукатам і скандалам выбівае то ў Расеі, то на Захадзе, яшчэ ў мінулым гозде не складалі і 15% ад агульнай крэдытнай масы,
прычым гэта самая добраякасная яе частка. Даюцца яны надоўга, а працэнтныя стаўкі самыя спрыяльныя. Іх беларуская эканоміка можа пераварыць і ў 10 разоў болей.

Сапраўдная пагроза сыходзіць ад безьлічы запазычанасьцяў дробных эканамічных гульцоў, у першую чаргу фірмаў, але таксама і банкаў. Небясьпека гэтых пазыкаў у тым, што браліся яны на кароткі тэрмін і пад неабсяжны працэнт, у разьліку на кампэнсацыю з бюджэту. А ў гэтым годзе раптам апынулася, што ў бюджэта грошай няма – антыкрызісная праграма прадугледжвае нулявое сальда, за кошт радыкальнага скарачэньня выдаткаў.
Больш за палову таго, што Беларусь вінная за мяжой – гэта аплата ў растэрміноўку імпартаваных тавараў

Сьмяротны кактэйль

Больш за палову таго, што Беларусь вінная за мяжой – гэта аплата ў растэрміноўку імпартаваных тавараў.
Ведаючы за беларускімі прадпрыемствамі магутную бюджэтную падтрымку, замежныя партнэры даўно развучыліся патрабаваць за свае тавары наяўнасьць. "Пазьней заплаціце?" – пытаюцца яны. – "Не праблема! Празь месяц? Тры?" Як бы ні было – але ніяк не праз 3 гады, і не праз 15, як з заходняй ці расейскай дзяржпазыкамі.

Сёньняшні крызыс заключаецца ў тым, што набыўшы імпартаваныя кампанэнты ці абсталяваньне, свой канчатковы прадукт (сельгастэхніку, сухое малако, мяса...) беларускія прадпрыемствы ўжо збыць ня могуць – у найлепшым выпадку таксама ў крэдыт.

Яшчэ ў 2007–ым годзе, пры адносна нізкай зьнешняй запазычанасьці – менш за траціну ад Валавага ўнутранага прадукту (ВУП), абслугоўваньне яе (гадавыя выплаты) каштавала нашай краіне каля 10% ад ВУП. Прыкладна столькі ж плаціла за абслугоўваньне сваёй зьнешняй пазыкі Латвія, у якой запазычанасьць, аднак, перавышала ВУП у паўтара разы!

Дэфолт?

Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, напрыканцы году ўсіх беларускіх залатавалютных рэзэрваў хопіць, каб пакрыць траціну адной толькі кароткатэрміновай запазычанасьці.
Яна на сёньняшні дзень перавышае 8 мільярдаў даляраў. Столькі ж Беларусь вінная і па даўгатэрміновых рахунках. Рэзэрвы – крыху болей за тры. Тэрміновыя выплаты па запазычанасьці за сёлетні год маюць скласьці каля пяці з паловай мільярдаў даляраў. Залатавалютных рэзэрваў на іх урад марнаваць ня можа, яны і так знаходзяцца на крытычным мінімуме.
Кепскія навіны яшчэ толькі наперадзе: на лязе мяча балянсуе беларускі банкаўскі сэктар

Менавіта пра гэта казаў беларускі міністар фінансаў Андрэй Харкавец, гаворачы, што "памеры дзяржаўнай запазычанасьці абсалютна не пагражаюць эканамічнай бясьпецы краіны" і дадаючы мімаходзь, што "існуюць толькі некаторыя пытаньні зь яго сіюхвілінным рэфінансаваньнем".

Пошук паратунку: з агня ў полымя

Замежныя партнэры і самі церпяць ад фінансавага крызісу, таму рэструктурызаваць пазыкі за мяжой (узяць новы крэдыт для пагашэньня цякучага) прадпрыемствы на прымальных умовах ня могуць.

У адчайных спробах адцягнуць абвяшчэньне неплатаздольнасьці прадпрыемствы зьвярнуліся да айчынных банкаў. І тут выявілася, што кепскія навіны яшчэ толькі наперадзе. На лязе мяча балянсуе беларускі банкаўскі сэктар. Больш–менш істотнага адтоку прыватных банкаўскіх укладаньняў хопіць для таго, каб абрынуць фінансавы рынак краіны і ўцягнуць яе ў вір эканамічнага абвалу і гіпэрінфляцыі.

Што ж будзе далей?


Пра сымптомы і прычыны банкаўскага крызісу ў Беларусі, прычыны і вынікі гандлёвых войнаў, а таксама пра экстраныя меры ўраду ў справе трансфармацыі рынкавага сацыялізму паводле мадэлі, распрацаванай заходнімі эканамістамі–лібэраламі, чытайце ў наступных "нататках мільянэра".


************
Стась Івашкевіч вывучае курс бізнэс-мэнэджмэнту ў University of New York in Prague. Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG